Среда, 20 октября 2021

Жадаеце зрабіць прышчэпку ад каранавіруса? Тады вам у… «Белмаркет». У магазіне працуе пункт вакцынацыі

1 372

На мінулым тыдні на базе пружанскага магазіна «Белмаркет» па вул. Інтэрнацыянальнай адкрыўся прышчэпачны пункт, дзе кожны жадаючы можа зрабіць прышчэпку ад каранавіруснай інфекцыі. Выкарыстоўваецца вакцына кітайскай вытворчасці «Vero Cell».

З панядзелка па пятніцу, з 12.00 да 19.00, на пункце працуюць урач і яго памочнік, якія ў парадку жывой чаргі вядуць прыём пацыентаў. Медыцынская картка не патрабуецца.

З дазволу чарговага пацыента журналісты «раёнкі» ўважліва назіраюць за тым, як спецыяліст, згодна з прынятым пратаколам, вядзе яго прыём. Доктар вымярае тэмпературу і ціск і падрабязна распытвае пра самаадчуванне.

— Падчас апытання пацыента, — каментуе свае дзеянні ўрач Алена Аляксандраўна Цярлецкая, — мы высвятляем агульную клінічную карціну чалавека. І калі раптам выяўляем у яго прыкметы вострай рэспіраторна-віруснай інфекцыі або вострай фазы іншых захворванняў, што з’яўляецца безумоўным супрацьпаказаннем да вакцынацыi, тады яе не праводзім і настойліва раім звярнуцца ў паліклініку да ўчастковага ўрача, каб удакладніць дыягназ.

Толькі пераканаўшыся ў тым, што пацыент здаровы, урач дае дазвол на вакцынацыю.

Пасля працэдуры, праведзенай памочнікам урача Дар’яй Генадзьеўнай Ціханчук, мужчыне рэкамендуюць пабыць некаторы час у пункце на выпадак раптоўнага ўзнікнення алергічнай рэакцыі.

А таксама тлумачаць, куды і ў якія тэрміны трэба з’явіцца, каб атрымаць другі кампанент вакцыны (кітайскі прэпарат, як і расійскі, з’яўляецца двухкампанентным).

Журналісты, скарыстаўшыся сітуацыяй, наладзілі пацыенту «інтэрв‘ю».

Як аказалася, Віктар Іванавіч Чахачоў жыве недалёка ад бальніцы, аднак пайсці туды на вакцынацыю па пэўных прычынах не рызыкнуў.

— Каб трапіць у паліклініку на прыём, трэба з раніцы выстаяць вялікую чаргу ў рэгістратуру па талон. Жадання і магчымасці марнаваць на гэта свой каштоўны час у мяне няма: я даглядаю жонку-інваліда. Дарэчы, гэты сумны факт і паўплываў на маё рашэнне не адкладваць вакцынацыю да лепшых часоў. Сам я на здароўе не скарджуся, на ўліку ў паліклініцы па хваробах не стаю. Вырашыў зрабіць прышчэпку, таму што не хачу стаць вінаватым у хваробе блізкага чалавека. Вядома, поўнасцю не застрахуешся, але ў нашых сілах прыняць усе неабходныя меры, каб быць спакойным.

Падрыхтавала Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік