Воскресенье, 5 декабря 2021

Якія задачы ўскладзены на аддзел прымусовага выканання і з якімі праблемамі сутыкаюцца яго супрацоўнікі? На гэтыя і іншыя пытанні адказаў начальнік Міхаіл Крупень

627

Напрыканцы мінулага стагоддзя ў сістэму папраўчага пакарання многія краіны ўнеслі істотныя змены. Акрамя прымусовых работ дзеля аднаўлення ўрону, які ў выніку супрацьпраўных дзеянняў асуджаных быў нанесены дзяржаве або пацярпелым асобам, было вырашана спаганяць суму шкоды эканамічнымі спосабамі — шляхам утрымання грошай з усіх відаў заробкаў або канфіскацыі маёмасці. Менавіта такія задачы былі пастаўлены перад створанай службай прымусовага выканання (спагнання).

У лістападзе 2013 года такое падраздзяленне было арганізавана і ў Беларусі. У кожным раёне зараз дзейнічаюць аддзелы прымусовага выканання. У Пружанскім раёне АПВ у верасні бягучага года ўзначаліў М. В. Крупень, ад якога мы даведаліся пра сучасныя задачы службы, метады іх вырашэння і магчымыя праблемы, з якімі сустракаюцца судовыя выканаўцы.

— Пераважная большасць судовых прыгавораў або рашэнняў звязана з аднаўленнем матэрыяльнага або маральнага урону, — зазначае Міхаіл Вацлававіч. — І не заўсёды добраахвотна асуджаныя выконваюць ускладзеныя на іх абавязкі па кампенсацыі. Некаторыя ўвогуле імкнуцца абысці іх, матывуючы адсутнасцю заробкаў або маёмасці. Падобнае таксама адбываецца па выканаўчых надпісах натарыуса, прадпісаннях або штрафных санкцыях праваахоўных органаў. А з 15 ліпеня бягучага года да спісу выканаўчых спраў дадаліся і рашэнні падатковых органаў.

— Урон супрацьпраўнымі дзеяннямі можа быць прычынены дзяржаве або грамадзянам. І калі ў першым выпадку дзяржаўныя інстытуты могуць дазволіць сабе «чакаць» нейкі час, то людзям хацелася б як мага хутчэй вярнуць страчанае (украдзенае, пазычанае, пашкоджанае і г. д.). Ці ўдаецца ажыццявіць гэта ў максімальна кароткія тэрміны?
— Не заўсёды. З пачатку бягучага года ўзбуджана амаль 5,5 тысяч выканаўчых вытворчасцей на суму каля двух мільёнаў рублёў. З улікам пераходных спраў усяго неабходна было вырашыць больш за 8 тысяч працэсаў на 2,5 мільёна рублёў. Каля 5 тысяч спраў закончана, спагнана 1,6 мільёна рублёў.

Некаторыя выканаўчыя вытворчасці могуць цягнуцца гадамі. Каб паскорыць працэсы, штогод прымаюцца дадатковыя меры ўздзеяння. Так з’явіліся забароны на выезд за мяжу пры наяўнасці неаплачаных штрафаў або аліментаў. Згодна з Дэкрэтам №18, абавязаныя асобы працаўладкоўваюцца для атрымання афіцыйных заробкаў, з якіх робіцца кампенсацыя. Напрыклад, сёлета нам дазволена абмяжоўваць ў праве кіравання транспартнымі сродкамі, спыняючы дзеянне вадзіцельскага пасведчання даўжніка. У выніку перапісаць аўтамабіль на іншую асобу, а самому карыстацца ім ужо не атрымаецца. А здараецца і так, што даводзіцца заканчваць працэс з адмоўным «балансам», калі ў даўжніка няма нічога для спагнання і ў бліжэйшым будучым адсутнічаюць спадзяванні на змяненне сітуацыі.

— Колькі супрацоўнікаў аддзела выконвае такі вялікі аб’ём задач?
— Непасрэдна «палявых» работнікаў у АПВ трое — акрамя мяне, яшчэ дзве супрацоўніцы. Таксама працуюць два рэферэнты, вадзіцель і загадчык спраў.

— Ці здараецца так, што даўжнік агрэсіўна рэагуе на візіт выканаўцаў?
— З падобнымі сітуацыямі даводзіцца сутыкацца, у выніку чаго мы звяртаемся па дапамогу да праваахоўных органаў. Пасля іх умяшання і прыняцця законных мер уздзеяння нярэдка сума запазычанасці даўжніка можа толькі ўзрасці з-за накладання на яго дадатковых штрафаў. Пра гэта мы адразу папярэджваем, калі абстаноўка абвастраецца і набліжаецца да канфлікту. Многія разумеюць папярэджанне і пачынаюць канструктыўна супрацоўнічаць.

— Міхаіл Вацлававіч, апішыце ўмоўны партрэт даўжніка. Гэта абавязкова грамадзянін, які нідзе не працуе і злоўжывае спіртнымі напоямі?
— Сустракаюцца і такія асобы, але яны — не самая вялікая частка таго кантынгенту, з якім нам даводзіцца працаваць. Усё залежыць ад віду запазычанасці. Напрыклад, аліменты даводзіцца спаганяць пераважна з такіх грамадзян. Крымінальныя або натарыяльныя кампенсацыі прызначаюцца часцей за ўсё працаздольным грамадзянам, якія, як кажуць, імкнуліся разжыцца «лёгкім хлебам». У падатковых даўжніках аказваюцца грамадзяне рознага ўзросту і дастатку. Нярэдка гэта могуць быць пажылыя вяскоўцы, якія недастаткова высветлілі абставіны вырашэння маёмасных спраў або аперацый з нерухомасцю.

Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік