Среда, 10 августа 2022

«Кавідная» міфалогія, або Ці варта верыць усяму, што прачытаў у інтэрнэце? Разбіраемся разам з загадчыцай аддзялення агульнаўрачэбнай практыкі Жаннай Ісакавай

750

У выхадныя пасядзела ў інтэрнэце, пачытала ўсё, што пішуць і шырока абмяркоўваюць на розных старонках. Аказваецца, што кавід — гэта «біялагічная зброя, створаная з мэтай змяншэння колькасці насельніцтва Зямлі», вакцынацыя — гэта «чыпіраванне людзей для ўстанаўлення татальнага кантролю над чалавецтвам з боку «сусветнага ўрада», Біл Гейтс — «прадвеснік будучага антыхрыста»…

Інтэрнэт з неверагоднай хуткасцю плодзіць фэйкі, у тым ліку і пра цяперашнюю эпідэміялагічную сітуацыю. Што рабіць? Проста не звяртаць увагі? А давайце мы паспрабуем аспрэчыць некаторыя з іх разам з загадчыцай аддзялення агульнаўрачэбнай практыкі Пружанскай ЦРБ Жаннай Жанаўнай Ісакавай.

— Кажуць, што каранавірус створаны ў ваенных лабараторыях Кітая.
—А ў Кітаі кажуць, нібы ў ЗША, на Амерыку наракаюць і ў Расіі. Дарэчы, былы амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп у свой час сапраўды заявіў, што кавід быў «створаны кітайцамі» ў якасці палітычнай зброі супраць яго.

Адным словам, вінаватым выбіраюць таго, каго зручна.

Але эксперты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя лічаць лабараторную версію паходжання SARS-COV-2 самай неверагоднай і заклікаюць не палітызаваць даследаванні.

Прырода тут, вядома, пастаралася, чалавечая папуляцыя аказалася самай лепшай глебай для жыцця гэтага віруса.

— Многіх бянтэжыць, што каранавірусная інфекцыя значыцца ў спісе паказанняў да прыёму супрацьвіруснага прэпарата «Арбідол», які атрымаў вядомасць задоўга да пандэміі. Як такое магло здарыцца?
— Нічога дзіўнага. Медыкі і навукоўцы выявілі каранавірус яшчэ ў 60-х гадах мінулага стагоддзя і пры лячэнні яго выкарыстоўвалі шэраг супрацьвірусных прэпаратаў, у тым ліку і «Арбідол». І толькі ў снежні 2019 года ў Кітаі з’явіліся першыя выпадкі заражэння менавіта новым штамам…

— Які, мяркуючы па чарговым фэйку, разносіцца і праз… афрыканскія бананы. А кітайскія лекары, як пішуць у інтэрнэце, раяць піць гарачую ваду для прафілактыкі, паколькі вірус «гіне пры 27 градусах»…
— Ды не гіне ён пры 27! Нават пры 38 градусах яму жывецца вельмі добра.

— Ці дапамагаюць у лячэнні кавіду папулярныя пры прастудах праграванне «сіняй лямпай», бальзам «Залатая зорка» і аксалінавая мазь?
— Гэтыя сродкі ад кавіду не дапамагаюць. Але калі хтосьці верыць, што яны прынясуць карысць, хай верыць. Ва ўсякім разе, яны не шкодзяць.

— Ці праўда, што тыя, хто прышчэплены ад адзёру (кори) або з’яўляецца носьбітам герпеснай інфекцыі, не хварэюць на каранавірус?
— Прамой узаемасувязі няма. Заўважу, у тым жа Кітаі ўсё насельніцтва прышчэплена ад адзёру, але вірус распаўсюджваўся. Аналагічная сітуацыя і з носьбітамі герпесу.

— «Урачы» з інтэрнэту раюць пры каранавірусе дыхаць парамі гарэлкі, прымаць імбір і для прафілактыкі мазаць горла маззю «Бетадзін».
— Удыханне кіслароду праз спірт сапраўды выкарыстоўваецца пры ацёку лёгкіх, але з прычынай і развіццём каранавіруснай інфекцыі яно не мае нічога агульнага.

Імбір ва ўмеранай колькасці і пры ўмове адсутнасці ў чалавека алергіі на яго яшчэ нікому не пашкодзіў. Гэта моцны імунамадулятар. Але пазбавіцца з яго дапамогай ад кавіду ўсё ж не атрымаецца, таксама як і з дапамогай часнаку.

Што тычыцца мазі, дык гэта антысептычны прэпарат, які не мае ніякага дачынення да прафілактыкі вірусаў.

— У інтэрнэце ахвотна распаўсюджваецца паведамленне аб тым, нібы каранавірус, на самай справе, – «бактэрыя», а таму лячыць яго трэба антыбіётыкамі.
— Медыкі ўжо стаміліся паўтараць, што кавід — гэта інфекцыя віруснай этымалогіі, антыбіётыкамі яго не лечаць. Іх прызначаюць толькі ў тым выпадку, калі з’явіліся ўскладненні, выкліканыя бактэрыяльнай інфекцыяй. Таму ні ў якім разе нельга займацца самалячэннем. Антыбіётыкі адмоўна ўплываюць на мікрафлору кішэчніка, а яна прымае ўдзел у фарміраванні імунітэту.

— Кажуць, што чалавек можа захварэць менавіта ад увядзення вакцыны.
— На жаль, людзі не разумеюць адрозненняў паміж вірусам, які выкарыстоўваецца ў вакцыне, і вірусам, ад якога развіваецца захворванне.

