Пятница, 29 марта 2024

Лёгкай службы, пружанскія хлопцы! Рэпартаж з восеньскага Дня прызыўніка

1 449

Хаця тых хлопцаў, што сталі галоўнымі героямі восеньскага Дня прызыўніка, у поўнай меры яшчэ нельга назваць салдатамі, першы крок да гэтага звання яны ўжо зрабілі. Як расказвае ваенны камісар Пружанскага раёна К.У.Шаўчэнка, у гэты прызыў павесткі атрымала 70 чалавек.

Заўважым, што на прызыўны пункт з’явіліся амаль усе: адшукваецца толькі адзін «ухіленец».

Будучым салдатам давядзецца служыць ва ўнутраных і пагранічных войсках, папоўніць падраздзяленні сіл спецыяльных аперацый і супрацьпаветранай абароны. А раз’едуцца яны па розных кутках нашай краіны — Мінск, Гродна, Гомель, Мар’іна Горка, Слонім…

Першы дакумент на званне салдата юнакі атрымалі ва ўрачыстай абстаноўцы ў гарадскім Палацы культуры. Ваенкам зачытаў прызыўнікам Загад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і павіншаваў віноўнікаў урачыстасці з пачаткам дарослага жыцця.

Як падкрэсліў старшыня ДТСААФ, ветэран вайны ў Афганістане В.М.Гарахавіцкі, да святочных дзён ва ўласным календары кожнага з прысутных хутка дабавіцца яшчэ адзін — дзень таго роду войскаў, дзе ім давядзецца служыць. Валерый Мікалаевіч пажадаў прызыўнікам не страціць ні сваю годнасць, ні гонар баявых таварышаў, ні аўтарытэт Радзімы. І нагадаў, што толькі пасля службы ў арміі яны змогуць з поўным правам лічыцца абаронцамі Айчыны.

Ва ўручэнні павестак таксама прыняў удзел памочнік начальніка аддзела аховы С.В.Ільяшэвіч, які назваў прызыў стартам новай жыццёвай школы, праз навучанне ў якой салдаты атрымліваюць выдатную магчымасць набыць новыя веды і ўменні, а яшчэ верных сяброў.

Прыўзняты настрой мерапрыемству надалі артысты Палаца культуры, выступленні якіх будучыя салдаты суправаджалі шчырымі апладысментамі.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбом з урачыстага мерапрыемства шукайце тут: https://vk.com/album-23306785_281276736