Среда, 20 октября 2021

Азімай сяўбе — асаблівая ўвага. Журналісты пабывалі ў ААТ «Жураўлінае» і паглядзелі, як ідуць работы

563

Любы вопытны работнік сельскай гаспадаркі скажа, што ход работ у полі ў вялікай ступені залежыць ад надвор’я. У гэтым сезоне яно шмат разоў рабіла сюрпрызы аграрыям і вясной, і падчас жніва. Надвор‘е ж змясціла і тэрміны восеньскіх работ.

Але ж марудзіць з сяўбой азімых нельга. Задачай нумар адзін назваў яе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па выніках нядаўняга даклада міністра сельскай гаспадаркі і харчавання і даў даручэнне работнікам сельскай гаспадаркі пасеяць азімыя культуры да 1 кастрычніка. Каб высветліць, ці спраўляюцца з задачай у ААТ «Жураўлінае», журналісты адправіліся на яго палеткі.

ААТ «Жураўлінае» па плошчы пад азімыя культуры ў 3600 га саступае толькі «Ружанам-Агра» з іх 4820 гектарамі. Усяго ж у раёне азімы збожжавы палетак складае 23,5 тыс. гектараў.

Нягледзячы на капрызную восень, гаспадаркі Пружаншчыны не збаўляюць тэмпаў: на раніцу 28 верасня азімыя зерневыя культуры пасеяны на 64% плошчаў. Такім чынам, наш раён сярод абласных лідараў па тэмпах азімай сяўбы.

Галоўны аграном ААТ «Жураўлінае» Сяргей Капіца, механізатар Аляксандр Сахарук і вадзіцель Леанід Кавалевіч.

Стараюцца трымаць марку і ў ААТ «Жураўлінае». Як расказаў галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Капіца, тут засталося пасеяць культуры менш чым на 30% плошчаў. Сяўбу азімага ячменю на плошчы ў 250 га ўжо завяршылі. Пасеяны таксама азімы рапс (ён займае 1100 га) і азімая свірэпіца на зерне.

— Азімы палетак у нас сапраўды немалы. Але людзі стараюцца — і работа кіпіць. Зусім крыху засталося да заканчэння сяўбы азімай пшаніцы, якая сёлета займае больш за 1000 га. З астатнімі культурамі якраз плануем справіцца да 1 кастрычніка, — расказвае Сяргей Іванавіч.

Вадзіцель Леанід Кавалевіч і механізатар Аляксандр Сахарук.

Сёння на азімай сяўбе задзейнічана тры пасяўныя агрэгаты аўстрыйскага вытворцы «Pottinger». За светлавы дзень яны праходзяць па 50-60 га. Неўзабаве да іх далучыцца чацвёрты. Уся тэхніка сучасная: трактары «Джон Дзір» абсталяваны сістэмай навігацыі, якая дапамагае кантраляваць працэс і не прапускае ні сантыметра пасяўной плошчы.

Механізатар А.С.Сахарук.

На адным з такіх агрэгатаў на палетку пад Агароднікамі мы заспелі механізатара А.С.Сахарука – прадстаўніка вядомай у гаспадарцы дынастыі. Бесперабойную дастаўку пасяўнога матэрыялу Аляксандру Сцяпанавічу забяспечвае вадзіцель Л.М.Кавалевіч.

Вадзіцель Л.М.Кавалевіч.

— Мы з Леанідам Мікалаевічам бываем задзейнічаны на самых розных работах, але, бадай, самым адказным этапам з’яўляецца менавіта пасяўная кампанія, — кажа механізатар. — Ад таго, наколькі эфектыўна спрацуем зараз, залежаць намалоты на жніве-2022.

Як расказвае галоўны аграном, цяпер у сельгаставарыстве ідзе хімпраполка азімага ячменю, а таксама хімапрацоўка азімага рапсу рэгулятарамі росту. Амаль завершана ўборка кукурузы на сілас, хутка плануюць убіраць «царыцу палёў» на зерне.

Сяргей Іванавіч упэўнены: задачы, пастаўленыя Прэзідэнтам, будуць выкананы.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік