Воскресенье, 26 сентября 2021

Лёс беларусаў — праз лёсы свяшчэннаслужыцеляў

80

Пасля 1921 года, калі частка Заходняй Беларусі адышла да польскай дзяржавы і ўтварылася так званая Другая Рэч Паспалітая, беларусам у ёй жылося нялёгка. Асабліва пакутавала праваслаўнае насельніцтва. Нават калі паглядзець на гісторыю аднаго горада Пружаны, аднаго прыхода — храма Святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага, то на прыкладзе жыцця шэрага святароў і царкоўных служыцеляў можна прасачыць сумную карціну лёсу тагачасных беларусаў.

Гісторыя першая. Протаіерэй Канстанцін Пілінкевіч.

Ён быў удзельнікам Першай сусветнай вайны, служыў у ваенным шпіталі. Вярнуўся з бежанства ў Пружаны, дзе служыў да вайны. Пачаў наладжваць царкоўнае жыццё, адрамантаваў Прачысценскую царкву і, канечне, верыў, што наперадзе — мірнае жыццё. Аднак новая ўлада не дала яму спакою. А падставай для ганенняў паслужыла адна падзея.

У 1921 г. праз Пружаны праязджаў на той момант прэм’ер-міністр Польшчы Вінцэнты Вітас, і святару Пілінкевічу як благачыннаму даручылі выступіць з прывітаннем. На рускай мове айцу Канстанціну забаранілі звяртацца да высокага госця, польскай ён дасканала не ведаў. Таму вырашыў выкарыстаць мясцовы дыялект.

Прамова святара на беларускай мове, абсалютна лаяльная ў палітычным плане, у якой ён прасіў польскія ўлады не глядзець на беларусаў, як на нядобранадзейных грамадзян, у імгненне зрабіла Пілінкевіча “злачынцам”. У адносінах да святара пачаліся ганенні.

Другой падставай для іх паслужыў той факт, што падчас выбараў у сейм і сенат у 1922 г. протаіерэй заклікаў праваслаўнае духавенства і народ галасаваць за тых дэпутатаў, якія будуць абараняць беларусаў і праваслаўную царкву.

Святара пачалі вінаваціць у палітыканстве, нягледзячы на тое, што ён неаднаразова выказваў думку аб недапушчальнасці палітычных выступленняў з царкоўнай кафедры.

У выніку з Міністэрства веравызнанняў прыйшло прадпісанне епіскапу Пінскаму Аляксандру (Іназемцаву) вызваліць Пілінкевіча ад займаемай пасады і выслаць за межы Палескага ваяводства.

Здавалася, за што?

Гісторыя другая. Протаіерэй Аляксей Русецкі.

А вось лёс іншага святара. Протаіерэй Аляксей Русецкі быў прызначаны ў канцы 1922 года настаяцелем Свята-Аляксандра-Неўскага сабора. Чалавек разумны, адукаваны, прайшоў Першую сусветную і Грамадзянскую войны, нават быў галоўным святаром арміі Калчака.

Падставай да канфрантацыі з польскімі ўладамі і ганенняў з іх боку паслужыла абсалютна законнае патрабаванне святара да мясцовых уладаў вярнуць частку царкоўнага дома, які тыя занялі незаконна і размясцілі там ветэрынарную лякарню і ізалятар для заразных жывёл.

Можаце сабе ўявіць, у цэнтры горада, ды яшчэ амаль побач з алтаром храма (цяпер на гэтым месцы размяшчаецца кінатэатр “Спадарожнік”), парушаліся элементарныя санітарныя нормы. Каля сабора рыкалі хворыя жывёлы, а над царкоўным пагостам разносіліся непрыемныя пахі… Усё гэта сведчыла пра адсутнасць нават мінімальнай павагі з боку ўладаў да пачуццяў права-слаўных вернікаў. І ведаеце, які адказ у канчатковым выніку атрымаў протаіерэй Русецкі? Святара таксама абвінавацілі ў палітыканстве і ў 1925 годзе выслалі з Пружан.

Гісторыя трэцяя. Рыгор Раманавіч Шырма.

Наш зямляк, выбітны беларускі фалькларыст і музыкант Рыгор Раманавіч Шырма ў 1922 годзе вярнуўся ў сваю вёску Шакуны з бежанства. Вярнуўся на папялішча… Паколькі да таго часу ён ужо скончыў настаўніцкія курсы і нават паспеў папрацаваць настаўнікам, то звярнуўся ў дзяржаўную ўстанову, якая курыравала пытанні адукацыі, у надзеі атрымаць працу. Але перад ім паставілі ўмову — назваць сябе палякам. Шырма катэгарычна адмовіўся: маўляў, ён — беларус. “Беларусаў няма, гэта выдумка мінскіх бальшавікоў,” — такі быў адказ уладаў.

У школе Рыгору Раманавічу месца не знайшлося — і ён вымушаны быў уладкавацца лесарубам у Белавежскай пушчы. Аднак і там яму ўлады не далі працаваць. Выратаванне прыйшло з праваслаўнай царквы: Шырму запрашаюць псаломшчыкам у сабор, дзе ён кіраваў хорам каля трох гадоў. Настаяцель храма протаіерэй Русецкі нават планаваў яго высвеціць у святары. Аднак, як гаварылася вышэй, сам быў звольнены.

Застаўшыся без заступніка, Рыгор Шырма па запрашэнні Браніслава Тарашкевіча пераехаў у Вільню, дзе яму два гады пашчасціла настаўнічаць у гімназіі.

Пасля чарговага звальнення Шырма зноў застаўся без кавалка хлеба і жылля. І тады спевакі хору Віленскага кафедральнага сабора запрасілі яго да сябе ў якасці псаломшчыка. Мітрапалітным хорам Рыгор Раманавіч кіраваў ажно да 1939 года. Увесь час ён імкнуўся развіваць беларускую песенную культуру. За што нават двойчы сядзеў у польскай турме.


Вось яно, “салодкае” жыццё праваслаўных беларусаў пасля 1921 года. Нядзіўна, што пасля такога ганебнага стаўлення людзі хацелі хоць якіх-небудзь пераменаў, таму і сустракалі новую ўладу з радасцю і кветкамі. А ўсё, што адбылося пасля 1939-га, — гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Протаіерэй Міхаіл Носка, настаяцель саборнага храма Святога дабравернага Аляксандра Неўскага