Воскресенье, 26 сентября 2021

У раёне назіраецца рост алкагалізацыі насельніцтва. Тлумачым, да якіх наступстваў прыводзіць злоўжыванне алкаголем і дзе прасіць дапамогі ў барацьбе з залежнасцю

904

Аналізуючы статыстыку бягучага года па ўжыванні спіртнога, медыкі б’юць трывогу: сёлета адзначаецца рэзкі рост алкагалізацыі насельніцтва.

Колькі прададзена, столькі і выпіта?
Паводле інфармацыі, прадастаўленай аддзелам эканомікі райвыканкама аб прададзеным алкаголі, уключаючы піва, віно, слабаалкагольныя напоі, гарэлку, каньяк, за першую палову 2021 года па раёне выпіта амаль 175 тысяч літраў абсалютнага алкаголю. Гэта значыць, што на аднаго чалавека прыходзіцца 4,68 л (разлік вядзецца на насельніцтва старэйшае за 15 гадоў). Атрымліваецца, што, пачынаючы з падлеткавага ўзросту, зараз кожны пружанец штотыдзень выпівае амаль 200 грамаў чыстага спірту або бутэльку гарэлкі?

Адзначаецца рост алкагалізацыі насельніцтва: за аналагічны перыяд мінулага года сярэднестатыстычны жыхар раёна выпіў на 300 грамаў абсалютнага спірту менш.

Але гэтая статыстыка ўлічвае толькі той алкаголь, што быў набыты ў магазінах гандлёвых арганізацый раёна.

У аналіз не трапіла спіртное, прывезенае з іншых рэгіёнаў рэспублікі, а таксама самаробныя віны. Ну, і, зразумела, моцныя напоі, якія незаконна вырабляюцца на самагонных апаратах. У той жа час гэтая «рака» вельмі «паўнаводная», магчыма, толькі крыху меншая за тую, што трапляе ў статыстычныя дадзеныя.

Знішчаныя бровары — «вяршыня айсберга»
Як паведамляе начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС П.У.Сандрыгайла, за першае паўгоддзе бягучага года міліцыянерамі было знішчана шэсць самагонных міні-заводаў, больш за паўтары тоны самагону і самагоннай брагі. Пры гэтым лічбы нельга назваць выключнымі, хутчэй за ўсё, праваахоўнікі выкрываюць толькі «вяршыню айсберга».

Хранічныя хваробы і вострыя атручванні
Ёсць і яшчэ больш сумная статыстыка. Як паведамляе галоўны ўрач Пружанскай ЦРБ А.І.Пачынчык, за шэсць месяцаў 2021 года толькі ад выпадковых атручванняў алкаголем у раёне памерла восем чалавек (летась гэтая лічба была ўдвая меншай).

Практычна ўсе памерлыя былі працаздольнага ўзросту, трое афіцыйна працавалі. Шасцёра з трагічнага спісу жылі ў сельскай мясцовасці — на тэрыторыі Пружанскага (1), Ружанскага (2), Ліноўскага (2) і Шарашэўскага (1) сельсаветаў.

Навукоўцы падлічылі, што высокая рызыка развіцця алкагольнай залежнасці ўзнікае:
— для мужчын пры ўжыванні за тыдзень да 15 умоўных адзінак алкаголю (УАА);
— для жанчын пры штотыднёвым ужыванні да 10 УАА.1 УАА = 200 мл піва, або 100 мл віна, або 50 мл моцных напояў.

Смяротная небяспека пагражае тым мужчынам, хто выпівае за тыдзень тры бутэлькі гарэлкі або пяць літраў піва. Для жанчын мяжа пачынаецца з дзвюх бутэлек гарэлкі або трох літраў піва штотыднёва.

Варта заўважыць, што немагчыма дакладна назваць колькасць тых, хто пакутуе ад паталогій, звязаных з ужываннем алкаголю: сардэчна-сасудзістых, страўнікава-кішачных, лёгачных і інш. У першую чаргу, церпяць печань і нервовая сістэма.

Вызначаецца больш за сотню хвароб, звязаных менавіта з алкагалізмам.

На дыспансерным уліку ў псіхіятра-нарколага зараз знаходзіцца 1043 пацыенты, якія злоўжываюць алкаголем. На прафілактычным уліку і адзін падлетак. Урачы першаснага звяна, фельчары ФАПаў актыўна выяўляюць асоб, якія пакутуюць ад алкагольнай залежнасці. Інфармацыя ў пісьмовым выглядзе перадаецца ў наркалагічны кабінет, дзе ўрач-спецыяліст вырашае пытанне аб выкліку пацыента на прыём да нарколага, правядзенне з ім прафілактычнай гутаркі, а пры неабходнасці пастаноўцы на дыспансерны ўлік і прызначэння адпаведнага лячэння.

Чым пагражае падобная сітуацыя?
Сусветная арганізацыя аховы здароўя даўно падлічыла, што дэградацыя нацыі пачынаецца з той адзнакі, калі ўжыванне чыстага (абсалютнага) алкаголю перавышае 8 літраў у год на аднаго чалавека ва ўзросце ад 15 гадоў і старэйшых.

Можна сказаць, што мы ўшчыльную наблізіліся да небяспекі знікнення. Так-так, менавіта знікнення, бо, у першую чаргу, непамернае ўжыванне спіртных напояў разбурае сем’і. Потым заганная звычка скарачае працягласць жыцця гэтага пакалення і шкодзіць здароўю наступнага, што зноў жа прыводзіць да павышанай смяротнасці.

А яшчэ варта ўлічыць, што праваахоўнікі напрамую звязваюць алкаголь з кожным трэцім злачынствам. А ўсе забойствы на тэрыторыі раёна ўчынены толькі пасля «выпітай чаркі».

Падобная сумная статыстыка вядзецца і супрацоўнікамі ДАІ: штогод рэгіструюцца «п’яныя» аварыі, у якіх, здараецца, ёсць загінулыя.

«Сухі закон» у нас ужо быў…
Безумоўна, нельга сцвярджаць, што ва ўсіх праблемах грамадства «вінавата» толькі гарэлка. Як і нельга разлічваць, што сітуацыю паправіць увядзенне «сухога закона». Падобныя этапы жыцця мы некалі праходзілі. І практыка паказала, што абмежаваннем продажу спіртнога сітуацыю змяніць нельга. Напрыклад, зараз не менш горкую статыстыку вядуць у краінах Скандынавіі, дзе ўведзены самыя строгія абмежаванні на рэалізацыю спіртных напояў.

Пераламаць негатыўную тэндэнцыю на дадзеным этапе магчыма толькі прафілактычнымі мерамі. Проста кожны павінен усвядоміць адказнасць за ўласнае жыццё і здароўе, і калі не адмовіцца ад спіртнога, то кантраляваць колькасць яго ўжывання.

Як выказаўся мудрэц Анахарсіс, які жыў у Старажытнай Грэцыі больш за 2 тысячы гадоў таму, «першы бакал віна п’юць за здароўе, другі — дзеля задавальнення, трэці — смелыя, а чацвёрты — дурні».

А яшчэ неабходна «дастукацца да свядомасці» людзей. І не толькі тых, хто пакутуе ад алкагольнай залежнасці, але і хто знаходзіцца побач. Варта задумацца і тым, хто мае хранічных алкаголікаў сярод сваякоў або суседзяў. Лішняя гутарка па душах можа адкрыць чалавеку вочы, наставіць на іншы лад жыцця.

Прасіце дапамогі і атрымаеце!
Пры неабходнасці вялікую дапамогу могуць аказаць медыкі. Напрыклад, у Пружанскім раёне медыцынская дапамога пацыентам, якія маюць залежнасць ад псіхаактыўных рэчываў, у тым ліку і алкаголю, аказваецца:

— стацыянарна па накіраваннях урачоў агульнай практыкі і нарколага ва УАЗ «Брэсцкая абласная псіхіятрычная бальніца «Магілёўцы» і ў абласным наркадыспансеры.
За 6 месяцаў бягучага года дапамогу там атрымала 54 чалавекі. На платнай аснове — у наркалагічным аддзяленні ЦРБ, дзе ёсць два ложкі для аказання наркалагічнай дапамогі. Там пралячылася 12 чалавек;

— амбулаторна ў паліклініцы Пружанскай ЦРБ у наркалагічным кабінеце.
З пачатку 2021 года на добраахвотнай аснове медыцынскую дапамогу атрымала 343 чалавекі.

Злоўжыванне спіртнымі напоямі даўно перастала мець чыста сацыяльны падмурак. Гэта раней лічылася, што чалавек пачынае піць «з гора». Часцей за ўсё, алкагольная залежнасць развіваецца ў тых, хто генетычна схільны да хваробы. Гэта тыя, у каго рэгулярна пілі бацькі, у тым ліку і на вачах дзяцей. Значыць, варта задумацца, што мы пакінем пасля сябе, прыкласці ўсе намаганні для таго, каб наступнае пакаленне не ўспамінала нас нядобрым словам за такую спадчыну.

Падрыхтаваў Алег Сідарэнка. Інфаграфіка Ганны Пацяйчук