Понедельник, 17 января 2022

Зрабі прышчэпку — дай сабе шанец… Журналісты завіталі ў рэанімацыю, каб палічыць колькасць свабодных месцаў

1 182

Зрабі прышчэпку — дай сабе шанец! З падобным заклікам мог бы звярнуцца з газетнай старонкі да жыхароў раёна любы спецыяліст, які працуе ў «чырвонай» зоне раённай бальніцы, а не толькі анестэзіёлаг-рэаніматолаг Максім Жук. Але менавіта падчас дзяжурства Максіма Васільевіча журналісты «раёнкі» завіталі на перадавую барацьбы з каранавірусам, у рэанімацыю.

Анестэзіёлаг-рэаніматолаг Максім Жук

Быць ці не быць… Як бы гэта банальна ні гучала, але сёння вакол кампаніі па вакцынацыі супраць каранавіруснай інфекцыі разгортваюцца самыя сапраўдныя шэкспіраўскія страсці. Адны вераць у сілу ўласнага імунітэту, другія моўчкі сумняваюцца ў эфектыўнасці прышчэпкі ад COVID-19, трэція катэгарычна выступаюць супраць вакцын і з упэўненасцю “экспертаў” актыўна распаўсюджваюць фэйкі пра наступствы “Спадарожніка V” і падобных яму прэпаратаў…

У гэты час чацвёртыя — медыкі, у тым ліку персанал аддзялення рэанімацыі, анестэзіі і інтэнсіўнай тэрапіі Пружанскай ЦРБ — працягваюць выконваць сваю работу.

Кожны дзень яны ідуць у бальніцу, як на фронт, — змагацца з інфекцыяй, чарговая хваля якой зачапіла ўжо многіх, а некаму не пакінула ніводнага шанцу. На гэтай перадавой пабывалі і журналісты “раёнкі”, якія пацікавіліся колькасцю свабодных месцаў у рэанімацыі.

-На сённяшні дзень у нашым рэанімацыйным аддзяленні, дзе для лячэння пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй выдзелена шэсць ложкаў, усе месцы заняты, — кажа Максім Васільевіч. — Ёсць і пацыенты, якія знаходзяцца ў вельмі цяжкім стане, падключаны да апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Кругласутачны маніторынг вядуць урачы-рэаніматолагі, якім у кожную змену дапамагаюць дзве медсястры і адна санітарка. Змена ў аддзяленні, дзе пацыенты знаходзяцца паміж жыццём і смерцю, доўжыцца 12 гадзін.

Самыя цяжкія пацыенты — гэта тыя людзі, арганізм якіх зусім не мае антыцел: яны раней не перахварэлі на кавід (а калі хварэлі, то вельмі даўно) і не прышчапляліся.
— Вось гэта абавязкова павінны ведаць вашы чытачы: прышчэпленых пацыентаў у нас няма, — канстатуе доктар.
Журналісты пацікавіліся: а ці атрымалі прышчэпкі самі работнікі рэанімацыі?

-У адрозненне ад іншых, мы з жыццём жартаваць не любім, таму калектыў прышчэплены на 100 працэнтаў, — у размову ўступае загадчык аддзялення Алег Цеаміравіч Лазаковіч. — Калі наш супрацоўнік не вакцынаваны, ён проста не дапускаецца да працы.

Загадчык аддзялення рэанімацыі, анестэзіі і інтэнсіўнай тэрапіі Пружанскай ЦРБ А.Ц.Лазаковіч.

— Пры віруснай нагрузцы, якую атрымліваюць работнікі рэанімацыі, — кажа Лазаковіч, — гэта пагражае цяжкімі наступствамі. Мы фактычна ўсе перанеслі кавід у рознай форме яшчэ ў першую і другую хвалі, а калі пачалася вакцынацыя — прышчапіліся, і пасля гэтага паўторна не хварэў ніхто. Спадзяюся, гэта тэндэнцыя захаваецца.

Таксама Алег Цеаміравіч адзначае, што кавід у цяперашнюю хвалю рэзка “памала-дзеў”: сярэдні ўзрост пацыентаў, якія маюць патрэбу ў шпіталізацыі, — 40-50 гадоў.

— На жаль, пакутуюць людзі і зусім маладога ўзросту — ад 18 да 30 гадоў. Таму адзінае выйсце, якое мы бачым у такой сітуацыі, гэта тэрміновая вакцынацыя насельніцтва. Сумнявацца не варта. Вакцына “Спадарожнік V” і іншыя рэальна працуюць. Паўтаруся, мы па сабе бачым вынік: няма паўторных заражэнняў медперсаналу, няма і цяжкіх пацыентаў сярод прышчэпленых. Таму ўсім раю не ісці, а ўжо бегчы прышчапляцца, інакш… проста некаму можа не пашанцаваць. І варта казаць “дзякуй” дзяржаве, што вакцынацыя ў нас бясплатная. Дарэчы, утрыманне пацыента ў рэанімацыйным аддзяленні абыходзіцца бюджэту ў 600-700 рублёў у суткі…

Многія баяцца вакцынавацца з-за магчымага ўзнікнення пабочных эфектаў, але на пытанне журналіста пра гэта А.Ц.Лазаковіч адказвае:
— У медыцыне ёсць такое паняцце, як “меркаваная карысць-рызыка”. Кожны лекавы прэпарат мае і супрацьпаказанні, і пабочныя эфекты. Возьмем, да прыкладу, звычайны парацэтамол, якім людзі любяць здымаць галаўны боль. Нават ён пры няправільным ужыванні можа выклікаць непажаданыя наступствы. Таму не займайцеся самалячэннем, а пры першых прыкметах захворвання звяртайцеся да ўрача, які прызначыць патрэбнае лячэнне. Людзі любяць самі сабе антыбіётыкі прызначаць, а вакцыны баяцца!

—Сапраўды, ніводная вакцына не дае стапрацэнтнай гарантыі таго, што вы наогул не заразіцеся каранавіруснай інфекцыяй, але змякчае сімптаматыку хваробы, мінімізуе верагоднасць паражэння органаў, — тлумачыць Алег Цеаміравіч. — Вакцына пачынае дапамагаць ужо пры ўвядзенні першага кампанента: імунітэт паступова выпрацоўваецца і замацоўваецца другім кампанентам.
Што тычыцца людзей, якія захварэлі, то сёння ў большасці выпадкаў яны паспяхова лечацца амбулаторна. З дапамогай тым, каму патрэбна шпіталізацыя, мы спраўляемся не горш, чым любая медыцынская арганізацыя ў любой іншай краіне. Ніякіх перабояў з лекамі ў нашай бальніцы няма, мы цалкам ўсім забяспечаны. Але ж для большага эфекту лячэння патрэбны хоць нейкі імунітэт пацыента супраць кавіду.

— Ведаеце, што такое, калі чалавек тоне? У вадзе ён задыхаецца за некалькі хвілін, а пры цяжкім працяканні хваробы чалавеку тыднямі не хапае кіслароду… І мы робім усё, каб выратаваць такога пацыента.
Не заўсёды, на жаль, гэта атрымліваецца. Таму дапамажыце ўрачам. Дапамажыце сабе. Зрабіце прышчэпку.

У рэанімацыйным аддзяленні Пружанскай бальніцы па стане на раніцу 15 кастрычніка знаходзілася чатыры пацыенты на ШВЛ, яшчэ двое — на максімальнай падачы кіслароду.

Алена Зялевіч

Фота Кацярыны МАСІК