Понедельник, 17 января 2022

Цімафей, Валерыя, Саіт і нават Пелагея! У ЗАГСе расказалі, як пружанцы называюць дзетак, а яшчэ агучылі статыстыку па шлюбах і нараджэннях

885

— Цікавіць такое пытанне: «раёнка» штотыднёва друкуе віншаванні са шлюбамі і нараджэннямі дзетак. А ці можна даведацца пра агульную статыстыку: колькі наогул адбываецца гэтых значных падзей у раёне?

З павагай, Таццяна Іванаўна.

Пытанне чытачкі мы пераадрасавалі загадчыцы раённага аддзела ЗАГС Наталлі Радзівонаўне Цібароўскай. І атрымалі наступныя дадзеныя за мінулы перыяд гэтага года.

Шлюбы
Было зарэгістравана 192 шлюбы, з іх 137 — у аддзеле ЗАГС, астатнія 55 у сельвыканкамах.

Сярод сельсаветаў бясспрэчным лідарам па колькасці наваствораных «ячэек грамадства» аказаўся Пружанскі, дзе пасведчанне аб шлюбе атрымала 20 пар.

151 грамадзянін стварыў сям’ю ўпершыню. 138 чалавек (з іх 99 — у Пружанах) уступіла ў шлюб паўторна.

Нараджэнні
Усяго ў раёне нарадзілася 237 немаўлят (125 хлопчыкаў і 112 дзяўчынак), з іх 104 зарэгістравана ў Пружанах.

У 70 сем’ях радаваліся першынцам. У трох сем’ях (у Ліноўскім, Сухопальскім і Шаняўскім сельсаветах) народжанае ў 2021 годзе дзіця стала шостым па ліку.

У Пружанах, Мокраўскім і Сухопальскім сельсаветах на свет з’явілася двайняты.

Як называлі дзетак?
Самыя распаўсюджаныя імёны хлопчыкаў: Цімафей (так было названа 9 хлопчыкаў), Мікіта (7), Марк і Міхаіл (па 6).

Самыя распаўсюджаныя імёны дзяўчынак: Валерыя (9), Анастасія і Ева (па 8 дзяўчынак)

Што тычыцца менш распаўсюджаных імёнаў, то ў Пружанскім раёне падрастаюць хлопчыкі Дамір, Леў, Серафім, Артур, Дзямід, Мірон, Назар, Платон, Савелій, Саіт, Стэфан, Цімур, Ціхамір і Якаў, дзяўчынкі Арына, Ульяна, Дарына, Карына, Міраслава, Стэфанія, Агата, Аліса, Бажэна, Васіліна, Васіліса, Віялета, Ясенія, Жэнеўева, Злата, Іванна, Лада, Лана, Ліяна, Мадзіна, Марта, Пелагея, Сара, Тэя і Эвеліна.

Падрыхтавала Алена Зялевіч.

Фота з архіву рэдакцыі і маюць ілюстрацыйны характар.