Понедельник, 17 января 2022

Якасцю кукурузы задаволены ў ААТ «Радзіма». Рэпартаж з гаспадаркі

640

Усё менш залацістых пачаткаў застаецца на палях гаспадарак раёна, аднак уборка кукурузы не сыходзіць з парадку дня аграрыяў. Завяршыць яе ў краіне плануюць да канца тыдня. Мяркуецца, што сельгаставарыствы Пружаншчыны павінны ўкласціся ў агучаныя Кіраўніком дзяржавы тэрміны, тым больш, што план па нарыхтоўцы сіласу і зялёнага корму ўжо выкананы. Цяпер уся ўвага — «царыцы палёў», якая ўбіраецца на зерне. Вядуцца такія работы і ў ААТ «Радзіма».

Спецыяліст па кормавытворчасці У.Р.Хаян якасцю кукурузы задаволены.

Гэты кукурузны сезон для Уладзіміра Рыгоравіча Хаяна – першы ў статусе спецыяліста па кормавытворчасці. За рацыён рагуль мужчына стаў адказваць з мая. Да гэтага 13 гадоў працаваў галоўным заатэхнікам, яшчэ раней – спецыялістам па працаёмкіх працэсах. Уладзімір Рыгоравіч прызнаецца: у сельскай гаспадарцы другарадных спраў не бывае, у гэтай галіне ўзаемазвязаны ўсе працэсы. І ад таго, колькі кукурузы нарыхтуюць зараз, залежаць надоі ў гаспадарцы зімой і вясной.

— Кукурузны палетак у «Радзіме» немалы: 900 гектараў сёлета адвялі пад сілас і зялёны корм, яшчэ з 50 га збіраем кукурузу на зерне. Калі казаць пра ўборку на сілас, то гэтыя работы завяршылі 28 кастрычніка, сярэдняя ўраджайнасць склала 303,7 ц/га, — прыводзіць лічбы спецыяліст па кормавытворчасці.

Парк тэхнікі ААТ «Радзіма».

Па словах Уладзіміра Рыгоравіча, з упэўненасцю можна сказаць, што комплексы на 1100 галоў у Лыскаве і Асошніках забяспечаны якаснымі кармамі. Зараз на адну галаву жывёлы нарыхтавана 32,07 ц.к.адз., што на 7,58 цэнтнера перавышае ўзровень мінулага года. Гаспадарка назапасіла 94 тоны сена, 12 тыс. тон сенажу і 24 тыс. тон кукурузнага сіласу. Але ў «Радзіме» плануюць за два бліжэйшыя тыдні дадаць яшчэ тры тысячы тон да сіласнай масы за кошт уборкі кармавых траў.

Сіласныя ямы закладваюцца на саміх комплексах, трамбоўка ідзе з 7 раніцы да 8 вечара штодзень, на ёй працуюць Міхаіл Сцяпанавіч Ксёнда і Васіль Мікалаевіч Янушка.

А вось кукуруза, убраная на зерне, адпраўляецца на КЗС-30. На гэтых работах сёлета было задзейнічана два камбайны. Аляксандр Іванавіч Прусак шчыраваў на «Ягуары», Юрый Уладзіміравіч Марчук – на «КВК 800».

Вось такая прыгожая кукуруза вырасла сёлета ў ААТ «Радзіма».

Якасцю кукурузнага зерня ў гаспадарцы задаволены: па стане на 2 лістапада яго намалочана 448 т пры ўраджайнасці 104,2 ц/га. Уладзімір Рыгоравіч дэманструе пачаткі колеру сонца з задавальненнем, зярняты ў іх сапраўды буйныя.

Вільготнасць зерня, паводле слоў спецыяліста, складае 40-41%. На сушыльным комплексе яе даводзяць да аптымальнай, а затым кукурузу перавозяць на склад. Атрыманае зерне таксама пойдзе на корм жывёле: заатэхнікі дадаюць яго ў фуражную муку. Такім чынам, статак ААТ «Радзіма» не застанецца без якаснага бялку, таму ёсць усе спадзяванні, што надоі і якасць малака ў гаспадарцы палепшацца.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік