Среда, 20 октября 2021

Халады камандуюць: «Будзь гатовы!» А ці гатовы народна-гаспадарчы комплекс да работы надыходзячай зімой? Адказвае начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама А.В.Бушук

313

Як паведамляе начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама А.В.Бушук, зараз у цэнтры ўвагі раённых улад гатоўнасць народна-гаспадарчага комплексу да работы надыходзячай зімой.
— Падрыхтоўка да выпрабаванняў халоднага перыяду года праводзілася ў адпаведнасці з рашэннем райвыканкама, якім вызначаны неабходныя мерапрыемствы і ставіліся задачы з улікам асаблівасцей мінулага сезона,— паведамляе Аляксандр Вячаслававіч.— Трэба адзначыць, што ўсе ўстановы падрыхтаваліся належным чынам, аб чым сведчыць і тое, што па стане на 21 верасня былі зарэгістраваны пашпарты гатоўнасці ўсіх спажыўцоў цеплаэнергіі.

Цеплавыя рэсурсы
Асноўная ўвага надавалася нарыхтоўцы паліва. Запасы рэсурсаў у неабходным аб’ёме зрабілі:
— ДЛГУ «Пружанскі лясгас»,
— КУВП «Камунальнік»,
— філіял «Пружанскія электрасеткі»,
— упраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні,
— аддзел па адукацыі райвыканкама,
— УАЗ «Пружанская ЦРБ».
Аддзелам культуры райвыканкама да пачатку ацяпляльнага перыяду створаны запасы дроў у поўным аб’ёме, але торфабрыкету набыта толькі крыху больш за палову ад неабходнага. Мяркуецца, што па меры расходавання паліва запасы будуць своечасова папаўняцца.

Таксама стабільна забяспечваецца палівам і насельніцтва раёна, чым займаецца філіял «Пружанскі райпалівазбыт»: на пачатак кастрычніка прадпрыемства ўжо рэалізавала амаль 5000 кубаметраў дроў і больш за дзве тысячы тон торфабрыкету. На сённяшні дзень ёсць 378 заявак на паліва, з якіх 23 заяўкі ад інвалідаў. Таксама шэсць заявак паступіла ад арганізацый.

У дадатак, праводзіліся праверкі гатоўнасці цеплакрыніц і цеплавых сетак да работы ў напружаным рэжыме. З гэтай нагоды выконвалася ачыстка катлоў і бойлераў, правяралася абсталяванне кацельняў і топачных пунктаў, ацэньвалася работа запорнай арматуры і прыбораў уліку. Падобныя мерапрыемствы правялі ў поўным аб’ёме на сваіх аб’ектах аддзелы культуры і па адукацыі, камунальная і энергетычная службы раёна.

Камфорт у жыллі і на сацыяльных аб’ектаХ
КУВП «Камунальнік» падрыхтаваны да ацяпляльнага перыяду 455 жылых дамоў (100%), у тым ліку 278 — з цэнтральным ацяпленнем.

Трэба адзначыць, што ўвага надавалася не толькі стану цепламагістраляў, а таксама іншым напрамкам цеплазберажэння і забеспячэння камфортных умоў у халодны час. Напрыклад, перакладзены водаправодныя (1 км) і каналізацыйныя сеткі (700 м), адрамантавана і заменена 6 вода-праводных і 5 каналізацыйных помпаў. Выканана прамыванне 32,2 км сістэм водазабеспячэння і амаль 8 км сетак водаадвядзення.

Акрамя таго, зроблены рамонт даху ў аб’ёме 2300 кв.м, адрамантаваны стыкі сценавых панэляў (1400 пагонных метраў), адноўлена шкленне месцаў агульнага карыстання (100 кв. м) і цеплавая ізаляцыя ў жылых дамах (2,2 куб.м).

Падобныя мерапрыемствы праведзены на аб’ектах аховы здароўя, дзе ў асноўным патрабавалася настройка сістэм уліку і кантролю, а таксама касметычны рамонт памяшканняў.

Больш сур’ёзныя работы патрабаваліся на аб’ектах культуры і адукацыі. Напрыклад, заменены старыя аконныя блокі на энергазберагальныя ў Велікасельскім, Ліноўскім сельскіх ДК і Пружанскім гарадскім Палацы культуры, у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М.Засіма. З дапамогай ДУ «Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Пружанскага раёна» выпраўлены пашкоджанні дахаў Шарашоўскага цэнтра культуры і вольнага часу, Старавольскага, Сухопальскага, Ліноўскага СДК, Рудніцкага клуба-бібліятэкі.

Аддзелам па адукацыі райвыканкама да пачатку ацяпляльнага сезона таксама праводзілася прамыванне цепласістэм у васьмі навучальных установах, завершаны гідраўлічныя выпрабаванні сетак усіх аб’ектаў. У дадатак, заменены старыя вокны ў Параслянскай СШ і Шаняўскім дзіцячым садку №17, адноўлена запорная арматура ў яслях-садках №3 і №9 г.Пружаны.

У шэрагу напрамкаў зноў жа дапамогу атрымалі ад цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, пры падтрымцы якога адрамантаваны дахі Мураўскай СШ, Калазубскага дзіцячага садка №18, Калядзіцкага дзіцячага садка, ясляў-сада №10 г.Пружаны і Старавольскага дзіцячага садка-пачатковай школы.

Рыхтуюцца газавікі і энергетыкі
Каб забяспечыць безаварыйную работу энергетычных і газавых сетак у маразы адпаведнымі службамі раёна загадзя праведзены аднаўленчыя работы.

Работнікамі Пружанскіх электрасетак рэканструяваны лініі электраперадач у вёсках Арабнікі, Хвалава, Навасёлкі, Юндзілы, Палоннае Забалацце, Перасадзічы, Блажкі, Казакі, Тарасы, Стойлы, Сланімцы, Ялова, Стаі, Куплін, Семянча, Галасяціна, Слабудка, аграгарадках Варанілавічы і Роўбіцк, а таксама некаторыя сеткі г.Пружаны. У агульным аб’ёме заменена 16,34 км.

Як паведамляе А.В.Бушук, расце папулярнасць электраабагрэву жылых дамоў. Толькі ў бягучым годзе колькасць абанентаў, якія карыстаюцца такім відам ацяплення, павялічылася на 47 чалавек, да канца года плануецца падключэнне яшчэ 10 карыстальнікаў.
Пружанскі раён газазабеспячэння адказвае за бесперабойнае і безаварыйнае забеспячэнне прыродным і звадкаваным газам аб’ектаў народнай гаспадаркі і насельніцтва. Патрэбнасці спажыўцоў у звадкаваным газе забяспечваюцца ў поўным аб’ёме.

Газавікі загадзя правялі комплекснае прыборнае абследаванне падземных газаправодаў, выправілі выяўленыя дэфекты, замянілі маральна састарэлае і доўгі час эксплуатуемае бытавое газавае абсталяванне жылога фонду (650 адзінак).

Рапартуюць дарожныя службы
Зімовыя дарогі заўсёды з’яўляюцца выпрабаваннем для аўтамабілістаў. Каб паменшыць рызыку ў гэты перыяд, у напружаным рэжыме працуе шэраг дарожных службаў. Наколькі яны гатовы да такой дзейнасці?
Філіялам «Дарожна-эксплуатацыйнае ўпраўленне № 25» для абслугоўвання аўтадарог поўнасцю падрыхтавана неабходная тэхніка. Да сярэдзіны кастрычніка будзе закончана атэстацыя рухомага саставу і абслугоўваючага персаналу. Такі ж узровень падрыхтоўкі адзначаецца і ў філіяла «Дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне №140».
Вырашаецца пытанне па пастаўках пясчана-саляных сумесяў да неабходнага на зіму аб’ёму.
Камунальная служба пакуль рапартуе аб нарыхтоўцы 600 тон ПСС пры плане 1200 тон. Да канца восені мяркуецца папоўніць запасы да патрэбнай велічыні.

У напружаным рэжыме працуе цяпер філіял «Райпалівазбыт»

Як паведамляе дырэктар прадпрыемства А.І.Кукса, штодня на выкананне заказаў на паліва адпраўляецца 4-5 машын, загружаных дровамі, і яшчэ больш грузавікоў з торфабрыкетам (больш за 30 тон).

У выніку кожны дзень задавальняецца больш за паўтара дзясятка заявак. Але паступаюць новыя, і чарга пакуль не змяншаецца.
— У першую чаргу, мы задавальняем заяўкі тых катэгорый грамадзян, якія карыстаюцца сацыяльнымі льготамі — шматдзетных сем’ў, адзінокіх састарэлых, інвалідаў,— зазначае Аляксандр Іванавіч.— Транспарт адпраўляецца, незалежна ад месца іх пражывання, нават у самыя аддаленыя вёскі.

Зразумела, што тым, хто звяртаўся загадзя, да пачатку ацяпляльнага сезона, паліва дастаўлялася хутчэй. Летам транспарт філіяла перыядычна нават прастойваў з-за невялікага попыту на паліва.

Зараз жа выкананне заказу адбываецца на працягу месяца. Але ж, як падкрэсліў кіраўнік забяспечваючай арганізацыі, працэс не спыняецца і ўсе жадаючыя змогуць набыць дровы і брыкет да надыходу халадоў. Тым больш, што «Райпалівазбыт» выкарыстоўвае розныя крыніцы папаўнення ўласных запасаў і заключае дамовы на пастаўку паліва.

Падрыхтаваў Алег Сідарэнка
На здымку: пагрузка дроў.
Фота Кацярыны Масік