Среда, 20 октября 2021

У Бярозе да Дня народнага адзінства адкрылі мемарыял і правялі маштабны канцэрт

603

Абласныя ўрачыстасці, прымеркаваныя да Дня народнага адзінства, прайшлі ў г. Бяроза. Акрамя жыхароў гэтага суседняга з намі райцэнтра, удзел у грандыёзным мерапрыемстве прынялі дэлегацыі з усіх раёнаў Брэстчыны і абласнога цэнтра.

Менавіта ў гэты дзень, 17 верасня, пасля рэканструкцыі быў адкрыты мемарыял, створаны на месцы былога канцэнтрацыйнага лагера “Бяроза-Картузская”.

Падчас адкрыцця адноўленага мемарыяла старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка і сын вязня канцлагера, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Труцько.

Пры правядзенні рэканструкцыі аднавілі мемарыяльную пліту і перад помнікам паклалі плітку шасціграннай формы, як яе яшчэ называлі – трылінку. Менавіта такую плітку рабілі вязні канцлагера ў Бярозе-Картузскай падчас яго існавання: з 1934 па 1939 гады. Таксама да дзяржаўнага свята была створана музейная экспазіцыя “Канцлагер Бяроза-Картузская”, якую размясцілі ў будынку так званых Чырвоных казармаў.

У сваёй прамове падчас адкрыцця памятнага знака старшыня Брэсцкага аблвыканкама Ю.В.Шулейка адзначыў сімвалічнасць знаходжання ў Дзень народнага адзінства менавіта на бярозаўскай зямлі – такой жа шматпакутнай, як і ўся наша Беларусь. Бо кожны перыяд гісторыі пакінуў тут свой след. Асобна губернатар спыніўся на такой трагічнай старонцы Бярозы, як канцлагер, які стварылі тут польскія ўлады ў сярэдзіне 30-х гадоў.

— Усё рабілася для падаўлення зняволеных, прымусу іх адмовіцца ад сваіх поглядаў. І хто ведае, колькі яшчэ лёсаў знявечыў бы лагер, каб не 17 верасня 1939 года. Тады часці Чырвонай арміі не толькі паклалі канец здзекам над людзьмі, але і вызвалілі тэрыторыю Заходняй Беларусі і аб’ядналі народ, які шмат гадоў знаходзіўся пад прыгнётам. І сёння мы вяртаемся да тых падзей, каб яшчэ раз нагадаць цяперашнім і будучым пакаленням пра неабходнасць шанаваць мір на сваёй зямлі, — сказаў Ю.В.Шулейка.

А мяркуючы па тым, як было наладжана святкаванне падзеі ў цэнтры горада, шанаваць мір і працу людзей мы ўмеем. У райцэнтры працавалі гандлёвыя пляцоўкі, дзіцячыя атракцыёны, праводзіліся спартыўна-масавыя мерапрыемствы, у “Горадзе майстроў” былі прадстаўлены вырабы народных умельцаў. Актыўны ўдзел у святкаванні прынялі і работнікі пружанскай спажыўкааперацыі – прадаўцы “Бістро”. Таксама была шырока прадстаўлена прадукцыя ААТ “Пружанскі малочны камбінат”. І нягледзячы на разнастайнасць розных прысмакаў з іншых раёнаў вобласці, прадукцыя пружанскіх вытворцаў асабліва прыцягвала ўвагу пакупнікоў.

А завяршыліся ўрачыстасці цудоўным святочным канцэртам, у якім таксама прымалі ўдзел нашы артысты, і феерверкам. Уражанні ад іх не сапсаваў нават дождж.

Галіна Каляда, Іван Аскірка.

Фота Валерыя Караля і Кацярыны Масік

Глядзіце відэаверсію канцэрта ў Бярозе:

Больш фотаздымкаў: https://ok.ru/budni/album/927863571848.