Понедельник, 17 января 2022

Сёння — Дзень работнікаў фармацэўтычнай і мікрабіялагічнай прамысловасці. Шчыра віншуем Алесю Новік і іншых аптэчных работнікаў горада і раёна!

734

Шлях у прафесію для Алесі Новік пачаўся яшчэ падчас вучобы ў школе: яна захапілася прыкладам старэйшай сястры і вырашыла таксама стаць фармацэўтам. Пружанскай дзяўчыне пашчасціла атрымаць мэтавае накіраванне, і яна паступіла ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі каледж.

Сёлета Алеся Юр’еўна ўжо ў якасці дыпламаванага спецыяліста вярнулася ў Пружаны, пачала працаваць у цэнтральнай аптэцы №7 па вул.Кастрычніцкай. Зараз дзяўчына выконвае абавязкі фармацэўта-рэцэптара: не толькі займаецца рэалізацыяй гатовых лекаў, але і вырабляе прэпараты па рэцэптах.

Зараз малады спецыяліст свой першы працоўны дзень успамінае з усмешкай. Пачынаць, прызнаецца, было вельмі цяжка, але, дзякуючы настаўленням вопытных калег, паступова асвоіла ўсе асаблівасці прафесіі.

А яшчэ пераканалася ў тым, што супрацоўнік аптэкі павінен быць першакласным прафесіяналам і валодаць глыбокімі ведамі ў такіх абласцях, як фармакалогія, фармакатэрапія, фармацэўтычная хімія і аптэчныя тэхналогіі медыкаментозных прэпаратаў. А яшчэ трэба таксама ўменне кансультаваць кліентаў.

Алег СІДАРЭНКА, Кацярына МАСІК (фота)