Вторник, 17 мая 2022

Старшыня КДК і пракурор Брэсцкай вобласці правялі «прамую лінію» і выслухалі грамадзян у Пружанах. Расказваем, з якімі пытаннямі звярталіся жыхары раёна

772

У сераду на гэтым тыдні “прамую тэлефонную лінію” і выязны прыём грамадзян у Пружанскім раёне сумесна правялі старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці А.М.Цылько і пракурор Брэсцкай вобласці В.Д.Клімаў.

Па тэлефоне да кіраўнікоў Камітэта дзяржкантролю і пракуратуры Брэстчыны звярнулася тры чалавекі. Гараджанка скардзілася на неналежнае правядзенне праверкі па факце дарожна-транспартнага здарэння, з-за чаго яна не можа атрымаць кампенсацыю за нанесены ўрон. Таксама з пытаннем, звязаным з аўтатранспартам, прасіў разабрацца яшчэ адзін гараджанін: сваім аўтамабілем, які, дарэчы, не быў як след аформлены, ён даў пакарыстацца знаёмаму, а той цяпер яго не вяртае… А вось жыхар Шарашэва ўзняў пытанне збору другаснай сыравіны, у прыватнасці, металалому.

На прыём, які вёўся ў будынку райвыканкама, прыйшло чацвёра жыхароў. Адразу некалькі пытанняў агучыла жыхарка Пружан. Яе турбавала навядзенне парадку на прыдамавой тэрыторыі, вызначэнне тэхнічнага стану жылога дома, а таксама пытанне засялення ў арэнднае жыллё грамадзяніна, які ўжывае спіртныя напоі. Па выніках гэтага прыёму даручана правесці комплекснае абследаванне жылога дома на прадмет яго тэхнічнага стану, а таксама прафілактычную работу з нагоды правілаў пражывання і санітарнага ўтрымання займаемага жылога памяшкання.

Жыхарка аг.Калядзічы прасіла паспрыяць у вырашэнні праблемы асвятлення пешаходнага пераходу ў гэтым аграгарадку, які, між тым, пралягае праз дарогу рэспубліканскага значэння. А гэта, як вядома, ужо кампетэнцыя зусім не раённага ўзроўню.

Таксама падымаліся асабістыя пытанні. Так, па пытанні правамернасці дзеянняў асобных раённых службаў звярнулася на прыём жыхарка раёна. А вось кіраўнік ААТ “Пружанскі райаграсэрвіс” А.А.Шлёмін прасіў садзейнічання ў вырашэнні пытання, якое набалела таварыству. А гэта – прадухіленне патручвання сельскагаспадарчых пасеваў зубрамі НП “Белавежская пушча”.

Усе звароты прыняты да ведама і будуць разгледжаны. Па выніках разгляду будуць праінфармаваны грамадзяне, якія іх агучылі.

Галіна Каляда. Фота Кацярыны Масік