Среда, 10 августа 2022

Дыпломы — за ўменне стварыць прыгажосць. Пераможцаў конкурсаў па добраўпарадкаванні тэрыторый узнагародзілі ў райвыканкаме

1 692

Пісаць пра ўдзельнікаў конкурсаў па добраўпарадкаванні ці ўпрыгожванні тэрыторый заўсёды прыемна. Па-першае, гэта знаёмства з цікавымі і неабыякавымі людзьмі. Па-другое, крыніца натхнення як для журналіста, так і для чытачоў, некаторыя з якіх, паглядзеўшы на фота дагледжаных сядзіб, імкнуцца не адставаць і ствараюць вакол сябе сапраўдную прыгажосць.

Пра тых, каму гэта зрабіць ужо ўдалося, – удзельнікаў конкурсу «Лепшы падворак» — мы расказвалі яшчэ летам. Тады планавалася, што імёны пераможцаў будуць названы падчас кірмашу «Пружанская восень». Умяшаўся кавід: забаўляльную праграму, як вядома, адмянілі, а разам з ёй перанеслі ўшанаванне гаспадароў лепшых сядзіб. Але ж узнагароды знайшлі пераможцаў! Іх уручылі ў мінулую пятніцу ў райвыканкаме.

Як адзначыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама А.К.Момлік, конкурс на лепшы падворак спадабаўся жыхарам раёна. Дзякуючы яму, маладыя сем’і, якія працуюць на зямлі, заяўляюць пра сябе, робяць сядзібы непаўторнымі, а сваіх дзетак прывучаюць да прыгажосці і захавання нацыянальных традыцый.

Узнагароду за сям’ю Велікаселец са Стараволі атрымлівае старшыня Велікасельскага сельсавета Таццяна Мікалаеўна Навіцкая.

Сярод васьмі ўдзельнікаў конкурсная камісія выбрала тры сям’і-пераможцы. Узнагароды ім уручыў старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун. Дыпломам ІІІ ступені ўзнагародзілі сям’ю Генадзя Генадзьевіча і Кацярыны Юр’еўны Велікасельцаў з аг.Стараволя. Нагадаем, што ў конкурсе яны ўдзельнічалі не ўпершыню. Ды і ўвогуле зарэкамендавалі сябе як актыўныя жыхары, якія не баяцца асвойваць нешта новае. Уласна, свой дом перапланавалі і адрамантавалі самі, а яшчэ запоўнілі тэрыторыю кветкавымі клумбамі і кустамі.

Дыплом ІІ ступені ў конкурсе «Лепшы падворак» атрымала сям’я Аліфірук з аг.Калядзічы (Хараўскі сельсавет).

За другое месца ў конкурсе адзначана шматдзетная сям’я Аліфірук. Віктар Мікалаевіч са Сняжанай Сяргееўнай, а таксама сынамі Арцёмам, Уладам і дачушкай Дыянай пражываюць у аг.Калядзічы. Іх падворак вылучаўся сярод іншых выкарыстаннем нацыянальных элементаў. Тут ёсць і ветраны млын, і штучныя буслы.

Вадзіма і Маргарыту Рудчыкаў з в.Навасёлкі Сухопальскага сельсавета павіншаваў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Дзмітрый Чайкоўскі.

А вось каля дома сям’і Рудчыкаў з вёскі Навасёлкі, якія сталі абсалютнымі пераможцамі, жывуць буслы сапраўдныя. Вадзім Анатольевіч і Маргарыта Віктараўна нават вырашылі пакінуць дрэва, на якім прыжыліся птушкі. Можа, у тым ліку і таму радуюць бацькоў трое дзетак – Савелій, Сафія і маленькі Глеб?

Акрамя вызначэння лепшых падворкаў, штогод праводзіцца агляд-конкурс на лепшае добраўпарадкаванне, санітарны стан і кветкавае афармленне тэрыторый арганізацый Пружанскага раёна. Імёны яго пераможцаў агучыў начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі А.В.Бушук.

Старшыня Пружанскага райвыканкама ўручае ўзнагароду дырэктару ПМК-21 В.С.Лук’янчуку.

Пераможцам у намінацыі «Лепшая арганізацыя будаўнічай галіны, дарожнай галіны, энергетычнага комплексу і жыллёва-камунальнай гаспадаркі» стала Пружанская ПМК-21. Дарэчы, уручаючы дыплом яе дырэктару В.С.Лук’янчуку, старшыня райвыканкама адзначыў гэтую арганізацыю і з іншага боку: колькасць яе работнікаў, якія прайшлі вакцынацыю ад каранавіруса, перавысіла 40%.

Узнагароду атрымлівае дырэктар СШ №1 імя ЧБВА С.М.Станкевіч.

Адразу тры дыпломы ўручаны пераможцам у намінацыі «Лепшая ўстанова сацыяльнай сферы, лепшы дзяржаўны орган». Першае месца тут у СШ №1 імя ЧБВА, дыпломам другой ступені ўзнагароджаны калектыў Ліноўскіх ясляў-сада №21, а трэцяй – Шарашоўская СШ.

Валянціна Бульчук з аг.Мурава.

Паўдзельнічалі ў конкурсе і гаспадары прыватных сядзіб. Узнагарода знайшла жыхарку аг.Мурава Валянціну Міхайлаўну Бульчук, якая заняла трэцяе месца ў намінацыі «Лепшая прыдамавая тэрыторыя аднакватэрных жылых дамоў». Другое месца ў гэтай намінацыі прысуджана Міраславе Уладзіміраўне Капіца з аг.Клепачы. А безагаворачнай пераможцай стала Галіна Міхайлаўна Якімавец з Калядзічаў.

Конкурс, па словах яго арганізатараў, абавязкова вернецца ў наступным годзе. Таму, калі ў вас ёсць планы па добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол дома, смела рэалізоўвайце іх ужо вясной. І не забудзьцеся адправіць заяўку на ўдзел. Хто ведае, магчыма, праз год мы напішам менавіта пра вас.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік

Фотарэпартаж з узнагароджання тут: https://ok.ru/budni/album/929781748104