Среда, 10 августа 2022

Служба, якая гарантуе спакой і бяспеку. Прафесійнае свята адзначаюць работнікі Дэпартамента аховы

812

На жаль, колькасць крадзяжоў, хуліганстваў і іншых супрацьпраўных дзеянняў, звязаных з прысваеннем або пашкоджаннем чужой маёмасці, не меншае. Таму і захоўвае актуальнасць служба аховы. Менавіта яе супрацоўнікі першымі прыязджаюць, калі спрацоўвае ахоўная сігналізацыя ў кватэры, трывожная кнопка ў банку або магазіне, калі вулічныя хуліганы не даюць спакою добрасумленным грамадзянам.

Сёння, 29 кастрычніка, адна з самых мабільных і аператыўных службаў міліцыі — Дэпартамент аховы — адзначае сваё прафесійнае свята. Як расказвае памочнік начальніка райаддзела С.В.Ільяшэвіч, асноўная задача міліцыянераў-ахоўнікаў — забеспячэнне захаванасці аб’ектаў розных формаў уласнасці, а таксама ахова грамадскага парадку.

На чарговае патруляванне збіраецца група затрымання ў складзе міліцыянера-кінолага Андрэя Васільевіча Гаўры, міліцыянера-вадзіцеля Аляксандра Уладзіміравіча Анташока і службовага сабакі Роны.

Зараз пад увагай аддзела аховы 302 аб’екты, яшчэ 15 ахоўваюцца пастамі. Кнопкамі трывожнай сігналізацыі абсталявана 245 устаноў і арганізацый. Дзякуючы аператыўнаму рэагаванню, з пачатку года супрацоўнікамі выяўлена 245 адміністрацыйных правапарушэнняў, у тым ліку 33 дробныя крадзяжы. З удзелам міліцыянераў-ахоўнікаў выкрыта шэсць злачынстваў.

З улікам такога аб’ёму работы гэтай службе ўласціва асаблівая дынаміка. Яе спецыяльны аўтамабіль можна рэгулярна сустрэць на розных вуліцах горада, дзе ён нясе кругласутачнае дзяжурства. І трэба адзначыць, што з пачатку бягучага года ні адзін з ахоўваемых аб’ектаў не пацярпеў ад супрацьпраўных дзеянняў, а асобы зламыснікаў былі ўстаноўлены.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік