Среда, 20 октября 2021

«Журавы» з ААТ «Жураўлінае» занялі другое месца на абласным чэмпіянаце па хуткаснай зборцы спілс-картаў

658

У мінулую суботу ў Брэсце прайшоў абласны этап рэспубліканскага чэмпіянату па хуткаснай зборцы спілс-картаў.

Мерапрыемства стала часткай рэспубліканскага патрыятычнага праекта «Ведаю Беларусь», прымеркаванага да Дня народнага адзінства. Праводзіла яго абласная арганізацыя ГА «БРСМ».

Спілс-карты – гэта пазлы, на адваротным баку якіх мацуецца магніт. У дадзеным выпадку ўдзельнікам трэба было са 118 фрагментаў скласці карту нашай краіны.

Пружанскі раён на чэмпіянаце прадставіла каманда працоўнай моладзі «Журавы» з ААТ «Жураўлінае». У складзе зборнай выступалі вядучы заатэхнік-селекцыянер Алег Мажэйка, адміністратар сетак Алег Максімовіч і брыгадзір вытворчага ўчастка «Клепачы» Мікіта Гразных. Па выніках чэмпіянату наш раён размясціўся на другім месцы.

Дарэчы, таксама ў мінулыя выхадныя яшчэ адна зборная з ААТ «Жураўлінае» прадставіла раён на абласным чэмпіянаце па лазертагу сярод працоўнай моладзі.

Уладзіслаў Шпарла. Фота з групы «Молодёжь Брестчины | БРСМ»