Воскресенье, 5 декабря 2021

«Адвязка» транспартнага падатку ад тэхагляду вярнула яго папулярнасць. Сітуацыю ў раёне патлумачыў начальнік аддзялення ДАІ Сяргей Мышкевіч

536

Сёлета рэзка памянялася сітуацыя з праходжаннем тэхагляду ўладальнікамі прыватных аўтамабіляў. На афіцыйным узроўні ў папярэднія гады было прызнана, што дзве трэці беларускіх аўтааматараў ігнаравала гэту працэдуру. І звязана гэта было з неабходнасцю аплаты дарожнага збору. Напрыканцы мінулага года было вырашана «адвязаць» абавязковыя плацяжы ад тэхагляду і перавесці іх у катэгорыю падаткаў. Таму, незалежна ад жадання ўладальніка аўто, транспартны падатак трэба будзе плаціць у любым выпадку. З-за гэтага колькасць тых, хто раней ігнараваў патрабаванне заканадаўства адносна атрымання афіцыйнага дазволу на ўдзел у транспартным руху, істотна паменшала. Такое развіццё сітуацыі выклікала адабрэнне з боку супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі. Як зазначае начальнік аддзялення ДАІ Пружанскага РАУС С. М. Мышкевіч, радуе менавіта ў тым плане, што зніжаецца аварыйная рызыка на дарогах.

— Замена дарожнага збору на транспартны падатак прывяла да таго, што сёння падчас рэйдаў выяўляецца за змену адзін, зрэдку два парушальнікі, якія ездзяць на аўто без ТА, — тлумачыць Сяргей Міхайлавіч. — У параўнанні з сітуацыяй 2020 года, гэта істотнае зніжэнне. Тады стабільна да адміністрацыйнай адказнасці за адсутнасць дазволу за змену прыцягвалі з дзясятак вадзіцеляў. І магу з упэўненасцю зазначыць, што падобная сітуацыя адбывалася па ўсёй рэспубліцы, бо палова затрыманых намі была з нумарамі іншых рэгіёнаў Беларусі.

— Якая статыстыка ў бягучым годзе?
— Толькі пятая частка з тых, хто сёлета прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за адпаведнае парушэнне, нашы землякі. Сярод юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў амаль што не рэгіструем парушальнікаў.

Даведка «РБ»
Паводле інфармацыі УП «Белтэхагляд», на сённяшні дзень колькасць тых, хто прайшоў ТА, амаль у тры разы большая за аналагічны паказчык у адпаведным перыядзе 2020 года. Толькі ў Пружанах афіцыйны дазвол, як паведамляе інжынер па допуску транспартных сродкаў І. В. Патапчук, атрымала трэць ад агульнага аб’ёму аўтамабілістаў. І гэта з улікам таго, што некаторыя праходзяць агляд у іншых рэгіёнах.

Раней у людзей быў выбар: эканоміць грошы, парушаючы правілы, ці траціць іх, каб не мець прэтэнзій з боку ДАІ. Напрыклад, здараліся выпадкі, калі затрыманы парушальнік прызнаваўся, што свядома не праходзіў тэхагляд і не будзе яго праходзіць, бо яму «выгадней заплаціць адзін-два-тры разы штраф, чым выдаткоўваць грошы на дарожны збор». То цяпер таго выбару няма, бо транспартны падатак трэба выплачваць абавязкова. І дадаткова плаціць штраф за адсутнасць ТА нікому не хочацца.

— Як інспекцыя ДАІ ставіцца да парушальнікаў зараз?
— Згодна з арт.18.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, на першы раз мы даём папярэджанне. За другое парушэнне Правілаў дарожнага руху, якое звязана з адсутнасцю ТА, выпісваецца штраф да 3 базавых велічынь, а за паўторнае — ужо да 5 Б.В.

У дадатак прызнаюся, што выявіць аўто без тэхагляду стала значна прасцей. Раней, калі гэта было звязана з фінансавай «вілкай», эканомілі не толькі тыя, у каго аўто было ў дрэнным стане, а і вадзіцелі, хто меў тэхнічна спраўную машыну. Цяпер жа добра дагледжаны аўтамабіль не мае сэнсу спыняць, бо можна на 99% быць упэўненым, што дазвол на ўдзел у дарожным руху яго ўладальнік мае.

— А што наконт аварыйнай сітуацыі? Адзін з нашых чытачоў выказаў сумненне ў тэхнічнай мэтазгоднасці ТА: маўляў, гэта больш збор грошай, чым павышэнне бяспекі на дарогах?
— Не пагаджуся з гэтым меркаваннем і спадзяюся, што чытачы «раёнкі» палічаць мае думкі больш аб’ектыўнымі з-за адсутнасці якой-небудзь фінансавай зацікаўленасці ДАІ ў грашовых зборах на станцыях дыягностыкі. Штогод рэгіструецца нямала аварый па прычыне пашкоджанага кола, якое з-за вялікага зносу не вытрымала нагрузкі падчас язды. На станцыі такі аўтамабіль не атрымаў бы дазвол. Таксама былі выпадкі, у тым ліку і ў раёне, калі прычынай ДТЗ стала аслабленая тармазная сістэма. А самастойна вызначыць яе стан вельмі складана. Тым больш, устанавіць, ці тармозяць усе колы адначасова. З улікам такіх здарэнняў аспрэчваць неабходнасць тэхагляду неразумна.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік