Воскресенье, 26 сентября 2021

Вопыт і энтузіязм. Больш за 15 гадоў працуюць следчымі Святлана Мікус і Алег Міклашэвіч

733

Яны годна прайшлі шлях прафесійнага станаўлення. А яшчэ ніколі ў жыцці не пашкадавалі, што выбралі менавіта такую жыццёвую дарогу.

Сёння пра следчых Святлану Мікус і Алега Міклашэвіча ведаюць далёка за межамі раёна. На іх раўняецца маладое пакаленне, шчодра дзеляцца вопытам і яны самі.

Алег Аляксандравіч і Святлана Ігнатаўна прыйшлі ў праваахоўныя органы больш за 15 гадоў таму. Следчы па асабліва важных справах падпалкоўнік юстыцыі Алег Міклашэвіч пачынаў службу з пасады ўчастковага міліцыянера. Але ўжо праз паўгода яго перавялі ў следчае аддзяленне РАУС. У ім жа з 2004 года працавала дазнавальнікам Святлана Ігнатаўна. Усё змянілася ў 2012-м, калі ў раёне стварылі райаддзел СК. У гэтым жа годзе абодва супрацоўнікі былі назначаны на пасады старшых следчых.

І Святлана Мікус, і Алег Міклашэвіч выдатна арыентуюцца ў заканадаўчай базе. Здаецца, нават калі падняць іх уначы, з лёгкасцю назавуць артыкулы Крымінальнага кодэксу, па якіх кваліфікуюцца злачынствы. Уласна, працаваць ноччу за дзесяць гадоў таксама даводзілася. Асабліва тады, калі заступалі на сутачнае дзяжурства ў складзе следча-аператыўнай групы. А вось колькі злачынстваў было ў вытворчасці за гэты час – сказаць не бяруцца.

— Кожнае злачынства, нават звычайны крадзеж, вельмі адгукаецца ў сэрцы… Але калі ты прафесійны следчы, то павінен адкідваць эмоцыі і ўключаць розум, да кожнага выпадку падыходзіць адказна і памятаць пра закон, — кажа Святлана Ігнатаўна. – З часам эмоцыі, канечне, сціхаюць. Але гэта не значыць, што нам, следчым, не бывае балюча і страшна. Проста мы імкнёмся дапамагчы і разбіраемся ў фактах.

Дапаўняе калегу Алег Аляксандравіч:
— Таксама следчы павінен быць прынцыповым. А яшчэ не паддавацца ціску як з боку вінаватага, так і пацярпелага. Бадай, галоўнае ў нашай рабоце – паслядоўны аналіз дэталяў, іх супастаўленне. І ўсё гэта трэба рабіць максімальна адказна.

Кіраванне гэтымі прынцыпамі дапамагло Алегу Міклашэвічу стаць у 2014 і 2017 гадах лепшым следчым вобласці. Ёсць у яго скарбонцы медаль «За бездакорную службу» ІІІ ступені, а сёлета дадаўся нагрудны знак Следчага камітэта «За заслугі». Падтрымлівае ў рабоце мужа і жонка Алеся Аляксандраўна, якая працуе побач, у камітэце судовых экспертыз.

Узнагароды за службу ёсць і ў маёра юстыцыі Святланы Мікус. У гэтым годзе Указам Прэзідэнта яна адзначана медалём «За бездакорную службу» ІІІ ступені. А яшчэ менавіта Святлана Ігнатаўна – адна з тых, хто вядзе справу па забойстве Таццяны Аўдзеевай.

Свае веды абодва следчыя перадаюць маладому папаўненню. Алег Аляксандравіч курыруе Ілью Кандрацюка, Святлана Ігнатаўна – Дыяну Кныш. Спалучэнне вопыту і энтузіязму маладых сведчаць толькі пра адно: райаддзел Следчага камітэта будзе развівацца, а яго работнікі — надалей служыць грамадству і закону.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік