Воскресенье, 5 декабря 2021

Не даць знікнуць прыходу. Cвята-Пакроўская царква ў в. Гарадзечна адзначыла 30-годдзе з дня аднаўлення

381

14 кастрычніка падчас свята Пакрова Божай Маці прыхаджане Гарадзечненскай Свята-Пакроўскай царквы адзначылі 30-годдзе з дня аднаўлення і новага асвячэння сваёй святыні, узведзенай у 1825 годзе.

Урачыстае богаслужэнне правёў настаяцель прыхода айцец Георгій Хадыніцкі, які вось ужо 17 гадоў верай і праўдай служыць у храме і сваімі пранікнёнымі малітвамі і пропаведзямі вучыць прыхаджан высокім хрысціянскім ідэалам.

30 год праімчаліся, як адно імгненне. Ужо адышло на вечны спачын цэлае пакаленне прыхаджан, якія на ўласныя зберажэнні з дапамогай мясцовага калгаса ўратавалі сваю святыню. А тыя, хто дажыў да гэтай даты, атрымалі з рук святара лісты ўдзячнасці.

Безумоўна, трэба шчыра прызнаць, што наш праваслаўны прыход, як і многія іншыя, пусцее, менш старых становіцца ў вёсках, а моладзь мала цікавіцца царкоўным жыццём. Сумныя ноткі прагучалі ў выступленнях святара і асобных прыхажан. Сапраўды, праз адно-два дзесяцігоддзі храм абязлюдзее канчаткова, а каб гэтага не здарылася, неабходны прыток у гэты маляўнічы край насельніцтва.

Рэальным выйсцем з сітуацыі, як мне здаецца, магло б стаць «новае жыццё» закрытай у Гарадзечне школы. Будынак выстаўлены сёння на аўкцыён. Застаецца толькі спадзявацца, што знойдзецца дбайны гаспадар, які адкрые тут маладзёжны рыцарскі цэнтр, ці прытулак для пажылых людзей, а можа наогул прадпрыемства па перапрацоўцы грыбоў і ягад, якімі спрадвеку багаты гарадзечненскі край.

Будзе сумна, калі ўнікальныя помнікі нашай шматпакутнай гісторыі і культуры знікнуць назаўсёды.

Леанід Несцярчук, кандыдат гістарычных навук, ураджэнец в. Харкі

Фотаздымак з сайта fotobel.by