Среда, 20 октября 2021

Наша апытанне: Як жывяце, пушчанцы?

560

У склад Шчарчоўскага сельсавета ўваходзіць 22 населеныя пункты. Падчас нашай апошняй паездкі мы пабывалі ў чатырох з іх: у самім аграгарадку Шчарчова і вёсках Галасяціна, Брады, Стойлы і Тарасы. На жаль, у той дзень ішоў дождж і вуліцы пуставалі. Тым не менш, нам пашчасціла сустрэць тых, хто з задавальненнем прыняў удзел у нашым апытанні і адказаў на простае пытанне: як жывяце?

Жыхарка Шчарчова Тамара вярталася дадому з Брэста. І, мабыць, з-за стомленасці не захацела фатаграфавацца. Яна агучыла існуючую ў аграгарадку праблему бадзяжных сабак.

— У нас тут, можна сказаць, адзін вялікі «прыёмнік». То хтосьці з нашых выкідвае жывёл на вуліцу, то нейкія людзі падвозяць шчанюкоў і кацянят па трасе да павароту на Шчарчова і тут пакідаюць. Апошнім часам, здаецца, гэта стала нейкай «модай». Кінутыя, няшчасныя жывёлы пачынаюць збірацца ў зграі і палохаюць людзей. Трэба мясцовай уладзе неяк гэтую праблему вырашаць. Адлоўліваць, усыпляць або перадаваць у прытулкі для жывёл… А ў астатнім тут больш-менш спакойна.

Жыхарка Брэста Наталля Сцяпанаўна наводзіла парадак на бацькоўскай сядзібе. Жанчына скардзілася на тое, што скарацілі маршруткі, якія раней ішлі на Брэст праз Шчарчова.

— А яшчэ агучу мару ўсіх дачнікаў, каб на аб’язной дарозе, каля скрыжавання Галасяціна-Шчарчова зрабілі аўтобусны прыпынак і ўсталявалі там павільён. Калі няма магчымасці паставіць новы, дык няхай бы хоць які стары прывезлі, напэўна, у горадзе, Пружанах ці Брэсце, дзесьці змяняюць і спісваюць. Як усім было б зручна!

У аграгарадку з журналістамі пагутарыў і Міхаіл Гілінберг, які, як вы памятаеце, ужо станавіўся героем адной з нашых публікацый, прысвечаных кабылцы-«кіназорцы» Дашы. Мужчына падзякаваў кіраўніцтву адпаведных службаў (ДРБУ-140, ДАІ і сельсавета) за ўстаноўку на ўездзе ў Шчарчова з боку аб’язной дарогі дарожнага знака, які абмяжоўвае хуткасць руху да 40 км/г. Дзякуючы чаму, велікагрузы тут сталі ездзіць больш павольна.

Але ў цэлым наяўнасць гружаных сельскагаспадарчых машын, што ездзяць па цэнтральнай вуліцы населенага пункта, бянтэжыць. Няўжо няма ніякага аб’езду?

У Галасяціне каля крамы мы пагаварылі з Мікалаем, які шкадуе аб тым, што з вёскі з’язджае моладзь, дамы пусцеюць і ўсё больш пачынаюць нагадваць чарнобыльскую «зону адчужэння».

— Калісьці тут жыло шмат людзей, на вуліцах стаяў дзіцячы гоман, а цяпер ні клуба, ні дзіцячага садка, ні школы. Пенсіянерам застаецца хадзіць у лес у грыбы ды на рыбалку ездзіць. Я вось ажно на Сяльцы рыбачу.

Зайшлі журналісты і ў сельскі магазін, які, дарэчы, здзівіў багатым асартыментам.

— Так, тут ёсць усе неабходныя тавары, — кажа прадавец Святлана Іванаўна. — Шкада будзе, калі магазін як і клуб закрыюць. Ніякая аўталаўка яе не заменіць. Добра для Галасяціна і тое, што ў нас функцыянуюць ферма і майстэрні, хоць нейкая праца ёсць у людзей. А дрэнна тое, што па выхадных тут наогул аўтобусы не ходзяць, як нашым дзецям-студэнтам дадому прыязджаць? Маршруткі скарацілі, толькі да павароту на вёску ідуць. Нібы нас тут няма…

У Галасяціне сустрэлі і фельчара Шчарчоўскага ФАПа Іну Уладзіміраўну Жэдзік, якая хадзіла па хатах і пераконвала жыхароў у неабходнасці зрабіць прышчэпку ад каранавіруснай інфекцыі.

— На фоне кавіднай пандэміі ўсе астатнія праблемы цьмянеюць. Таму, лічу, галоўнае, каб у жыхароў нашага сельсавета было здароўе. Усё астатняе перажывём.

Думкамі цікавілася Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік