Суббота, 20 апреля 2024

Гісторыя аднаго экспаната. Сола для цытры

4 573

Сярод шматлікіх калекцый музея-сядзібы “Пружанскі палацык” ёсць адна невялічкая, але вельмі ўжо “гучная”: яна налічвае 13 унікальных музычных інструментаў. Адзін з іх – цытра, роднасная арфе і вельмі падобная да рускіх гусляў.

Гэты струнны шчыпковы музычны інструмент быў вядомы з даўніх часоў. Ужо ў XVI стагоддзі ў Еўропе цытра была другой па папулярнасці пасля лютні. Але сваё другое нараджэнне яна атрымала ў XVIII стагоддзі, калі цытру амаль адначасова ўдасканалілі два нават незнаёмыя адзін з адным майстры: немец Сіман і аўстрыец Кіндл. Да гэтага часу адносіцца росквіт цытры, на якой з задавальненнем ігралі і каранаваныя асобы, і просты люд.

Цытра мае плоскі драўляны корпус няправільнай формы, над якім нацягнута ад 17 да 45 струн (у залежнасці ад памеру інструмента). Некалькі бліжэйшых да выканаўцы струн (звычайна 4-5), нацягнутых над грыфам з металічнымі ладамі, зашчыпваюцца надзетым на вялікі палец правай рукі плектрам, на іх і выконваецца мелодыя. Астатнія струны служаць для акордавага суправаджэння.

Вылучаюць розныя віды цытраў: дыскант-цытра, басовая, канцэртная цытра і іншыя. Цытра часцей за ўсё саліруе ў аркестравых творах. І сваімі гукамі літаральна зачароўвае. Дарэчы, старадаўні соннік абвяшчае: калі вам прысніцца, што іграеце на цытры, — вас чакаюць любоўныя перажыванні, а калі ў сне пачуеце гукі гэтага інструмента — вялікае каханне…

Адметна, што ў 2014 годзе пошта Аўстрыі змясціла малюнак цытры на спецыяльных марках, якія ўвайшлі ў серыю штогадовых марак еўрапейскай паштовай асацыяцыі PostEurop. У 2019 годзе да свайго 310-годдзя Мейсенская фарфоравая мануфактура выпусціла ў працяг серыі “Малпавы аркестр” фігурку малпы з цытрай у лапах.

Цытра, якая захоўваецца ў Пружанскім палацыку, датуецца першай паловай ХХ стагоддзя і была прывезена з Германіі.

Асноўная частка — рэзанатарны корпус — уяўляе сабой плоскую скрыню арфападобнай формы, якая складаецца з дзвюх фігурных дэк. Над верхняй дэкай было нацягнута 25 металічных струн.

Перпендыкулярна струнам замацаваны спецыяльныя дошчачкі —“прапаны”. На іх налеплены вузкія палоскі паперы з указаннем танальнасці і ступені. Верхняя дэка ўпрыгожана намаляваным алейнымі фарбамі букетам руж. У глыбіні корпуса маецца надпіс на англійскай мове: “First class quality. Auto Harp. Made in Germany”, які сведчыць пра першакласную якасць нашага экспаната.

Вядома, няўмольны час унёс пэўныя карэктывы ў яго гучанне, тым больш, што дзве струны не захаваліся. Але, паверце, у руках сапраўднага майстра наша цытра яшчэ можа даць цудоўны канцэрт.

Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы “Пружанскі палацык”