Понедельник, 17 января 2022

Служба 103 спяшаецца на дапамогу. Расказваем, як працуе «хуткая дапамога» ва ўмовах кавіду

908

— Хуткая дапамога, Пружаны, слухаем!
— Я задыхаюся…

Некалькі імгненняў на зборы: касцюмы, маскі, пальчаткі, бахілы, укладка, кіслародны інгалятар — і выязная ўрачэбная брыгада «хуткай дапамогі» ў складзе ўрача Улады Ігараўны Ляўчук і фельчара Вольгі Сяргееўны Кардзіс ужо спяшаецца на дапамогу да чалавека, стан якога пагоршыўся…

Вадзіцель экіпажа Генадзь Георгіевіч Вільчык, апрануты, як і медыкі, па апошнім слове «кавіднай моды», разумее, што марудзіць нельга…

Яшчэ два гады таму, калі каранавірусная эпапея толькі пачыналася, работнікі «хуткай» першымі кінулі выклік новай хваробе. Ім было вельмі страшна. Ім было вельмі складана… Але, не маючы права адмовіць у дапамозе, яны ўступілі ў барацьбу з нябачным ворагам.

Гукі сірэны машыны «хуткай дапамогі» разразаюць паветра і ў старонняга чалавека выклікаюць пачуццё трывогі: што здарылася?.. У такія мінуты, праводзячы позіркам белы аўтамабіль, звычайна думаеш пра тое, куды і да каго ён спяшаецца.

А вось як адчуваюць сябе тыя «анёлы-ахоўнікі» ў белых скафандрах, работу якіх успрымаюць як належнае, не думае амаль ніхто. Бо так проста набраць «103» — і яны ля парога.

Уладзіслаў Юр’евіч Пекач.

— Кавід унёс значныя карэктывы і ў нашу працу, — распавядае журналістам «раёнкі» загадчык аддзялення неадкладнай «хуткай дапамогі» Уладзіслаў Юр’евіч Пекач. — Як вы разумееце, сітуацыя змянілася не ў лепшы бок. Пра гэта сведчыць і статыстыка агульнай колькасці выклікаў за аналагічныя перыяды апошніх двух гадоў. Калі ў мінулым годзе за тры кварталы да нас усяго паступіла 8994 выклікі, то ў гэтым — 9516. Асабліва розніцу відаць па выяўленых нашымі брыгадамі выпадках хваробы органаў дыхання: у 2021 г. іх колькасць склала 1207 (супраць 990 у 2020-м), з іх урачы і фельчары нашага аддзялення дыягнаставалі 244 пнеўманіі рознага кшталту (супраць 136 за аналагічны перыяд мінулага года).

На думку спецыяліста, часткова гэта выклікана тым, што спачатку, як толькі ў Пружанах сталі фіксавацца першыя выпадкі заражэння кавідам, людзі баяліся выклікаць «хуткую».

— Баяліся шпіталізацыі. Сёлета назіраем іншую карціну: панічныя атакі, выкліканыя, не ў апошнюю чаргу, патокам негатыўнай інфармацыі, рознымі фэйкамі, і элементарная боязь атрымаць ускладненне ад кавіду вымусілі людзей тэлефанаваць нам часцей. Часам кажуць: «Здаецца, мне цяжка дыхаць!» Прыязджаем: сатурацыя ў норме, тэмпература 37,8. Яе нават збіваць не варта, — распавядае ўрач.

І справа зусім не ў тым, як можа здацца, што медыкі не спяшаюцца на дапамогу. Яны менавіта спяшаюцца: да аднаго, другога, трэцяга… А ў гэты момант гучаць новыя тэлефанаванні, і дыспетчар ледзь паспявае каардынаваць дзеянні выязных брыгад. Дарэчы, іх колькасць не настолькі вялікая, як здаецца. На варце здароўя 18,5 тысяч пружанцаў у адну змену стаіць усяго два экіпажы, у кожным з іх па два медыкі.

— Адна з брыгад у змену займаецца “кавіднымі” пацыентамі, другая — усімі астатнімі, — тлумачыць загадчык аддзялення Уладзіслаў Пекач. — Калі яны не паспяваюць абслугоўваць усе вызавы, то задзейнічаем трэці экіпаж. Бывалі такія выпадкі, калі адна карэта «хуткай дапамогі» імчала ў Клепачы, другая — у Брэст… Патлумачу, раней мы, здаралася па некалькі разоў на дзень, перавозілі ў абласную бальніцу пацыентаў інфекцыйнага аддзялення. Рэкорд — 16 чалавек у дзень.

Летам сітуацыя значна палепшылася. Але… Прыйшла чацвёртая хваля. З верасня ў Брэст «кавідных» хворых пружанскія «хуткія» не возяць: дзякуючы перапрафіляванню аддзяленняў бальніцы, нашы медыкі спраўляюцца сваімі сіламі. У сувязі з гэтым лагічна было б выказаць здагадку, што работы ў аддзялення «хуткай дапамогі» зменшылася. Аднак гэта не так: экіпажы здзяйсняюць і дадатковыя перавозкі паміж аддзяленнямі, паколькі, напрыклад, прайсці ад таго ж інфекцыйнага або тэрапеўтычнага аддзялення ў іншы корпус, каб зрабіць рэнтгенаўскі здымак, цяжкаму пацыенту немагчыма.

Што тычыцца непасрэдна саміх «кавідных» вызаваў, то сёння за змену адна брыгада «хуткай дапамогі» абслугоўвае ў сярэднім сем пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй.

— Бываюць усякія сітуацыі. Напрыклад, пацыенты просяць збіць высокую тэмпературу, але пры гэтым не папярэджваюць дыспетчара, што ў іх кавід. Мы адпраўляем звычайную брыгаду без спецыяльнага «абмундзіравання», потым па рацыі перадаём, што далей медыкаў чакаюць, да прыкладу, цяжарная жанчына або дзіця з апендыцытам… Як быць? Вяртаюцца, пераапранаюцца… Таму, карыстаючыся выпадкам, хацелася б папрасіць чытачоў агаворваць з дыспетчарам усе нюансы: уважліва слухаць яго і дакладна адказваць на пытанні, аб’ектыўна ацэньваючы стан свайго здароўя. У нас, работнікаў «хуткай дапамогі», ёсць нават такая ўстаноўка: пачынаем лячыць падчас званка. Таму, што час абмежаваны…

Дарэчы, калі казаць пра канкрэтны час абслугоўвання пацыентаў, то варта заўважыць: ён залежыць ад характару вызаву. На аказанне экстраннай дапамогі (напрыклад, пры кавіднай задышцы ці сыпу з высокай тэмпературай у дзяцей) у горадзе па стандарце адводзіцца 20 мінут, за горадам — 35 мінут. На аказанне так званай «неадкладкі» (пры арытміі, болях у жываце, высокай тэмпературы і г.д.) — ад 75 да 195 мінут у горадзе, ад 90 да 210 мінут за яго межамі. Пры гэтым на працягу змены ўсе брыгады «хуткай дапамогі» павінны паспець не адзін раз апрацаваць дэзынфектантам свае экіпажы.

— Рызыкі для нашага персаналу пры такой каласальнай віруснай нагрузцы не пазбегнуць, — кажа У.Ю.Пекач. — У першую хвалю мы перахварэлі ўсе. Цяпер калектыў вакцынаваны на 100 працэнтаў. Зараз трымаемся і спадзяемся, што так будзе і далей. Дарэчы, радуе тое, што ў апошнія два гады значна паменшылася колькасць скаргаў на службу «хуткай дапамогі». Людзі нарэшце зразумелі, у якіх складаных умовах нам даводзіцца працаваць, і сталі ставіцца да нас з большай павагай. Заўважу, што адзін выклік «хуткай дапамогі» каштуе дзяржаве каля 180 рублёў… Хоць, вядома, справа не ў грошах. Галоўнае — здароўе. Таму не разважайце доўга і рабіце прышчэпку. Будзем спадзявацца, што чацвёртая хваля хутка пойдзе на спад, а пятая ўвогуле не з’явіцца. Будзем здаровы!

Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік