Четверг, 11 августа 2022

Для тых, хто любіць майстраваць, ляпіць, вязаць, вышываць… І нават тых, хто блогерам марыць стаць! ЦТДМ запрашае ў аб’яднанні па інтарэсах

475

Хутка праляцела лета, надышла восень, і цэнтр творчасці дзяцей і моладзі зноў адчыніў свае дзверы для пастаянных сяброў і… новых выхаванцаў. З 6 па 11 верасня ў нашай установе прайшоў Тыдзень дадатковай адукацыі, у рамках якога педагогі прэзентавалі навучэнцам гарадскіх школ свае аб’яднанні па інтарэсах.

Цэнтр сустракаў школьнікаў на Дні адчыненых дзвярэй, дзе іх чакалі творчыя майстэрні, экскурсіі, забаўляльная праграма, квэст-гульня “Збяры цэнтр творчасці ў сваім тэлефоне”, аквагрым і многае іншае. Менавіта ў гэты дзень у дзяцей была магчымасць пазнаёміцца з творчасцю кожнага з гурткоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – “Мукасолькі”, “Батыка”, “Бісерапляцення”, “Вязання кручком і пруткамі”, “Саломкі” і іншых…

Аматараў сучаснай моды па-ранейшаму запрашае ўзорная студыя моды і дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Папараць-кветка”. Тут юныя модніцы ствараюць калекцыі не толькі ўбораў, але і аксесуараў да іх.

“Мы ў адказе за тых, каго прыручылі”, а значыць, павінны ўмець правільна даглядаць братоў нашых меншых — валодаць такімі ўменнямі навучыць гурток “Свет жывёл”.

Спевы адносяцца да тых навыкаў, якім лепш вучыцца з самага дзяцінства. Развіць свае вакальныя здольнасці і здабыць упэўненасць дапамогуць вакальная студыя “Страказа” і аб’яднанне па інтарэсах “Вясёлыя ноткі”.

Самых актыўных і тых, хто неабыякавы да лёсу горада і яго моладзі, запрашае аб’яднанне па інтарэсах “Гарадскі дзіцячы парламент”.

І, вядома ж, кожны год мы адкрываем для сваіх вучняў новыя аб’яднанні па інтарэсах. Так, напрыклад, у гэтым навучальным годзе ўпершыню будзе рэалізоўваць сваю праграму гурток “Акадэмія блогераў”, дзе можна будзе вывучыць асновы блогерства і журналістыкі, навучыцца працаваць у сацыяльных сетках, развіваць упэўненасць у сабе і мэтанакіраванасць.


Педагогі ЦТДМ з задавальненнем дапамогуць раскрыць вашы таленты, знайсці захапленне па душы, весела правесці час і набыць новых сяброў.

Запрашаем у новы навучальны год!

Ганна Андрусевіч