Воскресенье, 26 сентября 2021

Вітаміны з яблычнай краіны. У пладовым садзе ААТ «Айчына» збіраюць смачны і карысны ўраджай

380

Шкада, што ў яблыневы сад пад Смалянамі мы не завіталі ўвесну. Тады ён патанаў у квецені і быў напоўнены пчаліным гулам. І вось нарэшце восень – час збіраць духмяны, салодкі і карысны ўраджай. Каб даведацца, ці радуе ён сёлета, мы і адправіліся ў ААТ «Айчына».

Яблыневы сад з сістэмай кропельнага арашэння быў закладзены ў «Айчыне» 15 гадоў таму. І нагадвае сапраўдную краіну з плошчай больш за 170 га. «Насяляюць» яе не толькі яблыні (яны займаюць 150 га), але таксама кусты чорнай парэчкі і буякоў.

Кіраўнік аддзялення садаводства Л.М.Астапук расказаў, што зараз у Смалянскім садзе вырошчваецца 23 гатункі яблыкаў. Большая частка – замежнай селекцыі. Тым не менш, побач з «айдарэдам», «чэмпіёнам», «джонаголдам» расце «беларускі салодкі». Уборкай пладоў гэтага гатунку якраз і займаліся ў садзе ў той час, калі сюды завіталі карэспандэнты.

— Калі пачынаецца ўборка пладоў, работа кіпіць нават у выхадныя. На дадзены момант убіраюць яблыкі і нашы работнікі, і тыя, хто прыходзіць выключна на «гарачы сезон» і працуе па дагаворы падраду, — кажа Леанід Мікалаевіч.

Трэці сезон уборкай яблык у «Айчыне» займаецца Максім Макарэвіч.

За дзень пры добрым надвор’і ў садзе ў Смалянах убіраюць да сямі тон яблыкаў. Плады адразу ж сартуюць, а затым адвозяць у пладасховішча, магутнасці якога дазваляюць змясціць да 3 тысяч тон вітаміннага ўраджаю. Праўда, сёлета на такую вялікую колькасць разлічваць не даводзіцца: чакаюць прыкладна 650 тон, удвая менш, чым у мінулым годзе. Халодныя зіма і вясна таму віной. Леанід Мікалаевіч прызнаецца, што шэраг дрэўцаў, асабліва замежнай селекцыі, падмерз.

Па словах Леаніда Мікалаевіча, ураджай у сховішчы не залежваецца. Яблыкі з «Айчыны» любяць жыхары нашага раёна, таму яны з лёгкасцю рэалізоўваюцца. Тым не менш, праблем у садзе апошнім часам нямала. Да іх вырашэння плануецца прыцягваць вучоных-біёлагаў. Рабіць гэта будуць у тым ліку пры дапамозе новых акцыянераў – ААТ «Белавежскі». Пакуль жа яблычны сезон працягваецца.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік і Сяргея Талашкевіча