Воскресенье, 5 декабря 2021

Да дня нараджэння нашай «раёнкі» прапануем увазе чытачоў артыкул пра Мікалая Дзмітрыевіча Антаноўскага. Ён 32 гады ўзначальваў «Раённыя будні»

2 419

Сярэдзіна кастрычніка — гэта не толькі залатая восень, свята Пакроў і Дзень маці. Гэта і дзень нараджэння нашай «раёнкі», які мы з зайздросным пастаянствам імкнемся адзначаць не толькі ў юбілейныя гады. Напярэдадні свайго чарговага рэдакцыйнага свята прапануем увазе чытачоў артыкул пра чалавека, які 32 гады ўзначальваў «Раённыя будні», — Мікалая Дзмітрыевіча Антаноўскага.

На геаграфічнай карце гэта звычайны населены пункт, дзе людзі спакон веку  аруць зямлю, сеюць жыта, спяваюць задушэўныя паляшуцкія песні. Мала каму вядомая вёска Сташаны, што прыткнулася да ўскрайку Пінскіх балот, у любую пару года зачаруе маляўнічымі навакольнымі краявідамі, дзе бор дык бор, дзе гай дык гэта гай!

Калі ты паэт па натуры, то ў натхненні табе не адмовяць ні крыклівыя перапёлкі ў жыце, ні беластвольныя бярозкі за вёскай, ні самі працавітыя сташанаўцы — людзі наогул стрыманыя, памяркоўныя,  якія не любяць выстаўляцца напаказ.

Менавіта адсюль, з вёскі Сташаны, малады паэт Мікола Антаноўскі ішоў на вайсковую службу, выбіраўся ў газету “Савецкае Палессе” на пасаду літсупрацоўніка, пазней ехаў на вучобу ў дзяржуніверсітэце, аб чым ніколі не забывае, а той дзіцячы і юнацкі час, праведзены дома, пад бацькоўскім крылом, згадвае ў вершах з вялікай удзячнасцю: 

З якіх глыбінь, з якіх вышынь 
Я чую голас несціханы, 
Які нясе цяпло душы,  
Магнітам вабіць у Сташаны? 
 
І з тых вышынь, і з тых глыбінь 
Блакіт і светлыня аднойчы, 
Каб не журыўся я адзін, 
Запаляць зорку сярод ночы. 
 
З плеч ападзе надзённы тлум, 
Калі лагодна і шчасліва 
Вячэрняй зоркі светлы сум 
З вышынь пральецца цудным дзівам. 
 
І цяпер, і значна раней на прыезд шаноўнага госця палескія Сташаны “запаляць зорку сярод ночы” зусім невыпадкова, бо гэты неадназначны факт для Міколы Антаноўскага звязаны, перш за ўсё, з “куццёй” — днём свайго нараджэння.

Ёсць павер’е: густыя зоркі ў калядную ноч абяцаюць багаты ўраджай, здаровы маладняк жывёлы, удачу і плён у працы. Калі вечарам на Каляды прыціскае марозік, дзьме парывісты вецер, а пад раніцу неба прасвятлее і дзе-нідзе замігаюць яркія зоркі, то гэта для самабытнага творцы і сапраўды добры знак, які “з вышынь праліўся цудным дзівам”.

Хлопцы з майго пасляваеннага пакалення, а Мікола недалёка ад яго адышоўся, начытаўшыся цудоўных кніг, з дзяцінства жылі ў чароўным і страшнаватым свеце казак братоў Грым, дзе злосная пані Мяцеліца адпраўляе малых дзяцей збіраць фіялкі сярод глыбокіх сумётаў. Доўгімі зімовымі вечарамі ўваччу і праўда мог праявіцца з-пад снегу рэальны летні малюнак — акурат такі ж, як і ў вобразным вершы сташанаўскага каляднага абранніка: 

На расцяробах, на палянах 
На злосць дакучлівай слаце, 
Людзьмі і зверам не таптаны, 
Мой святаяннік зноў цвіце — 
Як сонейкі ў зялёных травах 
На скрыжаванні ўсіх вятроў… 
 
Цяжка сказаць, якая зіма стаяла ў далёкім 1952 годзе, хутчэй за ўсё, з халадамі, завеямі, але сельсаветам зафіксавана дакладна: аўтар працытаваных радкоў нарадзіўся траскучымі студзеньскімі маразамі — на “куццю” перад Калядамі. Таму над выбарам імя немаўляці бацькам не трэба было і турбавацца, бо, як вядома, шостага студзеня па царкоўным календары — гэта дзень Аўгінні, Клаўдзіі, святога Міколы.

Ёсць яшчэ адна “калядная” акалічнасць, пра якую нельга не згадаць. Беларуская сям’я, калі сядала за стол есці “куццю” — рытуальную страву з ячных ці іншых круп, абавязкова жадала ўсім шчасця, здароўя, дабра. Пра гэтую старадаўнюю традыцыю менш за ўсё варта напамінаць Міколу Антаноўскаму, бо ўся ягоная паэтычная творчасць мае народныя карані і вытокі, а пра гэта якраз і сведчыць канцоўка верша “Святаяннік”: 

Ёсць на зямлі ў мяне дзяржава — 
Надзея, вера і любоў — 
У паплавах, у расцяробах, 
Дзе святаяннік залаты — 
Ад адрачэння засцярога, 
Мой спадарожнік дабраты. 
 
Сваю першую кнігу паэзіі, якая выйшла ў папулярнай серыі “Бібліятэка часопіса “Маладосць”, паэт так і назваў — “Святаяннік”. Заўважым, лірычны герой вершаў Міколы Антаноўскага мае абвостранае пачуццё трывогі за лёс палескага краю, неабыякавы да трагічных падзей нашага імклівага і жорсткага часу. 

Творца настойліва шукае вытокі беларускіх крыніц і роднага слова, чалавечай дабрыні і зла, мастацкімі сродкамі выказвае ўдзячнасць землякам і вёсцы Сташаны за хлеб-соль, за ліпеньскі медазбор і зязюлю ў росным садку. 

Ён — закончаны лірык, які тонка адчувае прыроду, складаны ўнутраны свет чалавека. Няма ў яго  вершах высокай палітыкі, няма завугольнага бурчання на ўчарашнія і сённяшнія парадкі. Ёсць галоўнае — боль і гарэнне душы, відавочнае і жывое трапятанне паэзіі. 

Святаяннік, як вядома, купальская лекавая расліна.  Народная назва — зёлкі святога Яна. Як яно і ёсць у прыродзе, першая кніга паэта названа важка і прыгожа. Аднак не менш прыгожая, дакладная назва і другой кнігі — “Падсочаны бор”.  Праўда, хвоі, з якіх бяруць жывіцу, доўга кволяцца, хварэюць, а то і сохнуць. Вобраз знямоглых дрэў, які мае сімвалічнае значэнне, праходзіць у той ці іншай афарбоўцы праз многія вершы зборніка. 

Падсочаны бор знемагае, 
Дзе цішу ляснік сцеражэ. 
Мне ціша між дрэў дарагая, 
А хвоі ў цішы — даражэй. 
 
Стазвонны бор, гэты “векавы і юны харашун”, кожнаму з нас патрэбен не толькі як нейкая запаведная зялёная прастора для адпачынку і збору грыбоў і ягад, але і як эліксір, гаючы сродак для нашых збалелых сэрцаў і спакутаваных душ. Нездарма лірычны герой кнігі прыходзіць “пад сівыя кроны”, каб напіцца маральнай чысціні, павучыцца ў дрэў мудрасці і дабраце.

Зразумела, усё гэта метафары, але за высокімі, кашлатымі хвоямі ва ўсёй велічы і харастве паўстае роднае Палессе з яго рэальнымі праблемамі і турботамі, з яго “валунамі надзеі” і “птушкамі чарнобыльскай зоны”.

Вобразы прадзедаў, бацькі, маці, землякоў-сучаснікаў, гэтак жа, як і сілуэты жаўранка і каршучка над жытам, напоўнены канкрэтным зместам і, пэўна, таму маюць вялікую прыцягальную сілу, здольную развеяць смутак і горыч, прыдаць веры і аптымізму. 

Абодва зборнікі, як і пазнейшыя шматлікія публікацыі аўтара ў перыёдыцы, мелі поспех у рэцэнзентаў і чытачоў. На кніжныя навінкі цёпла адгукнуліся Алесь Марціновіч, Уладзімір Саламаха, Васіль Жушма, Кастусь Мохар і іншыя. Так у артыкуле “Каб каля роднага скінуць парога…”, надрукаваным у “Чырвонай змене”, вядомы крытык і літаратуразнавец Алесь Карлюкевіч трапна вызначыў галоўныя рысы ў творчасці Міколы Антаноўскага: 

“Пішучы пра тое, што навідавоку, пішучы таленавіта, аўтар “Падсочанага бору” ставіць абвостраныя, што ідуць ад сумненняў і пакут душы, ад трывогі ў сэрцы, пытанні: Як жыць далей? Як захаваць духоўны, стагоддзямі сфарміраваны, выратавальны патэнцыял народнай шчодрасці, светласці, дабрыні, спагады? Як адкінуць пошласць, усё чорнае і бяздумнае, нізкае і подлае?”.

Нагляднай ілюстрацыяй да гэтых справядлівых меркаванняў могуць паслужыць хоць бы наступныя радкі паэта: 

Калі зняверышся ты ў людзях — 
Ідзі ж у лес, у пушчу кроч 
Далей ад бессаромных воч. 
Там — цішыня. 
Была, ёсць, будзе. 
 
Няхай смяецца ліхадзей 
Услед адчайнасці мяцежнай,— 
Напэўна, гэта непазбежна, 
Як і вяртанне да людзей. 
 
Цёплыя словы крытыка пра паэзію Міколы Антаноўскага цалкам можна было б аднесці і да яго прафесійнага занятку — шматгадовай працы журналістам, з іх  роўна 32 гады — у якасці галоўнага рэдактара газеты “Раённыя будні”, што выдаецца ў Пружанах. Гэтая цяжкая праца, бадай, і не дала зняверыцца ў людзях, асабліва, калі ты сапраўдны патрыёт роднай зямлі, а ў нашым выпадку — слаўнай Берасцейшчыны.

Паэт і журналіст у калектыўнай кнізе “Нашчадкам слова застанецца” некалі  справядліва зазначыў:

“Мы хочам зрабіць такую газету, якая будзе жаданай у кожным доме, стане неад’емнай часткай Пружаншчыны, як сабор Аляксандра Неўскага ў Пружанах, як “Хроніка Быхаўца”, адшуканая ў Магілёўцах, як славуты палац Сапегаў у Ружанах”.

Вось якая неацэнная спадчына трапіла ў поле зроку  дасціпнага чалавека. Газета ўславіла гэты цудоўны беларускі край.
Зноў жа, у творцы з‘явілася свая, Ружанская, пушча, багатая не толькі на грыбы і ягады, але і на вядомыя гістарычныя падзеі.

Аўтар па сутнасці “лясных” кніг  паэзіі “Святаяннік” і “Падсочаны бор” напісаў у дадатак кнігу нарысаў пра справы пружанскіх лесаводаў “Зялёная рапсодыя”, за якую быў адзначаны знакам Беларускага саюза журналістаў “Залатое пяро”. 

Увогуле, калі працягваць тэму журналістыкі, то Мікола Антаноўскі шмат у чым абавязаны Ганцавіцкай раённай газеце “Савецкае Палессе”.

Сюды ён трапіў у 1972 годзе, адразу пасля службы ў войску, і ягоны прыход у “раёнку” запомніўся тым, што сарамлівага навічка па рэдакцыйных пакоях правёў сам рэдактар, вядомы нарысіст Васіль Праскураў.

“Знаёмцеся — гэта наш новы супрацоўнік, — сказаў ён.— Напэўна, будзе толк, бо і рэкамендуе яго сам Алег Лойка”.

“Навічок” лёгка асвойваўся ў калектыве: менш гаварыў — больш слухаў, і неўзабаве пяро пачынаючага газетчыка “зарыпела” на ўсю моц, бо пражэрлівая, як малатарня, “раёнка” не давала шанцаў на спакойнае жыццё.

А вучыцца было ў каго. Варта згадаць імёны папярэднікаў — Міхась Рудкоўскі, Іван Кірэйчык, Міхась Дубянецкі, сам Васіль Праскураў. Пры газеце актыўна працавала літаб’яднанне “Рунь”, і там ужо плённа друкаваліся равеснікі Алесь Каско, Уладзімір Марук, многія іншыя пачаткоўцы.


Так вось і сталася, што творчая дзейнасць Міколы Антаноўскага непасрэдным чынам звязана з Ганцаўшчынай. Тут малады паэт надрукаваў свае першыя вершы, вельмі вобразныя, напрыклад: “Дзяды калеснікамі лічаць сена, і дабраты ў саміх на каляснік”, а найбольш у гарачых сяброўскіх спрэчках і дыскусіях вучыўся разумець паэзію, глыбей спасцігаў яе сутнасць.

І ўжо не простае захапленне “высокім жытам” ці “жаўранкам у блакіце” — пошук ісціны жыцця, аздоблены найчасцей трапнымі і свежымі мастацкімі вобразамі, на ўвесь будучы час застанецца галоўным прынцыпам у творчасці паэта, заўважым, лірыка па прызванні з даволі выразнымі элементамі грамадзянскай і, калі хочаце, нават публіцыстычнай скіраванасці яркага паэтычнага таленту.

“Зразумеўшы аднойчы, навошта на свеце жывеш”, ён уздыхнуў пакорліва, адчуваючы нейкую і сваю віну за астылыя ў вёсках хаты: 

Ахалонуты ранак прачысты… 
Першы снег, што ты робіш са мной? 
Гэта боль у грудзях ці святлістасць, 
Можа, гэта — жаданы спакой? 
 
Нетаропка праз вёску я крочу, 
Пабяліў яе снег, астудзіў. 
І глядзяць хат сірочыя вочы, 
І адчай у паглядзе, і здзіў. 
 
Ах, як ярка рабіна ірдзее! 
Бы прырода спраўляе імшу. 
Белы снег лёг на свет, на надзеі 
І кладзецца святлом на душу… 
 
У адрозненне ад многіх сваіх сяброў-равеснікаў, Мікола Антаноўскі не бадзяўся па свеце, не вандраваў без пэўнай мэты: усё ў ягоным жыцці склалася неяк лягчэй і прасцей, можа, таму што юнак быў упэўнены ў сабе, у сваіх сілах.  Праўда, калі чытаеш яго вершы больш уважліва, то бачыш, што паэт так і не змог псіхалагічна пераадолець разгубленасці пры асэнсаванні першых вынікаў нечаканай сталасці:  

Падаюць і падаюць лісты… 
Дзе ж мае згубіліся сляды? 
Іншымі, напэўна, затаптаны 
Ці сцяжыны параслі быллём,— 
І не так прыветліва Сташаны 
Прывячаюць смехам і цяплом. 

Але ж і сёння руплівыя і гасцінныя сташанаўцы сустракаюць шчыра і задушэўна. Так што дарэмнай была трывога, нібыта менш стала ў вёсцы зычлівасці, цяпла і сардэчнасці. Як гаворыцца, дзякуй табе, вёска Сташаны! 

І тут я выдам адзін немалаважны сакрэт, пра які, бадай, многія не ведаюць.  Дзесьці напрыканцы шасцідзясятых вядомы паэт Мікола Купрэеў акурат скончыў Брэсцкі педагагічны інстытут і па накіраванні прыехаў у Сташаны, дзе ў сярэдніх класах мясцовай школы працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. 

Як ніхто іншы, ён умеў абудзіць у здольнай моладзі паэтычнае пачуццё, падтрымліваў першыя спробы пяра. Была ў творцы-педагога такая струнка: пакідаць усюды, дзе працаваў, добры след, прынамсі, знаходзіць сапраўдныя таленты, словам і справай дапамагаць ім.

У вёсцы Чудзін Ганцавіцкага раёна гэта быў адораны Алесь Каско, тут, у Сташанах,  паэтычная вучоба ад “мэтра” пайшла на карысць Міколу Антаноўскаму і маладзейшаму на два гады Анатолю  Шушко. Да слова сказаць, намнога пазней, калі па волі лёсу Мікола Купрэеў трапіў на Пружаншчыну, яго былыя вучні не пакінулі ў бядзе хворага паэта і свайго школьнага настаўніка. 

Спачатку Купрэева, непапраўнага падарожніка, ды ўсё ж вопытнага беларускамоўнага педагога, аднавішы яму згублены пашпарт і прапіску, на працу ўладкавалі ў вёску Папялёва, што ў Белавежскай пушчы.

Потым як пенсіянер па хваробе ён асеў на жыхарства ў саміх Пружанах. І тут востра паўстала пытанне з жыллём. Былыя вучні прынялі на сябе і гэты клопат. З Брэста дасылаў лісты-просьбы і настойліва тэлефанаваў Алесь Каско, на той час кіраўнік абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў, а тут, на месцы, раённае начальства турбаваў Мікола Антаноўскі. І вось іменна ён аднойчы прынёс і перадаў свайму школьнаму і паэтычнаму настаўніку ключ ад кватэры.

Цяпер талент адметнага творцы не марнаваўся бяздумна: маючы дах над галавой, ён адну за адной напісаў ці не сем аповесцяў, якія мелі вялікі попыт у чытачоў, шырокі водгук у рэспубліканскім друку.

І нарэшце апошні, заключны, штрых. Мікола Купрэеў з вялікай радасцю адгукнуўся на просьбу былога вучня правесці рэдактарскую чытку рукапісу кнігі “Падсочаны бор”, прычым усе яго заўвагі і прапановы былі вельмі карысныя для аўтара.

Акурат да гэтай кнігі я напісаў прадмову “Навошта на свеце жывеш…”, а цяпер, і самому цікава, што мне тады думалася пра творчасць слыннага паэта з вёскі Сташаны. 

“Зборнік паэзіі М. Антаноўскага “Падсочаны бор” вызначаецца шырокім ахопам тэм, мастацкай вобразнасцю, дакладнасцю жыццёвых назіранняў, метафарычнасцю аўтарскага стылю”, — што ні кажы, ацэнка дастаткова высокая, і да сваіх слоў сёння дадам хіба тое, у што мне чамусьці верылася: новая кніга паэзіі Міколы Антаноўскага таксама будзе не менш змястоўнай і арыгінальнай. Як у ваду глядзеў!

Пабачыла яна свет па вясне 2020 года ў рэгіянальным выдавецтве “Альтэрнатыва”, што займела сабе добрую славу друкаваннем кніг іменна сваіх, берасцейскіх, аўтараў.

Друкары пастараліся: цвёрдыя вокладкі з малюнкамі, белая папера, трывалы пераплёт. І назва томіка цалкам адпавядае зместу — “Як ліст сярод лістоў…”. Прынамсі, гучыць свежа, прыцягальна. Відаць, вобраз узнік па назве верша “Сярод лістоў”, дзе паэт з “ценем смутку і папроку” настойліва пытаецца ў сябе: “Хто ты на зямлі?”. Адказ павінен быць грунтоўны, блізкі да ісціны, тады і знікне адчуванне самотна-адзінокага ліста сярод лістоў, якія падаюць з галін: 

Хаджу ў задуме ціха між бярозаў 
І, ап’янелы, можа, ўпершыню  
Так разважаю аб жыцці цвяроза 
І так высока сэнс яго цаню. 
Таму прычынай, мусіць, гэта восень — 
Нібы ў яе патрапіў неспадзеў, 
Калі шукаюць вочы ў небе просінь, 
А бачаць шэрыя шкілеты дрэў. 

Мастацкая дасканаласць, як кажуць, жанр сабе не выбірае — гэта цалкам непазбежны спадарожнік таго ці іншага таленту, аднак сваю новую кнігу паэзіі сам аўтар вызначыў, як лірычны роздум.

Вышэй працытаваныя паэтычныя радкі яскрава сведчаць, што тэматычны, зрэшты, і зрокавы, абсяг тут надзвычай шырокі, бо нават у “службовыя” чатыры радкі можна багата чаго ўмясціць. Таму і не дзіўна, што часопіс “Полымя”, не сказаць каб шчодры на пахвалу і авансы, сярод мноства кніжных навінак перш заўважыў і ацаніў свежасць, арыгінальнасць зборніка “Як ліст сярод лістоў…”

Ужо ў сёмым нумары за 2020 год у акадэмічным выданні была надрукавана грунтоўная рэцэнзія “Споведзь нябёсаў і праца душы”. Аргументавана, з веданнем справы рэцэнзент Цімох Якушэнка піша:

“Мікола Антаноўскі годна адчувае сябе ў сучаснай беларускай паэзіі. Гэта пацвердзіла і яго новая кніга, якая робіць прыемнае ўражанне. Яна лішні раз засведчыла, што для сапраўднай паэзіі такога паняцця, як правінцыя, не існуе”.

Вопытны творца і сам сабе рэдактар вызначыўся ўжо пры складанні сваёй новай кнігі: добра прадумаў яе структуру, грунтоўна памеркаваў, што трэба сюды ўключыць у першую чаргу. У выніку томік атрымаўся непадобным на традыцыйныя вершаваныя зборнікі даўніх і сённяшніх валанцёраў паэзіі.

У якасці прыкладу возьмем хоць бы першы раздзел “Душою нагаворана”, а ён дамінуе ў кнізе, займаючы добрыя дзве трэці аб’ёму. Гэты раздзел якраз і цікавы тым, што кожнай падборцы, дакладней, невялічкаму міні-зборніку вершаў, папярэднічае аўтарскі ўступ, а спалучэнне прозы і, уласна, паэтычнага тэксту дазваляюць глыбей зазірнуць у тыя ці іншыя з’явы і падзеі, даюць больш разгону пяру, асабліва калі хочацца выказаць нейкую вельмі важную думку.

Кожны міні-зборнічак мае ўласны падзагаловак, а ўсяго іх — ці не дваццаць. Лірычны герой паэта жыве праблемамі і турботамі нашага няпростага часу, што зразумела па напружанасці і хваляванні паэтычных перыядаў і радкоў, прычым аўтарская проза выконвае не больш як дарадчую ролю: накіроўвае чытача, выводзіць на галоўнае.

Але што ў паэзіі другараднае?

На дарогах навальніц і грымот страціўшы нямала асабістага, паэт не збіраецца пачынаць жыць з чыстага ліста, добра помнячы, што недзе там, у Сташанах, за плячыма застанецца нескароджанае спадчыннае поле — няхай дарма не трывожыцца гэты настырны белы птах: 

А я застаў яшчэ ў лугах стагі 
І ў мой дзіцячы рост вайны акопы, 
Калядныя, вышэй платоў, снягі 
І ранішнія перапевы клёпу. 
Яшчэ заспеў сялібы без замкоў 
І вальсы белыя бяроз ля школы, 
Дарогу збітых з капытоў падкоў 
І, быццам май, Купрэева вясёлым… 

Несумненна, раздзел “Душою нагаворана” атрымаўся змястоўны і важкі, у вершах увачавідкі жыве трывога паэта за высокую народную мараль, за нашы спрадвечныя каштоўнасці, а шырокі ахоп гарызонту і метафарычнасць радка, як сцвярджае Цімох Якушэнка, ствараюць уражанне тваёй асабістай прысутнасці сярод усёй гэтай слоўнай нерушы.

Аднак у “Лістах” Міколы Антаноўскага ёсць яшчэ два такія ж дасканалыя паэтычныя раздзелы — “Высокая бездань” і “Салодкі дым каміноў”. Пра што яны — сведчаць самі назвы раздзелаў.

Чытач убачыць тут развагі паэта аб прызначэнні чалавека на зямлі, пра матэрыяльныя і духоўныя складнікі жыцця, мерай усхваляванасці душы для творцы паслужаць Белавежская і Ружанская пушчы.

А прырода, навакольнае асяроддзе ў цэлым — традыцыйная крыніца натхнення, святла і дабрыні. Пад ласкай сонца, вясны, нейкай сапраўды боскай лясной цішыні акурат і абуджаецца душа, нараджаюцца вершы пра любоўныя пачуцці, а ў Міколы — гэта прыгожы вянок санетаў з адпаведнай назвай — “Каханне”.

Цікавы момант: побач друкуецца лірычны верш “Галубка” — пра дзікую пушчанскую птушку, якая, “чубленая галубком”, буркуе зусім па-іншаму, таму і складваецца ўражанне, што на прастору яна вылецела дзесьці з глыбіні базавага вянка санетаў “Каханне”. 

Выснова тут адна: умее Мікола Антаноўскі знайсці залацінкі паэзіі, не чужы яму эксперымент утаймавання мастацкай дэталі. Такім жа выйшаў і арыгінальны твор “Пакуль малады”, пазначаны аўтарам, як “Трыялетавы ружанец”.

Шнур з нанізанымі на яго пацеркамі для злічэння тут, бадай, ні пры чым — наватвор хутчэй узнік па асацыяцыі з Ружанскай пушчай: нешта блізкае, бачнае, а ў рукі не возьмеш. У нашым выпадку папярэднія ацэнкі лішнія. Паколькі ў трыялеце паасобныя радкі, як вядома, паўтараюцца, то канчатковы вынік — удачу ці пралік — засведчыць дзявятая, заключная, “фішка”: 

Пакуль ты дужы й малады, 
На што прасіць, на што маліцца? 
Абраз на покуці пыліцца — 
Пакуль ты дужы й малады. 
Як ні чакаюць нас клады, 
Сюды не грэх і прыпазніцца, 
Пакуль ты дужы й малады, 
Нашто ж прасіць, на што ж маліцца?.. 

У многіх вершах апошняга часу, што асабліва добра заўважана і ў новай кнізе, паэт па-філасофску закранае балючую спрадвеку тэму жыцця і смерці, як бы няўзнак спрабуе паразмаўляць з нябёсамі, а гэта ўжо наканаванасць, першая прыкмета творчай сталасці.

Ёсць у Міколы і “змрачнаватая”, паводле яго ж слоў, паэма “Чаканне”, праўда, усё яшчэ няскончаная. Друкуючы ўрыўкі з яе ў часопісе “Белая вежа”, вядомы наш публіцыст і рэдактар Уладзімір Вялічка знайшоў далікатныя словы для пахвалы: маўляў, паэт без паэмы — не зусім салідны паэт. Тая паэма, што абяцае стаць знакавай, пішацца і цяпер. Аўтар прызнаецца: “Цяжка даецца твор”.

Аднак Уладзімір Вялічка не памыляўся ў сваёй ацэнцы. Родам з ваколіц Ружанскай пушчы, ён любіў гэты казачны край, ведаў пайменна і паважаў многіх берасцейскіх літаратараў, яшчэ ў маладосці патрапіўшы на працу ў абласную газету “Заря”. Вельмі ганарыўся сваім сяброўствам з выдатным крытыкам, прафесарам філалогіі Уладзімірам Калеснікам, нават выбіраўся адказным сакратаром літаб’яднання “Зарянка”, якім той кіраваў.

Знакаміты публіцыст шмат нарысаў прысвяціў бацькоўскай зямлі, дзе і сёння на кожным кроку вас чакаюць пушчанскія дзівосы, нечаканыя сустрэчы і адкрыцці. 

Ужо ці не на першай вярсце ад Пружан, калі ехаць за горад, пачынаюцца мясцовыя экзотыкі. Па гулкай шашы, акурат дзесьці на павароце, ніяк не мінеш цяперашні аграгарадок Шані, дзе, як вядома, жыў і працаваў слынны заходнебеларускі паэт Мікола Засім.

Далей наўсцяж размежжа лесу і поля прабягаюць смужаныя бунінскія сухадолы, мільгаюць уперамешку бярозавыя пералескі і голыя паплавы, ды што ўжо згадваць пра сялянскія сялібы з іх нязменнымі багатымі агародамі і садамі. Тут, як сказаў бы Карлсан, жывуць лепшыя ў свеце садаводы. Нядзіўна, што Цімох Якушэнка, перагортваючы кнігу “Як ліст сярод лістоў”, чуйна ўлавіў востры пах антонаўскіх яблык.

“Наблізіў Спас да мяне верш “Антонаўкі”, — піша крытык. — На поўдні нашай краіны, на Брэстчыне, гэты гатунак паспявае раней, чым у іншых рэгіёнах Беларусі. А ўсё што першае — заўсёды прыгожае, найбольш вабнае, чым тады, калі яно паступова становіцца ўжо звыклым”.

Урэшце, як там у аўтара? 
“Антонаўкі, як міні-поўні, высвечваюць наш мокры сад”… 
“А пад ранак дожджык прашумеў, ад атавы ў садзе — пах антонаў”… Гэта не абыгрыванне прозвішча паэта. У яго і самога растуць на лецішчы сартавыя гатункі яблыкаў і груш. Проста зямля тут такая.

Здзіўленага госця гаспадар можа пацешыць ужо тым, што бярэ нож і перад самымі вокнамі ў кветніку зразае бухматыя апенькі. Каля плота могуць трапіцца і ганарлівыя лісічкі. Уга, перабежчыкі з суседняй Белавежскай пушчы! Падстаўляй каструлю і гатуй наварысты грыбны суп.

Адсюль, з садовага зацішку, заўважае творца, відаць, як зоркі ўсе па-рознаму мігцяць. Бывае, зусім блізка падхопіць ахвяру таямнічая сава, а то шустра, як той збянтэжаны Саўка, па загуменнях прамчыцца нечым напалоханы вушасты заяц, і зноў да раніцы цішыня. Ледзь толькі наваколле абмыецца чырвонай расой світання, за агароджай, крыху далей, на баравінах і грыбных нерушах, пачынаюць свяціцца і зіхацець нікім нечапаныя лапіны залацістага святаянніку, спрадвеку праслаўленай зёлкі святога Яна, расліны, дужа ўпадабанай паэтам Міколам  Антаноўскім, расліны лекавай і таму вельмі карыснай. 

Віктар ГАРДЗЕЙ, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя І.Мележа