Четверг, 20 января 2022

Зняць бар’еры. Што робяць органы мясцовага кіравання і самакіравання для камфортнага жыцця інвалідаў?

1 433

З выступлення загадчыка аддзялення пярвічнага прыёму, інфармацыі, аналізу і прагназавання Пружанскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва А.С.Бартасевіч.

Стварэнне даступнага асяроддзя – гэта комплекс мерапрыемстваў па абсталяванні аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры, жыллёвага фонду, вуліц, вакзалаў, аб’ектаў грамадскага карыстання пандусамі, пад’ёмнікамі і іншымі элементамі безбар’ернага асяроддзя для забеспячэння доступу ўсіх катэгорый інвалідаў.

Фізічна аслабленыя людзі, а таксама асобы з абмежаванымі магчымасцямі для руху павінны мець бесперашкодны доступ да аб’ектаў сацыяльна-бытавой інфраструктуры. У Дзяржаўнай праграме “Сацыяльная абарона” на 2021-2025 гады закладзены комплексны падыход да фарміравання даступнага асяроддзя ва ўсіх сферах жыцця. А гэта – забеспячэнне даступнасці аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры, вулічна-дарожнай сеткі, транспартных сродкаў, а таксама фарміраванне пазітыўных адносін у грамадстве да інвалідаў.

У Пружанскім раёне па стане на 01.08.2021 года пражывае 2484 інваліды. У тым ліку інвалідаў І групы – 406 чалавек, ІІ групы – 1196, ІІІ групы – 882. У нас 119 дзяцей-інвалідаў і 5792 чалавекі, старэйшыя за 70 гадоў. Таксама ў раёне пражывае 133 інваліды-калясачнікі і 121 інвалід па зроку.

За апошнія пяць гадоў агульная колькасць інвалідаў у раёне паменшылася на 8,9%, дзяцей-інвалідаў – на 18,2%. Таксама паменшылася і колькасць насельніцтва — на 3803 чалавекі.

Для рашэння праблем інвалідаў і фізічна аслабленых асоб у нашым раёне рэалізуецца рэгіянальны комплекс мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Сацыяльная абарона” на 2021-2025 гады. Фінансаванне мерапрыемстваў ажыццяўляецца за сродкі, прадугледжаныя на гэтыя мэты раённым бюджэтам, а таксама за кошт сродкаў арганізацый-выканаўцаў. Адпаведным распараджэннем старшыні райвыканкама створана пастаянна дзеючая камісія, на пасяджэннях якой разглядаюцца пытанні фінансавання мерапрыемстваў па адаптацыі аб’ектаў і паслуг з улікам асаблівых патрэбнасцей інвалідаў.

На працягу 2016-2020 гадоў у раёне выкананы работы па стварэнні элементаў безбар’ернага асяроддзя для інвалідаў і фізічна аслабленых асоб у раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, цэнтральнай раённай бальніцы, стаматалагічнай паліклініцы, паліклініцы Ружанскай гарадской бальніцы, на аўтастанцыі г.Пружаны, гасцініцы “Мухавец”, турыстычных аб’ектах. А гэта – усталяванне пандусаў і поручняў, абсталяванне аўтастаянак месцамі для інвалідаў, а таксама спецыяльных нумароў у гасцініцах і туркомплексах для асоб з абмежаванымі магчымасцямі. У райцэнтры здадзены ў эксплуатацыю дом сямейнага тыпу, у якім прадугледжана магчымасць пражывання дзіцяці з парушэннем апорна-рухальнага апарату.

У 23 дамах, дзе пражываюць інваліды па зроку, штогод праводзіцца пакрыццё кантраснай фарбай першай і апошняй прыступкі лесвіцы.

Зроблена маркіроўка 26 машына-месцаў для паркоўкі інвалідаў, з іх пяць у 2021 годзе.

Работы па абсталяванні пандусамі і поручнямі праведзены ў 24 дамах, у якіх пражываюць інваліды.

Перыядычна Дзяржаўтаінспекцыяй раёна з мэтай выяўлення і спынення фактаў парушэння вадзіцелямі Правілаў дарожнага руху, у прыватнасці, прыпынку і стаянкі ў месцах, прызначаных для інвалідаў, праводзяцца спецыяльныя рэйды. Вадзіцелі-парушальнікі прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці. Такія мерапрыемствы шырока асвятляюцца ў газеце “Раённыя будні”.

Штогод ажыццяўляецца маніторынг павелічэння ўдзельнай вагі парка рухомага саставу, абсталяванага для перавозкі ўсіх катэгорый інвалідаў. Удзельная вага транспарту, які ажыццяўляе перавозкі пасажыраў у межах горада, складае 100%, у прыгарадзе – 60%.

У Пружанскім раёне эксплуатуецца 29 аўтобусаў, з іх 20 — з нізкай падлогай для зручнасці інвалідаў.

Святлафоры, якія абслугоўвае КУВП “Камунальнік”, абсталяваны сінхроннымі гукавымі сігналамі для інфармавання ўсіх катэгорый інвалідаў аб дарожным руху.

Для людзей, якія дрэнна бачаць, у раённай бібліятэцы ёсць 254 экзэмпляры агучанай літаратуры. І фонд раённай бібліятэчнай сістэмы штогод папаўняецца выданнямі для такой катэгорыі насельніцтва. Таксама для людзей з праблемамі зроку каля некаторых аб’ектаў сацыяльнай сферы ўстаноўлены шыльды, аформленыя шрыфтом Брайля.

З улікам патрабаванняў інвалідаў праводзяцца работы па абсталяванні тратуараў і пешаходных пераходаў. Са 136 пешаходных пераходаў для зручнасці інвалідаў пераабсталявана 100 з іх.

Работы па паніжэнні бардзюрнага каменю праведзены ў г.п.Ружаны, а таксама ў г.Пружаны па вуліцах Горына-Каляды, Кобрынскай, Інтэрнацыянальнай, Міцкевіча, Будаўнічай, Кастрычніцкай, Чырвонаармейскай, Свабоды, Савецкай, Піянерскай.

З мэтай фарміравання пазітыўных адносін да людзей з інваліднасцю штогод у раёне праводзяцца спартыўныя мерапрыемствы і пазнавальныя гульні. Для асоб з абмежаванымі магчымасцямі праходзіць раённы інтэграваны фестываль “Дзяцінства без межаў”. Да Міжнароднага дня інвалідаў арганізуюцца дабрачынныя акцыі і канцэрты.

Клубная сістэма раёна на пастаяннай аснове арганізуе культурна-масавыя мерапрыемствы, якія могуць наведаць людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Таксама работнікі культуры ладзяць віншаванні і канцэрты для інвалідаў па месцы іх пражывання.

На пастаяннай аснове вядзецца інфармацыйная работа, накіраваная на фарміраванне ў грамадстве паважлівых адносін да інвалідаў. З гэтай нагоды ў тэрытарыяльным цэнтры выдаюцца і распаўсюджваюцца памяткі, буклеты, іншы інфармацыйны матэрыял. Рэгулярна ў друкаванай версіі і на сайце газеты “Раённыя будні” размяшчаюцца матэрыялы аб праблемах інвалідаў.

На работы па стварэнні безбар’ернага асяроддзя ў Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы на 2021 — 2025 гады запланавана 32 тысячы рублёў, у тым ліку на 2021г. – 6 тысяч рублёў.

Мерапрыемствы па стварэнні безбар’ернага асяроддзя ў Пружанскім раёне прадоўжацца. Напрыклад, сёлета работы па абсталяванні пандусаў і поручняў неабходна выканаць у аг. Клепачы. З гэтай нагоды шмат што зроблена і ў раённай бальніцы: устаноўлена тры моўныя інфарматары, кладзецца тактыльная плітка. У 4-м квартале будуць устаноўлены поручні.

Таксама сёлета будзе пачаты рамонт санітарна-гігіенічнага памяшкання з улікам даступнага асяроддзя ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў за кошт сродкаў замежнай бязвыплатнай дапамогі ў памеры 4250 еўра.

Нягледзячы на работу, якая праводзіцца па стварэнні даступнага асяроддзя, на жаль, ёсць выпадкі, калі кіраўнікі арганізацый не выконваюць мерапрыемствы па стварэнні і абнаўленні элементаў даступнага асяроддзя для інвалідаў і фізічна аслабленых асоб. Членамі раённай камісіі праведзены маніторынг стварэння асноўных элементаў безбар’ернага асяроддзя на сацыяльна значных аб’ектах. Усяго наведана 23 аб’екты, на 12 з якіх выяўлены недапрацоўкі. Кіраўнікам накіраваны пісьмы для прыняцця мер рэагавання.

Задача па забеспячэнні даступнасці для інвалідаў і фізічна аслабленых асоб на аб’ектах сацыяльнай, інжынернай і транспартнай інфраструктуры застаецца па-ранейшаму надзвычай актуальнай.