Воскресенье, 5 декабря 2021

П’яны інструктар аўташколы, які навучаў ваджэнню ў Пружанах, атрымаў штраф і пазбавіўся права кіравання транспартам на 5 гадоў

915

Напачатку кастрычніка ўвесь байнэт абляцела навіна пра тое, што ў Пружанах раніцай чацвёртага кастрычніка нарад ДАІ спыніў на вуліцы Чырвонаармейскай вучэбны аўтамабіль Daewoo. За рулём сядзела курсантка, а сам інструктар быў побач і ад яго пахла алкаголем. У дадатак, ён не меў пры сабе вадзіцельскага пасведчання.

Як паведамляе начальнік аддзялення ДАІ Сяргей Мышкевіч, выкладчыка даставілі на медасведчанне, дзе ў парах выдыхаемага паветра было зафіксавана 1,5 праміле алкаголю. Інспектары склалі адміністрацыйны пратакол за кіраванне ў стане алкагольнага ап’янення.

Гэта навіна выклікала шматлікія каментарыі. Шэраг каментатараў выказваў абурэнне дзеяннямі праваахоўнікаў: маўляў, інструктар не быў за рулём машыны.

— Сапраўды, парушальнік сядзеў побач, — зазначае Сяргей Міхайлавіч. — Але машына абсталявана тэхнічнымі прыладамі кіравання і на яго месцы. Таксама ён мае права ў любы момант узяцца за руль. А вось курсант, пакуль вучыцца, не можа лічыцца вадзіцелем. Акрамя таго, трэба звярнуць увагу і на маральны бок гэтай сітуацыі. Чаму можа навучыць п’яны інструктар па ваджэнні?

Праз некалькі дзён было прынята рашэнне: парушальнік атрымаў штраф у памеры 200 базавых велічынь, пазбаўленне права кіравання транспартнымі сродкамі або займацца адпаведнай дзейнасцю на тэрмін 5 гадоў.

У дадатак, зарэгістраваны асобны матэрыял у дачыненні да факта знаходжання на лініі нецвярозага работніка арганізацыі. Ён павінен быў прайсці ранішні медагляд і атрымаць допуск ва УАЗ «Пружанскае ЦРБ». Дакладна вядома, што парушальнік у той дзень там не быў, але ўсе абставіны вызначыць праверка, якая праводзіцца па гэтым факце.

Алег Сідарэнка