Ёсць вакцыны, у якіх наогул няма інфекцыйнага агента. Ёсць такія, дзе вірус апрацоўваецца так, што ён цалкам губляе здольнасць выклікаць захворванне. У трэцім варыянце вакцын, да якіх адносіцца «Спадарожнік V», выкарыстоўваецца вірус, які сам па сабе не можа размнажацца ў целе чалавека, ён выступае толькі як носьбіт гена каранавіруса. Гэты ген кадзіруе сінтэз бялку, наяўнасць якога ў нашым целе і выклікае імунны адказ.

— Адна з самых страшных чутак: «праз два гады вакцынаваныя памруць».
— Гэты фэйк пайшоў ад відэа, дзе адзін вядомы вірусолаг кажа, што людзі, якія вакцынуюцца, нібыта атрымліваюць непасільную імунную нагрузку.

Але ж усе павінны разумець: доза старонняга антыгена, якая ўводзіцца разам з вакцынай, складае мікраграмы. Праз выпадковыя ранкі, парэзы кухонным нажом, напрыклад, чалавек можа атрымаць значна больш антыгенаў. Вось яны сапраўды могуць выклікаць моцную нагрузку на імунную сістэму.

— Прачытала і пра тое, што вакцына нібыта выклікае аўтызм.
— Міф гэты з’явіўся задоўга да пандэміі — у канцы 90-х гг. мінулага стагоддзя. Тады адзін англійскі ўрач заявіў пра тое, што вакцына супраць адзёру нібыта правакуе аўтызм. Аднак яго заявы не знайшлі навуковага пацвярджэння, наадварот, у 2010 г., пасля 12-гадовага расследавання, галоўны медыцынскі савет Вялікабрытаніі пажыццёва пазбавіў гэтага ўрача медыцынскай ліцэнзіі за падман і падтасоўку фактаў.

— У сацыяльных сетках з’явіліся чуткі, што любая вакцынацыя, у тым ліку ад кавіду, можа выклікаць бясплоддзе ў жанчын.
— Няма ніякіх навуковых доказаў, якія пацвярджаюць і гэтую абсурдную тэорыю. Яна, заўважу, таксама ўзнікла намнога раней, яшчэ ў 1980-х гадах, пасля публікацыі артыкула пра кантрацэптыўную вакцыну для дзікіх жывёл. Праціўнікі абортаў тады няправільна інтэрпрэтавалі артыкул і сталі распаўсюджваць міф пра тое, што ўсе вакцыны нібыта выклікаюць бясплоддзе.

З распаўсюджаннем COVID-19 стары фэйк перажыў другое нараджэнне. Справа ў тым, што перад прышчэпкай пры правядзенні стандартнага апытання ў жанчын цікавяцца, ці плануюць яны дзяцей. І некаторыя пацыенткі гэтае пытанне няправільна трактуюць, маўляў, вакцына ўплывае на рэпрадуктыўную функцыю.

Аднак вакцыны ад COVID-19 не ўплываюць на здольнасць зачаць дзіця. Баяцца трэба не вакцын, а COVID-19, інфіцыраванне якім можа якраз выклікаць вялікія праблемы ў цяжарных. Таму ўжо плануецца іх вакцынацыя кітайскай вакцынай “Vero Cell”.

—Некаторыя лічаць, што «праз вакцыну ў чалавека ўводзіцца мікрачып» і да цела потым «пачынаюць прыцягвацца магніты і металічныя рэчы».
— Фэйк з’явіўся ў студзені 2020 года. Яго аўтары сцвярджаюць, што стварэнне віруса прафінансаваў заснавальнік кампаніі Microsoft Біл Гейтс, які такім чынам нібыта хоча атрымаць кантроль над колькасцю насельніцтва планеты. Міф ўмацаваўся пасля таго, як фонд Гейтса выдзеліў 300 млн долараў на распрацоўку вакцыны.

Казаць пра «чыпы» або «магніты» ў вакцыне — усё роўна што сцвярджаць, што пасля прышчэпкі ў чалавека вырастуць рогі ці хвост.

— Ёсць і тэорыя, што на імунітэт чалавека ўплывае работа сетак 5G, з-за чаго людзі становяцца ўразлівымі да каранавіруснай інфекцыі.
— На жаль, у некаторых краінах прыхільнікі гэтага фэйка спалілі ўжо некалькі дзясяткаў вышак розных мабільных аператараў. Аднак электрасеткі з кавідам ніякім чынам не звязаны. Гэта таксама міф з разраду «магнітаў у вакцыне».

— Кажуць, што нашэнне маскі нібыта прыводзіць да заражэння лёгкіх грыбковай інфекцыяй, а таксама да атручвання вуглякіслым газам.
— Якое глупства! Маскі забяспечваюць нас важным бар’ерам, зніжаюць колькасць шкодных вірусаў, якія выдзяляюць пры дыханні, размове, ужо не кажучы пра чыханне і кашаль, хворыя. Згадзіцеся, што чалавек можа хварэць з нязначнымі сімптомамі ці ўвогуле без іх, а вірус усё роўна распаўсюджваць.

Асабліва важна насіць маскі ва ўмовах, дзе канцэнтрацыя віруса высокая: у медыцынскіх установах, транспарце, магазінах, памяшканнях з дрэннай вентыляцыяй. Як сведчаць эпідэміялагічныя дадзеныя, такія краіны, як Тайвань, Сінгапур і Паўднёвая Карэя, якія з самага пачатку ўвялі абавязковае нашэнне масак, лепш за іншых справіліся з распаўсюджваннем Covid-19.

Зразумела, маска павінна мяняцца праз кожныя 2-4 гадзіны, як гэта рэкамендавана медыкамі, а не раз у месяц, калі пачарнее ад бруду.

Гутарыла Алена Зялевіч