Четверг, 11 августа 2022

Пра вытворчыя працэсы — пад гоман восеньскага лесу… Інтэрв’ю з дырэктарам ДЛГУ «Пружанскі лясгас» Уладзімірам Жалнерчыкам

736

ДЛГУ «Пружанскі лясгас» Уладзімір Уладзіміравіч Жалнерчык узначаліў у 2016 годзе. За гэты час лясная гаспадарка раёна істотна мадэрнізавалася: удасканальвалася ахова лесу, пашырыўся асартымент і якасць выпускаемых лесаматэрыялаў. Лясгас актыўна нарошчваў экспартную складаемую сваёй дзейнасці, развіваў турызм, нават пачаў заяўляць пра сябе, як пра вытворчую арганізацыю. Усе гэтыя дасягненні сталі магчымыя, у тым ліку і дзякуючы дзелавітасці кіраўніка прадпрыемства, якога толькі зрэдку можна застаць у сваім кабінеце. Вось і напярэдадні прафесійнага свята мы знайшлі дырэктара лесагаспадарчай установы менавіта ў лесе — падчас інспекцыі структурных падраздзяленняў. І сярод соснаў і бяроз пагаварылі пра дасягненні арганізацыі і яе калектыву, новыя планы і перспектывы.

— Уладзімір Уладзіміравіч, прыемна назіраць за штогадовым развіццём і ростам дабрабыту Пружанскага лясгаса. Сёння яго можна смела далучаць да спісу самых буйных арганізацый раёна. Што на сучасным этапе ўяўляе сабой установа?
— Лесагаспадарчая ўстанова Пружаншчыны — гэты цэлы комплекс структурных падраздзяленняў, размешчаных па ўсім раёне. Дзевяць лясніцтваў, некалькі вытворчых участкаў і 407 работнікаў на сённяшні дзень. Сярэдні ўзрост калектыву — у межах 40 гадоў, але не толькі гэта лічу галоўным. Звярну ўвагу на тое, што ў нас невялікі працэнт тых, хто адпрацаваў толькі год. Так, моладзь да нас прыходзіць штогод, сёлета таксама прымалі навічкоў. За імі замацоўваюцца вопытныя настаўнікі, якія перадаюць свае веды і практычныя напрацоўкі наступнаму пакаленню леснікоў і егераў. Тым не менш, асноўная частка — людзі, якія нямала гадоў свайго жыцця аддалі ахове лесу. Каб адзначыць усіх, хто адпрацаваў 20, 30 і больш гадоў, давялося б пералічыць больш за палову калектыву. Звязана гэта з тым, што выпадковых людзей у лясной гаспадарцы быць не можа, бо трэба «гарэць душой» за прыроду, аберагаць і перадаваць нашчадкам тыя багацці, што нам дала наша зямля.

— Ці ўдалося лясгасу ў бягучым годзе пераадолець эканамічныя цяжкасці і выйсці на запланаваныя паказчыкі?
— Сярод розных накірункаў дзейнасці нашай арганізацыі асноўным застаецца догляд лясной гаспадаркі, пачынаючы ад вырошчвання маладых пасадак і заканчваючы высечкай спелых лясоў. Па выніках васьмі месяцаў бягучага года планы выкананы на 70%, а ў аб’ёмах лесанарыхтоўкі — на 115%. Па паляўнічай гаспадарцы дасягнулі мяжы ў 65%. У выніку выручка ад рэалізацыі прадукцыі перавысіла ўжо запланаванае на ўвесь год на 50%, што дазволіла дасягнуць рэнтабельнасці 14%. А гэта амаль удвая больш за мінулагоднія паказчыкі. Разам з тым, плошчы маладых пасадак павялічыліся на 320 гектараў.

Гэтыя лічбы сведчаць аб устойлівасці нашай арганізацыі, у тым ліку і перад рознымі выпрабаваннямі. Безумоўна, рост паказчыкаў напрамую залежыць ад добрасумленнай працы калектыву арганізацыі. І такое стаўленне да даручаных абавязкаў пастаянна стымулюем ростам заработнай платы: у бягучым годзе меркавалі падняць сярэднюю планку заробкаў да 1200 рублёў, а атрымалася нават крыху больш за 1300.

— Кожны год мае свае адметнасці не толькі ў жыцці асобнага чалавека, але і вытворчай арганізацыі. Якім увойдзе ў гісторыю 2021-ы для лясгаса?
— Сёлета рэгістраваўся рэзкі рост попыту на піламатэрыялы. І на гэта нам неабходна было аператыўна зрэагаваць, бо недахоп прадукцыі мог яшчэ больш падштурхнуць павелічэнне цэн. І мы справіліся з пастаўленымі задачамі, забяспечваючы патрэбы дзяржавы і экспартных партнёраў Беларусі.

— Мінула крыху больш за год з моманту адкрыцця пелетнага завода ў Слабудцы. Пружанскі лясгас быў у ліку піянераў новай справы. Ці не пашкадавалі, што выказалі такую ініцыятыву?
— Атрыманы вопыт ацэньваем, як удалы, і не толькі ў плане атрымання прыбытку. Ёсць новыя магчымасці для ўтылізацыі адходаў лесагаспадарчай дзейнасці, якія раней не ўцягваліся ў абарот, створаны новыя працоўныя месцы з годнымі заробкамі. А наша рэспубліка заявіла пра сябе на знешніх рынках і як пастаўшчык яшчэ аднаго віду карыснай прадукцыі. Да таго ж, гэта дало нам штуршок для складання далейшых планаў па нарошчванні вытворчасці.

— Наколькі ведаю, не толькі працоўнымі абавязкамі мацуецца згуртаванасць калектыву, але і сумесным баўленнем вольнага часу. Ці падтрымліваецца такая тэндэнцыя ў бягучым годзе?
— Прыемна, што нашы работнікі — вельмі лёгкія на пад’ём. Мы часта ездзім на розныя экскурсіі, раней нярэдка бывалі за межамі краіны, зараз больш адкрываем для сябе айчынныя славутасці — Гродна, Гомеля, Брэста, Мінска і іншых.

Круглы год у нас ладзяцца спартакіяды як па галіновых відах дзейнасці, так і па агульных відах спорту. У нядаўніх летніх спаборніцтвах нашы работнікі, напрыклад, занялі першае месца ў лёгкаатлетычным кросе. Гэтыя імкненні мы падтрымліваем і матэрыяльна, прэміруем удзельнікаў і пераможцаў. Зараз рыхтуемся да зімовай спартакіяды, на якой, мяркую па выніках мінулых гадоў, таксама не застанёмся без кубкаў і дыпломаў.

— Уладзімір Уладзіміравіч, з нагоды прафесійнага свята каго з работнікаў лясгаса Вы адзначылі б?
— Без сумнення, усіх, бо дасягаць такіх вынікаў можна толькі зладжанай агульнай працай. Што бачна па колькасці ўзнагароджваемых штогод работнікаў. Дзясяткі чалавек атрымліваюць граматы раённага ўзроўню і галіновыя адзнакі, асобныя вызначаюцца на ўзроўні вобласці і рэспублікі. Імёны дзесяці чалавек занесены на Дошку гонару нашай арганізацыі.

Разам з гэтым, сёлета нагрудным знакам адзнакі Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь «10 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове РБ» узнагароджаны леснікі Бярозаўскага лясніцтва Міхаіл Сцяпанавіч Панасевіч, Анатоль Яўгенавіч Курмыса, Ліноўскага лясніцтва Андрэй Рыгоравіч Грыцэвіч, Лыскаўскага лясніцтва Васіль Васільевіч Прасняк, Ружанскага лясніцтва Мікалай Пятровіч Кульба, а таксама майстар лесу Гарадзечненскага лясніцтва Антон Васільевіч Біцюк. Нагрудным знакам «20 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове РБ» — леснікі Віктар Міхайлавіч Грышкевіч (Міхалінскае) і Сяргей Уладзіміравіч Макарэвіч (Ружанскае). Ганаровай граматай МЛГ РБ — ляснічы Бярозаўскага лясніцтва Міхаіл Васільевіч Калодзіч. Таксама міністэрскія ўнагароды атрымалі егер Міхалінскага лясніцтва Юрый Міхайлавіч Траццяк і майстар лесапункта Раман Сяргеевіч Волкаў, абласную грамату — ляснік з Лінаўскага лясніцтва В.І.Геч. У дадатак, пяць работнікаў установы павысілі сваю кваліфікацыйную класнасць.

Хачу падзякаваць усім работнікам лясной гаспадаркі, ветэранам галіны за добрасумленную працу, адказныя адносіны да справы і пажадаць ім дабрабыту, дасягнення пастаўленых мэт і павагі людзей, якія, дзякуючы працы лесаводаў, жывуць у багатай лясамі краіне.

Разам з тым, выказваю падзяку за пастаянную падтрымку ў правядзенні дабрачынных акцый «Чысты лес», «Тыдзень лесу» і іншых мерапрыемстваў установам адукацыі раёна і іншым арганізацыям. Напрыклад, Кляпацкай СШ за самую актыўную дапамогу мы падарылі тэлевізар. Разам са школамі заўсёды прымаюць удзел у нашых акцыях навучэнцы аграрна-тэхнічнага каледжа, якія ўваходзяць у састаў студэнцкага атрада, за што ім таксама шчыра дзякую.

Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік