Пятница, 29 марта 2024

Вольга і Сяргей Калюты адзначылі «сярэбранае» вяселле! Дзеці арганізавалі для мамы і таты ўрачыстую рэгістрацыю шлюбу ў Пружанскім ЗАГСе

1 398

— Нічога не разумеем! Як мы маглі прапусціць такое свята? — шчыра здзіўляліся Улад і Вераніка Калюты, калі малымі праглядалі сямейны альбом, а потым і вясельнае відэа, на якім мама ў сваёй белай сукенцы была вельмі падобная на прынцэсу. Бацькі, гледзячы на іх, пасмейваліся.

Прайшлі гады, двайняты падраслі, нешта зразумелі, але… вырашылі “нагнаць упушчанае”. Неўзабаве і нагода з’явілася: у мамы з татам намячалася сярэбранае вяселле. Чаму б яго не правесці па ўсіх законах жанру?

— Запланаваная ўрачыстая рэгістрацыя з нагоды 25-годдзя сямейнага жыцця, на якой прысутнічалі самыя родныя людзі на чале з маім татам, стала нечаканым для нас з мужам падарункам. Але нічога не заставалася, як толькі пагадзіцца, ды і муж не супраціўляўся, — усміхаецца «сярэбраная» юбілярка.

Ад усёй душы Вольга Мікалаеўна і Сяргей Іванавіч Калюты дзякуюць сваім дзецям і начальніку аддзела ЗАГС Наталлі Цібароўскай за свята, якое стала для іх адным з самых яркіх момантаў гэтага года.

Так, дзеці ў сям’і спецыяліста ААТ “Пружанскае” і метадыста аддзела па адукацыі райвыканкама, аказаліся яшчэ тымі арыгіналамі. Старэйшая Кацярына (дарэчы, яна была ў курсе задумы брата і сястры, але сакрэт раней часу не выдала) чатыры гады таму ўжо станавілася гераіняй нашай публікацыі. На той момант студэнтка факультэта міжнародных адносін БДУ ў складзе ўніверсітэцкай каманды выйшла ў фінал прэстыжнага міжнароднага конкурсу і на французскай мове выступала ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека ў якасці юрыдычнага дарадцы. Каця ўжо скончыла магістратуру БДУ і цяпер працуе ў адным з прадзюсарскіх цэнтраў Мінска.

Вераніка прафесійна займаецца футболам і з верасня мінулага года вучыцца ў рэспубліканскім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Не адстае ад любімай сястрычкі і Улад. Ужо каля дзесяці гадоў ён займаецца хакеем з шайбай, вучыцца ў спартыўным класе СШ № 3 г. Бяроза і ў складзе каманды нават стаў прызёрам рэспубліканскага першынства па хакеі ў сваёй узроставай катэгорыі.

— Нашы дзеці вераць у сябе, займаюцца любімымі справамі. І мы рады, што ў іх планах на будучыню няма пункта “здзівіць кагосьці” або “даказаць штосьці”. Яны робяць тое, ад чаго самі атрымліваюць задавальненне. Кожны з іх прыйшоў у гэты свет для вырашэння нейкай сваёй місіі, мы павінны гэта толькі прыняць і падтрымаць.

У сям’і Калютаў пануюць душэўная блізкасць, разуменне і давер. Дзеці разумеюць, што бацькоўскі дом — гэта самае бяспечнае месца на зямлі. І абавязкова будуць сюды вяртацца. Ва ўсякім выпадку, як мы пераканаліся, шчаслівыя сямейныя даты яны не забываюць.

— Дзякуй ім за ўсё, мы нават не думалі, што праз 25 гадоў можна перажыць такія ж эмоцыі, як падчас вяселля, — прызнаюцца муж і жонка.

А як усё пачыналася? Як ва ўсіх — з сустрэчы. Вольга Мікалаеўна, якая вырасла ў атмасферы любові і клопату, заўсёды ведала, што мужам стане той, хто па сваіх маральных якасцях будзе падобны на яе тату ці дзядулю. Са свайго боку, яна гатова была растварыцца ў сваёй будучай палавінцы, як у свой час яе матуля. Так і атрымалася.

— Безумоўна, усё, што фарміруецца ў галаве ў юнацкім узросце, некалькі адарвана ад рэалій жыцця. Але, маючы перад вачыма добрую школу ўзорных сямейных адносін, я смела ўступіла ў шлюб, усвядоміўшы за год знаёмства, што менавіта гэтага чалавека я хачу бачыць побач з сабой усё жыццё, — прызнаецца жанчына.

Пра тое, якім павінен быць сапраўдны мужчына, ведаў і Сяргей Калюта.

— Каханне, якое за гады шлюбу праходзіць праз тысячу выпрабаванняў, — самы вялікі цуд, хоць і самы штодзённы, — кажа юбіляр. – Я шчаслівы ў сябе дома. І ўвогуле лічу, што лепшае, што бацька можа зрабіць для сваіх дзяцей, — гэта кахаць іх маці. Было б неразумна сцвярджаць, што нашы адносіны з часам не змяніліся. Але мы сталі нават бліжэй адзін да аднаго. Сумесна перажытыя моманты шчасця, калі на свет з’яўляліся нашы дзеці, а таксама бытавыя праблемы, якія ёсць у кожнай сям’і, страты блізкіх… — усё гэта сёння дае магчымасць гаварыць пра нас з Вольгай, як пра адно цэлае. Мы разумеем адзін аднаго нават без слоў…

— У той жа час, за што я асабліва ўдзячна мужу, за 25 гадоў ніхто з нас не страціў сваёй індывідуальнасці, — кажа Вольга. — На многія рэчы мы глядзім па-рознаму, але так цікавей жыць, заўсёды ёсць новыя тэмы для размовы, для жартаўлівых спрэчак. Самае галоўнае — паважліва выслухоўваць нават тыя думкі, якія табе, на першы погляд, падаюцца бязглуздзіцай. Мастацтва саступаць у сямейным жыцці, мабыць, больш дзейснае, чым мастацтва перамагаць. Сямейнае жыццё — нібы доўгі парны танец, усё роўна які, полька, вальс ці танга. Уся ўвага — жанчыне, але галоўным застаецца мужчына. Ён задае накірунак, а жанчыне трэба ісці за ім… Вось і ўвесь наш сакрэт.

Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік