Четверг, 11 августа 2022

Усяго пару месяцаў працуе інспектарам ДПС Ілья Стасевіч. Малады супрацоўнік дае парады тым, хто марыць паступіць у Акадэмію МУС РБ

1 391

Пасля заканчэння ў бягучым годзе Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь Ілья Стасевіч прыйшоў на службу ў Пружанскі райаддзел міліцыі інспектарам дарожна-патрульнай службы аддзялення ДАІ. Як сам адзначае, служыць у міліцыі быў яго свядомы выбар яшчэ са школы. Таму пасля выпускнога вечара адразу паехаў паступаць у Акадэмію.

— Мне казалі, што паступіць у гэтую прэстыжную ВНУ даволі складана, асабліва цяжка прайсці медыцынскую камісію, якая вельмі патрабавальная, — успамінае малады інспектар. — У гэтым я сапраўды пераканаўся падчас паступлення: урачы дасканала вывучалі стан здароўя, фізічную падрыхтоўку, нават псіхалагічнае даследаванне праводзілі.

Але ўсе гэтыя выпрабаванні Ілья Стасевіч называе неабходнымі, бо потым дзяржава бярэ на сябе ўсе абавязкі па падрыхтоўцы спецыяліста, ад якога потым патрабуецца пачэсная служба. Штогод такую магчымасць атрымліваюць сотні юнакоў і дзяўчат з розных куткоў Беларусі. Значыць, шанец ёсць у многіх, трэба толькі загадзя рыхтавацца. Напрыклад, Ілья раіць пачынаць падрыхтоўку не пазней дзясятага класа. Выпускнікам жа бягучага навучальнага года, якія мяркуюць паспытаць удачу — прайсці конкурс у Акадэмію МУС РБ, трэба вывучаць усе нюансы і збіраць дакументы яшчэ перад зімовымі канікуламі.

Як расказвае намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Ю.А.Неміровіч, акрамя Акадэміі МУС РБ, навучанне спецыялістаў для органаў унутраных спраў вядзецца ў Магілёўскім інстытуце. Тыя, хто скончыць сёлета 6-ы клас, могуць паступіць у спецыялізаваны ліцэй МУС РБ.

— У міліцэйскія ВНУ можна паступаць маладым людзям ва ўзросце ад 17 да 25 гадоў, — тлумачыць Юрый Анатольевіч. — Тэрмін навучання — 4 гады. Для паступлення трэба здаць ЦТ па трох прадметах — грамадазнаўстве, замежнай, а таксама рускай ці беларускай мове. І, вядома, праводзіцца папярэдняе вывучэнне кандыдата, потым спецыяльная праверка і заключнае медыцынскае асведчанне. У выніку ажно тры камісіі адбіраюць самых годных. Таму і пачынаць падрыхтоўку раім загадзя.

Нагадаем, што маладым пружанцам, якія мяркуюць паступаць у навучальныя ўстановы органаў унутраных спраў, неабходна звяртацца ў райаддзел міліцыі на адрас: г.Пружаны, вул.Савецкая, 36, каб.219. Тэлефоны для даведак: 9-27-17, 9-18-57 або +375-29-202-94-98.

Больш падрабязна даведацца пра асаблівасці выбару спецыялізацыі, умовы навучання, забеспячэнне курсантаў і далейшае працаўладкаванне можна на сайце Міністэрства ўнутраных спраў РБ — mvd.gov.by, а па пытаннях паступлення ў спецыялізаваныя навучальныя ўстановы — amia.by, institutmvd.by, litseymvd.by.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік