Среда, 20 октября 2021

Свет захапленняў: вучань 6 “Б” класа СШ № 5 Слава Ніпарка здзіўляе публіку танцавальнымі здольнасцямі і імкнецца музыціраваць на піяніна

602

Гавораць, што «прырода адпачывае на дзецях таленавітых людзей». Няхай гавораць. Але вы, нашы чытачы, не верце гэтаму. Існаванне дынастый у розных прафесіях — лепшы доказ таго, што прымаўка вельмі сумніўная. Часта дзеці і ўнукі ўдала працягваюць справу сваіх бацькоў, бабуль, дзядуль і нават іх пераўзыходзяць.

Возьмем, да прыкладу, вучня 6 “Б” класа СШ № 5 Славу Ніпарку.
Яго бабуля Валянціна Іванаўна Іскаліева кіруе зорным ансамблем танца “Спадчына”, мама Аксана Васільеўна Ільюшонак займаецца з не менш вядомым ансамблем “Круцёлачкі”. А хлопчык, які танцуе ў асноўным складзе апошняга калектыву, ужо стаў лаўрэатам II ступені Міжнароднага фестывалю “Славянскія самацветы”, які праходзіў у г.Мінску.

З ранняга дзяцінства Слава хадзіў на рэпетыцыі танцораў, з-за кулісаў назіраў за іх выступленнямі, заўсёды хваляваўся за свайго куміра — старэйшага брата Валеру, які сёння, дарэчы, танцуе ў Дзяржаўным ансамблі танца Беларусі. І марыў… Марыў пра тое, як сам выйдзе на сцэну. І яго мара спраўдзілася.

— У мяне проста не было выйсця, — смяецца хлопчык.
Але мы разумеем, што, не маючы ад прыроды асаблівых здольнасцей, нават пры самых лепшых настаўніках ты не зможаш здзіўляць публіку. А Слава здзіўляе. Сваёй іскрыстай усмешкай, зайздросным запалам і тэмпераментам ён дапамагае сваім сябрам па калектыве падтрымліваць пазітыўны настрой.

— Калі быць аб’ектыўнымі, — усміхаюцца мама і бабуля юнага танцора, — то не палічыце за нясціпласць, у нашага Славы добрае пачуццё рытму. Гэта было зразумела з таго моманту, як ён толькі пачаў хадзіць. Мы ўключалі яму музыку — і малы адразу пачынаў танцаваць. Вядома, спачатку за яго імправізацыямі было смешна назіраць, але паступова раскрываўся талент. Сёння Вячаслаў Ніпарка ўжо паўнапраўны наш партнёр. Праўда, яму яшчэ не хапае артыстычнасці, але з часам, упэўнены, Слава перастане камплексаваць і стане больш разняволеным на сцэне.

Цікава, што вельмі шмат рухаў хлопчык падглядае ў модным дадатку “ЦікТок”. Можна сказаць, ён крочыць у нагу з часам, цікавіцца сучаснымі тэндэнцыямі ў танцавальным свеце. Але пры гэтым вельмі любіць танцаваць народныя танцы. Да таго ж, яму, пагадзіцеся, вельмі да твару нацыянальны касцюм.

Уражвае і тое, што хлопчык самастойна вучыцца іграць на піяніна, ва ўсякім разе, падбіраць мелодыі на клавішных у яго атрымліваецца вельмі добра.

— А яшчэ Слаўка дружалюбны, — кажуць сябры па калектыве. – Ён з усімі хутка знаходзіць агульную мову, усім дапамагае.
Так што жадаем хлопчыку, каб талент і працавітасць дапамаглі яму стаць танцавальнай зоркай Беларусі.

Славы табе, Слава!

Алена Зялевіч

Фота Кацярыны Масік