Суббота, 13 августа 2022

Дзень за днём, кіламетр за кіламетрам… Амаль чатыры дзесяцігоддзі працуе вадзіцелем аўтобуса грамадскага транспарту Ігар Чарнышоў

830

Амаль 40 гадоў Ігар Аляксандравіч Чарнышоў працуе вадзіцелем аўтобуса грамадскага транспарту. І ўсе гэтыя дзесяцігоддзі ён адпрацаваў у аўтапарку №11 г.Пружаны.

Зараз Ігар Аляксандравіч сцвярджае: выбар не быў свядомым, маўляў, так склаўся лёс. Але, у рэшце рэшт, аказалася, што ўсе жыццёвыя сцежкі сышліся ў адзіна магчымы, правільны маршрут.

17-гадовы хлопец у 1980 годзе прыйшоў працаваць слесарам у аўтатранспартную арганізацыю, а пасля арміі перасеў за руль аўтобуса. Так пачаўся гэты маршрут, дзень за днём, кіламетр за кіламетрам. Дарэчы, калі разам скласці адлегласці, якія «наматаліся на колы», то атрымаецца, што І.А.Чарнышоў пераадолеў не адзін зямны экватар.

— Маім першым аўтобусам быў «ЛАЗ-695». Памятаеце, такі «здымаўся» ў фільме «Каралева бензакалонкі», — успамінае Ігар Аляксандравіч. — Потым аўтапарк атрымаў больш сучасныя «Ікарусы», затым — Лідскія «Неманы». Аднак і яны ні ў якое параўнанне не ідуць з «МАЗам», за руль якога перасеў дзевяць гадоў таму.

«Хлеб» вадзіцеля грамадскага транспарту наўрад ці можна палічыць лёгкім. На маршрут сваёй змены даводзіцца выязджаць у чатыры гадзіны ранку, а вяртацца апоўначы. Сотні кіламетраў, дзясяткі населеных пунктаў. Тысячы пасажыраў з рознымі настроямі і запытамі. Але ж праца падабаецца І.А.Чарнышову. Вадзіцель разумее яе карысць і разважае: некага ён давёз дадому, іншы з яго дапамогай своечасова дабраўся на працу, а нехта спяшаўся на спатканне ці стараўся хутчэй дабрацца да раддома, каб даведацца, каго «прынёс бусел», дачку або сына.

Падобных гісторый за гады працы сабралася нямала. Нярэдка ў яго адрас накіроўваліся падзякі ад пасажыраў, ён мае ўзнагароды за добрасумленную працу. І як вынік такога адказнага стаўлення да сваіх абавязкаў — сёлетняе занясенне прозвішча вадзіцеля аўтапарка №11 І.А.Чарнышова на раённую Дошку гонару.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік