Аксана Журык заўсёды вельмі любіла чытаць. У школьныя гады перачытала ўсе кніжкі ў вясковай бібліятэцы ў Варанілавічах, з якіх яна родам.
Калі надышоў час выбіраць прафесію, Аксана ўжо ведала, што хоча быць бібліятэкарам – каб быць бліжэй да так любімых ёю кніг. Паступіла вучыцца ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, на факультэт інфармацыйна-дакументных камунікацый. А пасля яго заканчэння прыйшла на працу ў Пружанскую цэнтральную бібліятэку імя Міколы Засіма. З задавальненнем працуе тут ужо 12 гадоў.

— Аксана Сяргееўна, ці складана было вучыцца на бібліятэкара?
— Ведаеце, гэтая прафесія не такая простая, як можа падацца. У нас былі вельмі строгія выкладчыкі. Дастаткова цяжка аказалася засвойваць шмат спецыяльнай інфармацыі. Да таго ж, вельмі вялікі аб‘ём літаратуры трэба было прачытаць: кнігі як беларускіх і рускіх аўтараў, так і сусветную літаратуру.
— Ці памятаеце Вы свой першы рабочы і свае ўражанні?
— Спачатку я трапіла не на абанемент, а ў аддзел бібліятэчнага маркетынгу, які займаецца метадычнай дапамогай сельскім бібліятэкам, арганізацыяй розных мерапрыемстваў. Вельмі баялася: мне здавалася, што я нічога не ведаю. Адразу завалілі дакументацыяй, службовымі інструкцыямі, тлумачальнымі запіскамі… Аказалася, што тое, чаму цябе вучаць ва ўніверсітэце, не заўсёды супадае з тым, з чым сутыкаешся на практыцы. Але з цягам часу ва ўсім разабралася, навучылася пісаць сцэнарыі і праводзіць творчыя мерапрыемствы, паглыбілася ва ўсе тонкасці прафесіі.
— Якія якасці патрэбныя бібліятэкару?
— Бібліятэкар павінен быць не толькі кампетэнтным, але і цярплівым, ветлівым, умець дапамагчы любой катэгорыі чытачоў. А супрацоўнікам аддзела бібліятэчнага маркетынгу трэба ў дадатак мець творчую жылку, каб напісаць цікавы сцэнарый да мерапрыемства.

— З наступленнем эры інтэрнэту ці не стала ў бібліятэцы менш чытачоў?
— Калі я прыйшла на працу ў 2009 годзе, то ў нас яшчэ стаялі чэргі і па вучэбную літаратуру, і па мастацкую. Зараз вучэбная літаратура карыстаецца попытам намнога менш: шмат патрэбных звестак можна знайсці ў інтэрнэце. Сярод аматараў мастацкай літаратуры таксама нямала тых, хто перайшоў ужо на электронныя або аўдыякнігі (дарэчы, апошнія на дысках можна ўзяць і ў нас на абанеменце). Тым не менш, многія чытачы па-ранейшаму аддаюць перавагу папяровай кнізе. Гэта звычайна «ўзроставая» катэгорыя пружанцаў — ва ўзросце ад 40 гадоў і старэй.
— Якія жанры літаратуры карыстаюцца найбольшай папулярнасцю ў пружанцаў?
— Жанчыны ва ўзросце аддаюць перавагу раманам: любоўным, іранічна-крымінальным, дэтэктыўным… Сярод аўтараў найбольш папулярныя Марыя Мятліцкая, Таццяна Троніна, Таццяна Палякова, Аляксандра Марыніна, Таццяна Усцінава і іншыя. А вось мужчыны часцей прыходзяць па гістарычную дакументальную літаратуру, многіх вельмі цікавіць тэма ваеннага часу, савецкая эпоха, яе пераасэнсаванне новымі аўтарамі.
Моладзь жа, асабліва школьнікі, завітваюць да нас у асноўным па класіку – рускую і замежную. Дарэчы, у апошні час мы сталі заказваць больш новай літаратуры ў жанры фэнтэзі, каб прыцягнуць маладых чытачоў.
— Як часта ў бібліятэку паступаюць новыя кнігі?
— Прыкладна раз у месяц. Сёлета было ўжо закуплена больш за 600 новых выданняў. Кожны чытач можа знайсці сярод іх што-небудзь цікавае для сябе.
І не толькі ў плане мастацкай літаратуры. Бібліятэка супрацоўнічае з выдавецтвам Беларускага экзархата. У гэтым годзе мы заказалі больш за паўсотню кніг праваслаўнага зместу. Атрымліваем таксама літаратуру па здаровым ладзе жыцця.
— А самі Вы што чытаеце ў вольны час?
— Залежыць ад настрою. Чытаю і жаночыя раманы, і дэтэктывы, і фантастыку, і класіку. З кожнай кнігі імкнуся ўзяць нешта новае для сябе, падмеціць цікавыя погляды людзей на жыццё.

Вельмі падабаецца “Майстар і Маргарыта” Міхаіла Булгакава. У апошні час захапілася серыяй кніг “Гульня прастолаў” Джорджа Марціна. Дарэчы, кніга вельмі адрозніваецца ад фільма. Таксама я б выдзеліла “Сагу аб Фітцы і Шуце” Робін Хоб.
Слухайце свой настрой.
Гутарыла Ірына Гавака