Вторник, 17 мая 2022

Урачы клапоцяцца пра ваша здароўе. Паклапаціцеся пра яго і вы самі!

701

«Мы клапоцімся пра ваша здароўе». Падобныя надпісы апошнім часам сталі традыцыйнымі ў кропках абслугоўвання кліентаў: магазінах, прадпрыемствах грамадскага харчавання, паштовых аддзяленнях і інш. Але, паклаўшы руку на сэрца, хто не станавіўся сведкам, як пакупнік у краме надзявае на твар маску, толькі падыходзячы да касы, бо «інакш не разлічаць». Як сядзяць у аўтобусе пасажыры з маскамі недзе на падбародках. Як у невялікай чарзе на рынку людзі не жадаюць адысці хоць на крок убок, дыхаюць адзін аднаму ў патыліцу. І ў той жа час з нейкім незразумелым задавальненнем расказваюць «страшылкі» пра хваробу і вакцынацыю, пра чэргі ў паліклініцы.

Абслугоўванне ў паштовым аддзяленні №3 г.Пружаны заўсёды робіцца па ўсіх правілах.

Можа, нарэшце, настаў час менш балбатаць пра «бескарыснасць масак» і «небяспеку прышчэпак», а больш слухаць? Медыкаў, напрыклад.

Яны ўсё ж маюць рацыю, калі сцвярджаюць: сярод цяжкіх пацыентаў, якія знаходзяцца пад кіслародам у бальніцы, няма ніводнага, хто атрымаў прышчэпку ад COVID-19. Усё роўна, расійскай або кітайскай вытворчасці.

А маска, якую сарамліва выцягваюць з кішэні і чапляюць абы-як перад касай — толькі б адчапіліся, сапраўды не дапаможа. Толькі выкарыстаная вось так, па ўсіх правілах, яна стане перашкодай для віруса. Не стапрацэнтнай, скажа нехта, але ж, згадзіцеся, і 50, і 60, і 80 працэнтаў абароны — гэта лепш, чым круглы нуль.


Што тычыцца чэргаў у паліклініцы, то, як паведаміла загадчыца аддзялення агульнаўрачэбнай практыкі Жанна Жанаўна Ісакава, з панядзелка ў «чырвонай» зоне будуць дадаткова весці прыём два ўрачы.

https://www.youtube.com/playlist?list=PLCGJRj7tF-mcqoj0BvZgGXgHU9eN0dv1a
Ды толькі ніякіх урачоў не хопіць, калі мы па-ранейшаму будзем паводзіць сябе, як неразумныя істоты ў плане масак і сацыяльнага дыстанцыравання, у плане бесклапотнага стаўлення да свайго здароўя і здароўя сваіх блізкіх, асабліва састарэлых людзей. Давайце самі паспрабуем зрабіць хоць крок… назад, далей ад небяспечнага віруса.

Ірына СЯДОВА