Четверг, 11 августа 2022

Тром жыхарам Пружаншчыны прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Пружанскага раёна». Пасведчанні ўручылі падчас канцэрта, прымеркаванага да Дня народнага адзінства

1 220

На адно дзяржаўнае свята ў календары беларусаў стала больш. 17 верасня мы ўпершыню адзначаем Дзень народнага адзінства.

Падрыхтоўка да яго пачалася загадзя: выставы і інтэлектуальныя турніры, упрыгожаныя вуліцы гарадоў, вела- і аўтапрабегі па ўсёй краіне. Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню народнага адзінства, прайшло і ў Пружанах: гасцей свята ў чацвер прымаў Палац культуры.

Падчас яго старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун уручыў пасведчанні Ганаровых грамадзян Пружанскага раёна — Мікалаю Жогалу, Святлане Гардзіеўскай і Іраідзе Багамолавай.

Прысутныя азнаёміліся з выставай народнай творчасці, якая прадэманстравала, што на Пружаншчыне жывуць сапраўды таленавітыя і працавітыя людзі.

Пра тое, што кожная нацыя – унікальная, гаварыў у сваім віншаванні старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун. А беларусы, як падкрэсліў кіраўнік раёна, валодаюць яшчэ і ўменнем разумець адзін аднаго і разам жыць у згодзе. Таму наша зямля не раз была месцам прымірэння. «Толькі ў адзінстве і згодзе мы зможам захаваць незалежнасць», — адзначыў Юрый Юр’евіч.

Затым вядучая канцэрта Ганна Жук запрасіла на сцэну людзей, якіх на працягу многіх гадоў аб’ядноўвае любоў да малой радзімы і праца на яе карысць.

Кіраўнік раёна ўручыў пасведчанні Ганаровых грамадзян Пружанскага раёна адразу тром нашым землякам.

М.С.Жогал працуе дырэктарам ААТ «Пружанскі льнозавод» больш за 30 гадоў. За гэты час прадпрыемства неаднаразова станавілася лепшым у краіне. З апошніх дасягненняў – занясенне на Дошку гонару вобласці і Пружанскага раёна. Летась за значны ўклад у развіццё сельгасгаліны Мікалаю Сцяпанавічу ўручана Падзяка Прэзідэнта Беларусі. Але, як прызнаецца ён сам, гэта – заслуга зладжанага калектыву аднадумцаў, які не баіцца дзяліцца вопытам і пераймаць яго ў іншых. Так літаральна тыдзень таму льнозавод наведала дэлегацыя з Алтайскага краю РФ.

Званне Ганаровага грамадзяніна Пружанскага раёна атрымала С.М.Гардзіеўская, былы дырэктар Ліноўскіх ясляў-сада №21. Святлана Міхайлаўна ў сістэме адукацыі раёна 45 гадоў, 32 з іх яна загадвала садком. Пад кіраўніцтвам жанчыны ўстанова шмат разоў перамагала ў раённых конкурсах, укараняла новыя формы работы, была занесены на раённую Дошку гонару. 15 верасня споўнілася 9 гадоў, як садок знаходзіцца ў новым прыгожым будынку. А яшчэ з ранняга дзяцінства выхаванцам прывіваюць любоў да роднага краю: тут функцыянуе музей «Беларуская хатка». «Наш калектыў вельмі творчы, мэтанакіраваны, з ім можна ў агонь і ў ваду. Таму да гэтай узнагароды маюць дачыненне ўсе, хто працаваў і працуе ва ўстанове», — кажа Святлана Міхайлаўна.

Носіць цяпер званне Ганаровага грамадзяніна Пружанскага раёна і І.В.Багамолава. Уся працоўная дзейнасць Іраіды Вітальеўны, а гэта 45 гадоў, была звязана з дзіцячай школай мастацтваў імя Р.Р.Шырмы. Там яна вучыла дзяцей майстэрству ігры на домры. А яшчэ стварыла тры вядомыя ў раёне калектывы. Усе яны маюць ганаровыя званні. Гэта народны аркестр народных інструментаў, народны ансамбль народных інструментаў і дзіцячы ўзорны аркестр народных інструментаў. У скарбонцы жанчыны шмат узнагарод, але гэтая – па-асабліваму значная, бо, па сутнасці, з’яўляецца прызнаннем усёй яе дзейнасці.

З асаблівым гонарам за цяперашніх работнікаў культуры, наведвальнікаў танцавальных і песенных аб’яднанняў глядзела Іраіда Вітальеўна, як і іншыя госці свята, урачысты канцэрт.

Перад пружанцамі выступілі народны арт-гурт «Родники», выхаванцы харэаграфічнага аддзялення ДШМ, народны ансамбль народных інструментаў «Пружанскі палацык», народны ансамбль танца «Спадчына» і многія іншыя творчыя аб’яднанні. А фінальны нумар пад назвай «Сэрца беларуса» ад узорнага ансамбля танца «Круцёлачкі» даў зразумець тое, што ў душы кожнага жыхара нашага раёна жыве жаданне тварыць, быць карысным сваёй зямлі і рабіць усё для яе росквіту.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік

Больш фотаздымкаў тут: https://ok.ru/budni/album/927656956808.