Воскресенье, 5 декабря 2021

Свежая агародніна прама з поля! У ААТ «Пружанскае» падыходзіць да завяршэння збор вітаміннага ўраджаю

633

ААТ «Пружанскае» за шмат гадоў работы ў раёне ведаюць як вытворцу якаснай агародніны. І няхай пад буракі, моркву і капусту ў гаспадарцы адведзены не самыя вялікія плошчы, попыт на свежую прадукцыю ў асенні час значны. У чарговы раз пацвердзіў гэта кірмаш «Пружанская восень»: каля машыны сельгаставарыства збіралася чарга. Між тым, у гаспадарцы ўборка ўраджаю вядзецца ўжо чацвёрты тыдзень і выходзіць на фінішную прамую.

Буракі сёлета займаюць найбольшую плошчу сярод іншай агародніны — 20 гектараў.

Перш за ўсё – сталовыя буракі, ну, а капуста з морквай – потым. Такую тактыку выбралі ў «Пружанскім» сёлета. За ўборкай караняплодаў на завяршальнай стадыі мы і засталі работнікаў гаспадаркі. Па радках буракоў праходзіць трактар «Беларус», да якога прычэплены камбайн «Grimme». Паляводы Ганна Шаўчук і Таццяна Гаўра пільна сочаць, каб разам з буракамі ў кузаў аўтамабіля не трапляла каменне. Таццяна – малады спецыяліст, прыйшла на адпрацоўку вясной, пасля заканчэння каледжа па спецыяльнасці «Аграномія».

Палявод Таццяна Гаўра.

— За некалькі месяцаў работы ў сваім выбары я не расчаравалася. Працаваць у таварыстве падабаецца. Галоўнае тут, як і ў любой сферы, — падыходзіць да справы адказна, — расказвае дзяўчына.

Галоўны аграном ААТ «Пружанскае» Пётр Васільевіч Федасюк.

Па словах галоўнага агранома Пятра Васільевіча Федасюка, буракі сёлета займаюць найбольшую плошчу — 20 гектараў. Акрамя беларускага гатунку «прыгажуня», на палях таварыства ў гэтым сезоне можна было ўбачыць галандскі гібрыд «bonel».

Па 5 га адведзена пад капусту і моркву. Каб качаны можна было выкарыстаць і на салаты, і на закваску, у «Пружанскім» пасадзілі высокаўраджайны позняспелы гатунак капусты «зімовая». Ён распрацаваны РУП «Інстытут агародніцтва» НАН Беларусі і аграрыяў радуе. А морквы два гатункі – «доўгая чырвоная» і «чырвоны велікан».

— Спецыяльна да кірмашу мы якраз і ўбралі крыху капусты і морквы. Нашу агародніну пружанцы любяць, асабліва капусту. Яе рэалізавалі 10 тон. Таксама ў суботу прадалі 1,5 тоны морквы і 1,7 тоны буракоў, — кажа Пётр Васільевіч.

Пераборка і сарціроўка буракоў у Сланімцах.

Ураджай з поля перавозіцца ў Сланімцы. Тут, непадалёк ад канторы, яго перабіраюць і сарціруюць. Да прыкладу, вялікія буракі ідуць на склад і рэалізацыю, дробныя – на корм жывёле. Перыяд уборкі агародніны ў «Пружанскім» некаторыя жыхары раёна выкарыстоўваюць як магчымасць падзарабіць. Прычым робяць гэта не першы год. Так Ніна Міхайлаўна Мацэвіч прыходзіць у гаспадарку больш за 15 гадоў запар. «Хоць мне і 74 гады, але сядзець на месцы не магу! Таму, як толькі пачынаецца ўборка буракоў, еду ў таварыства», — кажа жанчына.

Зарэкамендавалі сябе як добрыя працаўніцы і многія іншыя пенсіянеркі. Пасля іх карпатлівай працы добры ўраджай адправіцца на сховішча ў Аранчыцы. Загадчыкам там — Мікалай Мікалаевіч Плеска.

Сховішча агародніны ААТ «Пружанскае» ў Аранчыцах.

Магутнасці дазваляюць захоўваць тут да 1000 тон ураджаю. На момант візіту карэспандэнтаў на сховішчы, па словах Мікалая Мікалаевіча, было ўсяго крыху больш за 100 тон буракоў. Але неўзабаве сюды пачне звозіцца і іншая прадукцыя. Праўда, як расказаў Мікалай Мікалаевіч, у гаспадарцы вельмі стараюцца, каб агародніна не залежвалася, а хутчэй трапіла да спажыўца. Гэта гарантыя таго, што ў наступным годзе ён абавязкова завітае на кірмаш і, перш за ўсё, адправіцца да машыны з шыльдачкай «Агародніна ад ААТ «Пружанскае».

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік