Среда, 10 августа 2022

Крок да ўласнай бяспекі — прышчэпка ад COVID-19. Пункты вакцынацыі працуюць у паліклініцы, пасялковых бальніцах, амбулаторыях раёна і ў магазіне «Белмаркет»

647

Падчас чацвёртай хвалі каранавіруса ў Беларусі з’явіўся небяспечны дэльта-штам. Пружанскія медыкі пацвярджаюць, што захворванне на яго працякае ў больш цяжкай форме, пачалі хварэць не толькі дарослыя, але і дзеці. Таму не стамляюцца нагадваць, што для вяртання да нармальнага жыцця варта зрабіць тры крокі. Першы — прытрымлівацца сацыяльнай дыстанцыі, правільна карыстацца маскамі, выконваць усе іншыя прафілактычныя меры, якія рэкамендуюцца спецыялістамі санітарнай службы. Другі — сачыць за сваім здароўем, умацоўваць імунітэт. А трэці — гэта прайсці вакцынацыю.

Сёння пружанскія медыкі выкарыстоўваюць вакцыны «Спадарожнік V» і «Спадарожнік Лайт» расійскай вытворчасці. Работа па вакцынацыі праводзіцца ў Пружанскай паліклініцы, а таксама ў пасялковых бальніцах, амбулаторыях раёна і на пункце вакцынацыі ў «Белмаркеце». Прыём жадаючых зрабіць прышчэпку вядуць асобныя ўрачы. Акрамя таго, наладжана работа выязных брыгад на прадпрыемствы.

На сёння ў Пружанскім раёне 29,9% грамадзян вакцынавана ад кавіду. Для стварэння групавога імунітэту неабходна мінімум 60%.

Прышчэпачны кабінет у паліклініцы працуе з панядзелка па пятніцу — з 8.00 да 19.30, у суботу – з 9.00 да 14.30 гадзін з улікам часу, які патрэбны на размарозку вакцыны і паўторны агляд пацыента праз 30 мінут пасля ін’екцыі. Прышчапіцца на пункце вакцынацыі можна з панядзелка па пятніцу, з 12.00 да 19.00 гадзін.

Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік