Среда, 10 августа 2022

На «Пружанскай восені» вітамінаў хапіла ўсім! Расказваем, што і па якім кошце можна было набыць на кірмашы ў райцэнтры

1 109

Трэба прызнаць, што традыцыйныя восеньскія кірмашы сельскагаспадарчай прадукцыі не маюць той папулярнасці, што была, напрыклад, яшчэ з пяць гадоў таму. Сёлетняя «Пружанская восень» таксама не вызначылася па колькасці і гандляроў, і пакупнікоў.

«Паспрыяла» гэтаму нямала акалічнасцей, самая галоўная з якіх — складаная эпідэміялагічная абстаноўка. У прыватнасці, па гэтай прычыне былі адменены культурна-забаўляльная праграма, арганізацыя месцаў грамадскага харчавання. Да таго ж, цяпер практычна ўсю садавіну і агародніну без праблем зімой і вясной можна набыць у магазінах — і не трэба дома ствараць патрэбныя ўмовы для іх захоўвання.

Немалую ролю, як прызнаваліся некаторыя пружанцы, адыгралі і цэны на сельгаспрадукцыю: прыкладна тыя ж самыя, што і звычайна ў магазінах і на рынку. З-за чаго, напэўна, таксама вялікіх чэргаў каля іх аўтамабіляў і прылаўкаў не назіралася.

Умоўна ўся гандлёвая пляцоўка кірмашу складалася з дзвюх частак, якія амаль што не перасякаліся адна з адной. Велікагрузныя аўтамабілі з агароднінай і збожжам з розных акцыянерных таварыстваў раёна размясціліся за Палацам культуры. Гэта месца зручна тым, што бліжэй можна пад’ехаць на легкавіку або мотаблоку, што многія з пакупнікоў і рабілі. Сапраўды, зерне, бульба і капуста важаць нямала, а несці мяшкі ў адваротным выпадку давялося б далёка.

Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі сачылі толькі за парадкам, не замінаючы нікому.

Другая частка кірмашу размясцілася на пляцоўцы паміж саборам і «Белымі лаўкамі». Часова там былі зняты абмежаванні, што дазволіла размясціцца ўсім жадаючым. На пружанскі кірмаш з’ехаліся фермеры не толькі з Пружаншчыны, а таксама з суседніх раёнаў. Адзін прыехаў нават са Століна, прапануючы вырашчаныя на Палессі капусту, цыбулю і бульбу.

Наогул прыватныя прадаўцы прывезлі нямала прадукцыі, хаця істотнай разнастайнасцю яна не адрознівалася. Стандартны набор агародніны, але па крыху большай цане, чым у сельгаспрадпрыемстваў. У некаторых у асартыментным спісе былі пералічаны нават агуркі, не гаворачы пра перац або таматы. Але нічога гэтага на прылаўках не аказалася, толькі адзін з фермераў прапаноўваў памідоры, у другога можна было набыць перац. Пераважная большасць гандлявала цыбуляй, морквай, буракамі, капустай і бульбай. Адзін з гандляроў прывёз грушы, кошт якіх вызначыў у тры рублі.

Пляцоўка, што раней займалі прадаўцы саджанцаў, як пладовых, так і дэкаратыўных, сёлета скарацілася амаль удвая. Хаця і той асартымент, што быў у наяўнасці, задавальняў нават самых запатрабавальных пакупнікоў. Многія ахвотна набывалі новыя гатункі яблынь, груш або экзатычных абрыкосаў ды персікаў. Склаўся бізнес і ў тых, хто прывёз кветкі і кусты для азелянення прысядзібных участкаў.

У цэнтры горада амаль што ўсю вуліцу Савецкую занялі рамеснікі і прадаўцы розных бытавых тавараў. Але вялікага інтарэсу з боку пружанцаў яны не выклікалі, хаця некаторыя і набывалі ручныя вырабы ў якасці сувеніраў і падарункаў.

Больш цікавымі для людзей былі прылаўкі з прадукцыяй пчальнікоў, што прапаноўвалі прыватныя гандляры, і ў палатцы ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс».

Чарга стварылася і каля машыны з жывой рыбай, што накіраваў у Пружаны рыбгас «Сялец». Дарэчы, цыстэрна паехала дадому пустой, бо гараджане ахвотна разабралі ўсіх карпаў, таўсталобікаў і амураў.

На плошчы чэргі выстройваліся да палатак малочнага камбіната, райспажыўтаварыства, а таксама ля мясных павільёнаў акцыянерных таварыстваў «Жураўлінае» і «Ружаны-Агра». Апошняя гаспадарка, дарэчы, прывезла і яблыкі ажно пяці гатункаў, якія пакупнікі набывалі, як «гарачыя піражкі». Тым больш што кошт на гэту прадукцыю быў больш дэмакратычны, чым на іншых прылаўках.

Што тычыцца цэн, то яны выглядалі наступным чынам:
ячмень — 50 кап.,
трыцікале — 55 кап.,
пшаніца — 55 кап.,
бульба — 80-90 кап.,
морква — 70-71 кап.,
буракі харчовыя — 70-71 кап.,
капуста — 80-92 кап.,
часнок — 5 руб. 50 кап.,
цыбуля — 80 кап. — 1 руб. 20 кап.,
таматы — 2 руб. — 3 руб. 14 кап.,
перац — 1 руб. 43 кап.,
журавіны — 6 руб. 70 кап.,
яблыкі — 1 руб. 57 кап. (у сельгаставарыствах 1 руб. 10 кап.).

Бульбу на адной з машын можна было набыць за 75 капеек за кілаграм, пакупнікі яе першай і разабралі. Пераважная частка прадаўцоў вызначыла мяжу ў 80 капеек, а доследная станцыя прапаноўвала суперэліту па 99 кап. У прыватных прадаўцоў кошт кілаграма «другога хлеба» быў не менш за 90 капеек.

Між тым, нягледзячы на адсутнасць натоўпаў па агародніну, нельга сцвярджаць, што сэнсу праводзіць падобныя мерапрыемствы няма. На кірмашы за паўдня яго працы пабывала некалькі соцень пакупнікоў. І, думаецца, ніхто не пайшоў незадаволеным, свежых вітамінаў хапіла ўсім.

Па папярэдніх падліках вынікам кірмашу «Пружанская восень» стала выручка ў 42 тысячы рублёў. Рэалізавана 15 тон бульбы, 17 тон капусты, 4 тоны буракоў, крыху больш за 3 тоны цыбулі і 3,5 тоны яблык.

Таксама трэба ўлічыць і тое, што многія гараджане па-ранейшаму імкнуцца рабіць «стратэгічны запас» на зіму, што не ва ўсіх ёсць транспарт, каб з’ездзіць у Клепачы, Кабылаўку або Ружаны па яблыкі, купіць у Сланімцах капусты, а ў Лінове — бульбы і гэтак далей. А тут прадаўцы з’ехаліся самі ў адно месца.

Хочацца заўважыць, што актыўна працавала сацыяльная служба дастаўкі, аўтамабіль якой дапамагалі загружаць-разгружаць валанцёры «Добрага сэрца» БРСМ і раённай суполкі ГА «Белая Русь».

Дарэчы, калі матэрыял быў падрыхтаваны да друку, у рэдакцыю патэлефанавала жанчына, якая прадставілася як Ганна, і папрасіла падзякаваць прыгожым душой юнакам-валанцёрам, якія дапамаглі ёй загрузіць у сацыяльнае таксі купленае зерне, а дома выгрузілі і занеслі ў хлеў. «Вялікі дзякуй вам, хлопчыкі, вялікі дзякуй арганізатарам такой дастаўкі!».

Алег Сідарэнка. Фота аўтара