Понедельник, 17 января 2022

COVID-19: з першых вуснаў. Паэтэса Ніна Дыдышка падзялілася сваёй гісторыяй лячэння ад віруса

669

Жыхары раёна, якія перанеслі хваробу ў цяжкай форме, працягваюць дзяліцца з чытачамі “раёнкі” сваімі ўражаннямі.

Праз два месяцы пасля хваробы я ўжо магу крыху расказаць пра яе. Лічыце гэта поглядам з боку, паколькі многае застанецца за кадрам. І гэтае многае завецца… сапраўднае пекла. Кавід — не проста выпрабаванне для людзей. Гэта праверка на трываласць і нашага здароўя, і чалавечнасці, і жадання жыць. У мяне гэтае жаданне было заўсёды. Часта даводзілася літаральна «за нітачку» ўтрымліваць сваё жыццё. Але нават будучы барацьбітом па натуры, я ўсё роўна баялася падхапіць каранавірусную інфекцыю. Засцерагалася як магла, аднак не ўбераглася…

Спачатку разбалеліся суставы, да скуры было не дакрануцца, паступова пачала паднімацца тэмпература… Мяне паклалі ў інфекцыйнае аддзяленне Пружанскай ЦРБ, а потым на машыне «хуткай дапамогі» разам з іншымі хворымі адправілі ў Брэст. Падчас паездкі я ляжала, бо адчувала сябе вельмі дрэнна. Па дарозе, як пазней патлумачылі, праз інгалятар падавалі ўзмоцненую порцыю кіслароду.

Месяц у інфекцыйным аддзяленні Брэсцкай абласной бальніцы мяне даглядалі, як роднага чалавека… І ўважліва адносіліся не толькі да мяне, але і да ўсіх хворых. Нас тут было даволі шмат. Аднак гэта не перашкаджала медперсаналу працаваць дакладна, як гадзіннік. Лячэнне пацыентаў адбывалася на вышэйшым узроўні. Мы знаходзіліся на поўным дзяржаўным забеспячэнні, перабояў нават з дарагімі лекамі не адчувалася ні разу. За што вялікі дзякуй адміністрацыі бальніцы!

Доўгі час давялося ляжаць на жываце, што з маім хворым сэрцам было вельмі няёмка і цяжка… Але жыць хацелася. Каб не ўпасці ў роспач, у галаве прагаворвала ўсе свае вершы (здзіўляюся, як памяць іх надзейна захоўвае), напявала песні, якія некалі для нас з сёстрамі спявала мама, нават паўтарала табліцу множання. Шчыра кажучы, старалася трымаць свой розум у напружанні. І, вядома, думала пра родных, якія засталіся ў Пружанах і ўвесь час пра мяне хваляваліся. Іх падтрымка адчувалася на адлегласці і, здаецца, усяляла ў мяне сілы…

Я ўважліва слухала і выконвала ўсе рэкамендацыі ўрачоў, якім бязмерна ўдзячная, як і мядсёстрам, і санітаркам, што працавалі ў аўральным рэжыме. Мы, пацыенты, ні хвіліну не заставаліся без нагляду медперсанала.

Калі я пайшла на папраўку, урачы пачалі паступова «адвучваць» мяне ад кіслароду. Пры выпісцы доктар падрабязна пракансультавала і паказала, як рабіць дыхальную гімнастыку, растлумачыўшы, што клеткі лёгкіх аднаўляюцца. Таксама параіла піць вітаміны С і D, есці больш садавіны і агародніны. А напрыканцы пажадала, што вельмі кранальна, шчаслівай дарогі…

Самае страшнае засталося ў мінулым, калі не лічыць таго, што дыхаць на поўныя грудзі яшчэ не атрымліваецца. Падаецца, што паветра не хапае нават на вуліцы, падчас прагулкі па парку.

Сёння, аглядаючыся на перажытае, хочацца сказаць вялікі дзякуй і нашым пружанскім урачам, якія аказалі мне кваліфікаваную дапамогу і своечасова пачалі лячэнне.

Асаблівая падзяка галоўнаму ўрачу бальніцы Андрэю Іванавічу Пачынчыку за прафесійную арганізацыю работы ўсіх медыцынскіх службаў. Пакуль сам не сутыкнешся з кавідам, нават уявіць не можаш, як ім там працуецца, у «чырвонай» зоне. Усіх, да апошняга пацыента, прымаюць, уважліва выслухоўваюць і прызначаюць неабходнае абследаванне.

Цяжка даводзіцца і персаналу інфекцыйнага аддзялення Пружанскай ЦРБ. Але ўсе медработнікі там імкнуліся нам дапамагчы.
Дзякуй і супрацоўнікам «хуткай дапамогі», якія нас адвозілі і прывозілі: практычна на руках у машыну ўнеслі, сумку падалі, усю дарогу супакойвалі, распытвалі пра самаадчуванне.

І, вядома, дзякуй Богу, за тое, што пакінуў мяне яшчэ пажыць на гэтай зямлі, значыць не ўсё паспела зрабіць.

Людзі, беражыце сябе і адзін аднаго…

Ніна Васільеўна Дыдышка, пенсіянерка.

Фота з асабістага архіву Н. Дыдышка.