Понедельник, 17 января 2022

Залатая «царыца палёў» сёлета парадавала аграрыяў Пружаншчыны і вышынёй, і ўраджайнасцю

869

Залацістая, як апошнія прамяні асенняга сонейка, кукуруза сёлета радуе аграрыяў Пружаншчыны і вышынёй, і ўраджайнасцю. Па апошнім паказчыку наш раён увогуле сярод абласных лідараў. Добры ўраджай кукурузы ў гэтым сезоне збіраюць і ў ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс». На палях сельгаставарыства пабывалі карэспандэнты газеты.

На месца працы Аляксандр Юр’евіч Сергяенка прыязджае на досвітку. Да такіх ранніх пад’ёмаў ураджэнец Кіргізіі прызвычаіўся яшчэ тады, калі служыў у Ноўгарадзе, а пасля – у Новых Засімавічах. Ды і 20-гадовы вопыт работы ў гаспадарцы дарагога варты. Перш за ўсё, трактарыст правярае стан свайго «Ягуара». Камбайн сёлета адзначае «паўналецце», але служыць аддана. Мужчына шчыруе на ім сёмы год.
Кукурузнае «жніво», як прызнаецца Аляксандр Юр’евіч, яго радуе, бо «царыца палёў» увесь сезон расла літаральна на яго вачах.

Амаль усе 1076 га, якія займае культура ў гаспадарцы, высаджваў і даглядаў менавіта ён.
— Кукурузу мы пачалі сеяць у маі. Нягледзячы на халодную вясну, у агратэхнічныя тэрміны ўклаліся. Затым уносілі мінеральныя ўгнаенні, рабілі хімпраполкі і падкормкі. Канечне, хваляваліся за будучы ўраджай – куды без гэтага. Уборку пачалі яшчэ трэцяга верасня з палёў, якія могуць быць пашкоджаны жывёламі. Вынікі ж радуюць, — прызнаецца трактарыст.

У пацвярджэнне слоў механізатара галоўны аграном Галіна Пятроўна Пятрань прыводзіць лічбы. Зараз у гаспадарцы асноўная ўвага надаецца ўборцы кукурузы на сілас. З 914 адведзеных пад гэта гектараў на 15 кастрычніка ўбрана на сілас 633 га, або 69,3%. Сабрана 21310 т. Пры гэтым ураджайнасць нават вышэй за сярэднюю па раёне: калі апошняя складае 330,7 ц/га, то ў райаграсэрвісе збіраюць на 6 цэнтнераў больш.


Па словах Галіны Пятроўны, на ўборцы кукурузы сёлета задзейнічана 14 чалавек. Дапамагае Аляксандру Сергяенку Іван Пятровіч Каралькевіч, які працуе на камбайне «КВК-800».

У сярэднім за дзень кожны са спецыялістаў убірае па 15 га і кладзе ў кузаў аўтамабіля да 700 т ураджаю. Перавозяць яго на МТК у Шарашэве дзесяць вадзіцеляў, а на самім комплексе два работнікі займаюцца трамбоўкай.


— Адначасова з уборкай культуры на сілас мы пачалі і ўборку на зерне. Але з-за высокай вільготнасці работу прыпынілі. Таму камбайн, які працаваў на нашых палях, перайшоў у ААТ «Ліноўскае». Тэхніку для ўборкі кукурузы на зерне нам, як і ўсім таварыствам раёна, дае Івацэвіцкі кукурузна-калібровачны завод. Там жа вясной мы закупляем насенне, — расказала галоўны аграном.

Аснова высокага ўраджаю — якасныя гатункі кукурузы. У «Пружанскім райаграсэрвісе» ўсе яны беларускай селекцыі. Асабліва парадавала сёлета «півіха». Вышыня гэтай кукурузы дасягае чатырох метраў, радуюць памерамі і вагой пачаткі, у якіх няма пустых прамежкаў. Дарэчы, частку кукурузы, з якой планавалі атрымаць сілас, у таварыстве вырашылі ўбіраць на зерне.


Галіна Пятроўна ўпэўнена заяўляе, што кукурузай сельгаспрадпрыемства будзе забяспечана поўнасцю. Словам, «царыца палёў» сёлета апраўдала сваю назву.

Уладзіслаў ШПАРЛА, Кацярына МАСІК (фота)