Среда, 10 августа 2022

Галоўны ўрач Пружанскай ЦРБ Андрэй Пачынчык адказаў на пытанні чытачоў пра COVID-19

1 173

— Нядаўна мне давялося пабываць у «чырвонай» зоне пружанскай паліклінікі… Сядзеў пад кабінетам урача дастаткова доўга, каб агледзецца і ацаніць сітуацыю.

Скажыце, як у тым маленькім калідоры-«апендыксе», па-іншаму яго не назавеш, хворыя могуць трымаць сацыяльную дыстанцыю? Як не заразіцца тым, хто прыйшоў на прыём да тэрапеўта з прыкметамі звычайнага рэспіраторнага захворвання, а вымушаны знаходзіцца побач з «кавіднымі» хворымі? Яшчэ больш крыўдна за бацькоў, якія, самі будучы здаровымі, вымушаны ісці ў гэтую зону толькі з-за таго, што побач з дарослымі вядзецца прыём хворых дзяцей (зноў-такі, неабавязкова з кавідам).

Ніякай цыркуляцыі паветра ў калідоры! А што тычыцца ўборкі, то сам бачыў, як прыбіральшчыца зайшла ў кабінет № 48, дзе скончыўся прыём спецыяліста, і неўзабаве адтуль выйшла. Праз некаторы час там пачаўся новы прыём. Я павінен паверыць, што за некалькі мінут прыбіральшчыца паспела правесці ўборку і праветрыць кабінет?

Віктар, г.Пружаны


— Нам, жыхарам Шчарчова, лепш не хварэць. Растлумачу на ўласным прыкладзе: раніцай у мяне паднялася тэмпература да 39 градусаў. Адразу звярнулася па дапамогу на наш ФАП, дзе мяне ўважліва праслухалі і адправілі ў пружанскую паліклініку. Паколькі машыны ў мяне няма, вымушана была ехаць на брэсцкай маршрутцы, побач са здаровымі людзьмі. Няхай мне яны выбачаць! Потым тры гадзіны прасядзела ў «чырвонай» зоне паліклінікі, перш чым патрапіць на прыём да ўрача, які нарэшце і адкрыў бальнічны…

У сувязі з гэтым у мяне такое пытанне: ці нельга хаця б у перыяд пандэміі дазволіць загадчыкам ФАПаў даваць бальнічныя? Альбо няхай на «хуткай дапамозе» прыязджае да нас для гэтага тэрапеўт з Пружан.

Дапамажыце, калі ласка, — гэта просьба ўсіх жыхароў Шчарчова і, упэўнена, многіх іншых вёсак раёна.

Валянціна, аг.Шчарчова

На пытанні адказвае галоўны ўрач раённай бальніцы Андрэй Іванавіч Пачынчык.

— Мы прызнаём, што складаная эпідэміялагічная сітуацыя паказала недастатковасць плошчаў у Пружанскай паліклініцы, будынак якой быў узведзены больш за паўстагоддзя таму. Але размясціць сёння «чыстую» і «чырвоную» зоны па-іншаму не ўяўляецца магчымым, паколькі ў цяперашні момант медыкі аказваюць яшчэ і планавую медыцынскую дапамогу, праводзяць прафілактычныя і дыспансерныя агляды, працягваюць назіранні за пацыентамі з сардэчна-сасудзістымі, анкалагічнымі, неўралагічнымі і іншымі захворваннямі, а таксама лечаць пацыентаў у аддзяленні дзённага стацыянара.

Калі бальніца будавалася, яшчэ пра падобнае магчымае «занаванне» і гаворкі не ішло, а вось сёння мы вымушаны падладжвацца пад новыя санітарна-эпідэміялагічныя нормы ў тых умовах, якія ёсць.

Пад «чырвоную» зону мы вылучылі пяць кабінетаў для прыёму, а таксама кабінет для забору мазкоў. Прыёмы арганізаваны ў тры змены. Яны пачынаюцца з 8.00 і працягваюцца, заўважу, да апошняга пацыента. За суткі прыёмы ажыццяўляе да 12 урачоў. Да прыёму ў «чырвонай» зоне мы вымушаны прыцягваць нават двух отарыналарынголагаў, дэрматолага і акуліста. Да таго ж, арганізоўваем выязныя ўрачэбныя брыгады, якія аглядаюць хворых дома. Асобных спецыялістаў выдзяляем і для агляду пацыентаў перад вакцынацыяй, якая вядзецца ў паліклініцы, на пункце вакцынацыі ў «Белмаркеце», а таксама для выезду на прадпрыемствы і ва ўстановы.

На жаль, на падставе аднаго візуальнага агляду немагчыма вызначыць, захварэў чалавек на кавід або звычайную рэспіраторную інфекцыю, таму ўсе пацыенты з прыкметамі ВРВІ вымушаны знаходзіцца ў адной прасторы паліклінікі. Больш за тое, дакладны дыягназ можна паставіць толькі пасля ўзяцця аналізаў і мазкоў. Вядома, мы разумеем трывогу пацыентаў, але нейкім чынам раздзяліць на некалькі частак яшчэ і саму «чырвоную» зону немагчыма — не хопіць ні спецыялістаў, ні часу. Урачы, яшчэ раз паўтаруся, прымаюць усіх, хто прыйшоў.

У той жа час, заўважу, што, нягледзячы на загружанасць, у «чырвонай» зоне праводзіцца рэгулярная ўборка кабінетаў і калідора дэзынфектантамі. Ва ўсіх кабінетах маюцца бактэрыцыдныя лямпы. А ў калідорах, згодна з графікам, выстаўляюцца рэцыркулятары паветра. Калі яго не было ў калідоры, дзе знаходзіўся чытач «раёнкі», значыць, рэцыркулятар працаваў у іншым месцы, але адназначна не прастойваў.

Увогуле сёння даводзіцца канстатаваць: людзі бачаць праблему толькі ў нас, медыках, але асноўная праблема — менавіта ў адносінах людзей да ўласнага здароўя. Калі б усе прыслухоўваліся да парад урачоў, пачалі вакцынавацца раней, адразу пасля спаду трэцяй хвалі, то падобных пытанняў зараз было б значна менш.

-Што тычыцца другога пытання, то пачну з таго, што згодна з Пастановай Міністэрства аховы здароўя № 104 ад 24.12.2014, права выдачы лісткоў непрацаздольнасці даецца фельчарам Галоўнымі ўпраўленнямі аховы здароўя аблвыканкамаў па ўзгадненні з абласнымі ўпраўленнямі Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. У загад Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама аб дазволе выдачы лісткоў на 2021 г. фельчар Шчарчоўскага ФАПа не ўключаны.

Таксама заўважу, што экіпажы «хуткай дапамогі» ў нас задзейнічаны для аказання экстраннай дапамогі і транспарціроўкі хворых, якія маюць патрэбу ў тэрміновай шпіталізацыі. Развозіць участковых тэрапеўтаў «хуткія» не могуць і на выдачу бальнічных лісткоў фельчары «хуткай» таксама не маюць ніякіх паўнамоцтваў.

Акрамя таго, пацыент павінен разумець, што часам для вызначэння правільнага дыягназу аднаго агляду недастаткова: неабходна здаць аналізы, прайсці рэнтгенаграфію і іншыя працэдуры. На жаль, на месцы гэта зрабіць немагчыма, таму запрашаем яго ў паліклініку. У сітуацыі, калі пацыент з-за цяжкага фізічнага стану не можа дабрацца да паліклінікі, мы вырашаем пытанне яго транспарціроўкі ў Пружаны на машыне «хуткай дапамогі».

Калі сёння, ва ўмовах складанай эпідэміялагічнай сітуацыі, мы адправім у тое ж Шчарчова ўрачоў, то хто будзе прымаць хворых у паліклініцы? Мы і так задзейнічалі там большасць спецыялістаў.

Вядома, мы разумеем жаданні жыхароў Шчарчова. Нам таксама хочацца, каб усё было ідэальна. Але ў дадзеным выпадку давайце быць рэалістамі.

Падрыхтавала Алена Зялевіч