Пятница, 23 октября 2020

Дед Мороз: «Я верю в сказку»

1 639

Новы год – самае цудоўнае свята. Яго з нецярпеннем чакаюць дарослыя і дзеці. З чароўнай ноччу звязваюць свае спадзяванні на перамены да лепшага ці проста вераць у цуд. Вось тут у дзяцей ёсць важкая перавага: іх вера непахісная! І найперш яна звязана з Дзедам Марозам. Але ж у яго вераць і дарослыя! Інакш чаму яны так абураюцца, калі нехта з малых пачынае сумнявацца ў яго рэальнасці?

Зразумела, што сапраўдны Дзед Мароз існуе: ён выконвае самыя важныя жаданні, прыносіць пад ёлку падарункі і малюе ўзоры на шыбах. Але ж ёсць і прафесія такая – быць Дзедам Марозам. І, шчыра кажучы,на прыносіць дзятве не менш радасці.

Загадчыца аўтаклуба аддзела культуры Святлана Карповіч і дырэктар Слабудскага СДК Уладзімір Неміровіч  лічацца самымі вопытнымі Снягуркай і Дзедам Марозам у Пружанскім раёне. У невялікім перапынку паміж ранішнікамі і віншаваннямі дзетак  на да-му яны знайшлі час адказаць на пытанні карэспандэнта. — Паважаныя, раскажыце калі ласка, калі вы ўпершыню пераўвасобіліся?

Снягурка:

— Пачалося ўсё яшчэ ў школе, заўсёды мне давяралі гэтую ролю. А вось у аддзеле культуры працую Снягуркай з 1992 года, пара на пенсію (смяецца).

Дзед Мароз:

— Мая “кар’ера” таксама пачалася ў школьныя гады, працягвалася ў студэнцтве і доўжыцца па сённяшні дзень.

— У вас немалы стаж, а ці змяніліся дзеці? Можа,  дзякуючы тэхнічнаму прагрэсу яны сталі менш даверлівымі?

Снягурка:

— Нам з Дзедам пашанцавала, нас дзеці ведаюць і любяць, вераць гэтак жа,  як многа гадоў назад. А вось з іншымі героямі здараюцца дзіўныя рэчы. Напрыклад, сёлета на адным з ранішнікаў дзеці не пазналі… Чабурашку. Вядучай давялося некалькі мінут тлумачыць, хто гэта такі.

Так, у сённяшніх дзяцей іншыя героі, у асноўным яны зараз прыходзяць з тэлеэкранаў. Вельмі любяць зараз Машу і Мядзведзя. Таму штогод мы мяняем рэпертуар, абнаўляем. Але вера ў Дзеда Мароза – непахісная.

Дзед Мароз:

— Гэтая вера і любоў такая шчырая, што нават сэрца ёкае! Дзятва заўсёды выратоўвае мяне, калі я трапляю ў бяду, абараняе ад Бабы Ягі і іншых нячысцікаў. Дзетсадаўцы не проста ратуюць, выконваюць заданні, яны шкадуюць мяне, супакойваюць.

Вераць у Дзеда Мароза і мае дочкі, якія неаднаразова бачылі мяне ў кажуху і з барадой.

— А ў што вераць Дзед Мароз са Снягуркай?

Разам:

— У казку! Быць Дзедам Марозам і Снягуркай можна толькі ў тым выпадку, калі ты сам верыш у чарадзейства. Калі ты будзеш няшчырым, табе не паверыць нават самае малое дзіця.

Сапраўды, калі мы пераапранаемся і выходзім да дзяцей ці нават да дарослых,  ніякіх сумненняў няма, што мы ствараем казку. Дарыць радасць і ўсмешкі – ці не гэта сапраўднае шчасце?

— І колькі дзяцей вы паспелі ашчаслівіць за святы?

— Мы працавалі з 25 снежня. Правялі 13 «поўнамаштабных» ранішнікаў, а яшчэ мноства віншаванняў на даму. Работа патрабуе велізарнай эмацыянальнай выкладкі, ды і фізічна не вельмі простая.

Ёсць такі акцёрскі жарт: напярэдадні навагодніх свят акцёры адмаўляюцца нават ад кантрактаў з Галівудам.  Але для нас лепшая ўзнагарода – дзіцячыя ўсмешкі, усведамленне таго, што ажыццявіў  чыюсьці мару.

Гутарыла Кацярына Пашкевіч.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *