Воскресенье, 26 сентября 2021

Працягваем рубрыку «COVID-19: з першых вуснаў». Салістка ансамбля «Амафор» Надзея Шаўчэнка расказала пра тое, як двойчы перанесла хваробу

571

Людзі, якія перанеслі хваробу ў цяжкай форме, працягваюць дзяліцца з чытачамі “раёнкі” сваімі ўражаннямі.

Расказвае Надзея Фёдараўна Шаўчэнка, салістка вакальнага ансамбля «Амафор» Навазасімавіцкага СДК.

— Прызнацца, упершыню з кавідам я сустрэлася яшчэ вясной 2020-га года, напачатку першай яго хвалі.

У той час гэтая тэма не асвятлялася так шырока ў нашых сродках масавай інфармацыі, як цяпер. Пра COVID-19 яшчэ ведалі мала як пацыенты, так і самі ўрачы, пратаколы лячэння пастаянна карэкціраваліся. Я лячылася амбулаторна, хваравіты стан адчувала на працягу некалькіх месяцаў: перыядычна павышалася тэмпература, былі дзіўныя адчуванні ў горле, слабасць, а галоўнае — знікла ўспрыманне пахаў, якое, трэба прызнаць, так цалкам і не аднавілася. Але менавіта тады з’явілася нехарактэрная раней для мяне дэпрэсія. Мне ні з кім не хацелася мець зносінаў, я бегла ад усіх. Калі б не неабходнасць наведваць набажэнствы і спяваць у калектыве, невядома, як доўга цягнуўся б цяжкі маральны стан.

Пасля папраўкі я верыла, што з кавідам пакончана. Ды толькі аслаблены цяжкімі хранічнымі хваробамі, у прыватнасці, цукровым дыябетам, арганізм зноў здаўся перад каранавіруснай інфекцыяй.
Але гэтым разам адчуванні былі іншыя. Вовь яно, каварства кавіду: ніхто не ведае, як ён сябе будзе паводзіць. Яшчэ ўчора, здавалася, было ўсё добра, а сёння — ужо рэанімацыя.

Дзесьці на працягу тыдня я адчувала моцную стамляльнасць і санлівасць. Ні насмарку, ні пяршэння ў горле, ні кашлю не было. Я зноў лячылася дома самастойна: вітаміны, травяныя адвары і парацэтамол пры павышэнні тэмпературы. Але высока тэмпература і не ўздымалася.

А потым рэзка пачала задыхацца. Давялося звярнуцца да ўрача… Вынік тэста — станоўчы, сатурацыя нізкая, на рэнтгенаўскім здымку бачна двухбаковая пнеўманія. Мяне адправілі ў прыёмны пакой нашай бальніцы, а адтуль на машыне хуткай дапамогі павезлі ў інфекцыйнае аддзяленне абласной бальніцы.

Першыя два тыдні, праведзеныя ў рэанімацыі, ішла сапраўдная барацьба паміж жыццём і смерцю. Я знаходзілася амаль у непрытомнасці. Але ўрачы, медсёстры і санітаркі рабілі ўсё магчымае, каб выратаваць мяне і іншых цяжкіх пацыентаў. Дзейнічалі прафесійна, хутка і зладжана. Пастаянныя абследаванні, аналізы і кансіліумы… Ніякіх перабояў з лекамі не здаралася. Людзі ў медыцынскіх “скафандрах”, як воіны дабра змагаліся з нябачным злом, нібы на перадавой, на мяжы сваіх сіл і магчымасцей. Нават праз ахоўныя экраны-шчыткі было відаць, што іх твары пакрыты кроплямі поту.

У бальніцу паступала даволі шмат людзей. І кожнага з іх медыкі падтрымлівалі, як роднага чалавека, здавалася, не пакідаючы для сябе і хвіліны на адпачынак. Былі з намі цярплівымі і ласкавымі, падчас абходу пастаянна супакойвалі, як маленькіх дзяцей, нават па руцэ гладзілі — гэта па-сапраўднаму чалавечае стаўленне кранала да слёз. Урачы ўсялялі веру ў тое, што ты будзеш жыць…

Ведаю, што побач, за шырмамі, пацыентам было яшчэ цяжэй, чым мне: толькі па гуках я здагадвалася, што там працуе ШВЛ. Аднойчы ноччу хтосьці з урачоў каля суседняга ложка ціха сказаў: «Усё»…

Жудасна было і тады, калі нас пераводзілі ў іншы бокс, вызваляючы месца для маленькіх дзяцей. Як аказалася, на кавід хварэюць нават немаўляты…

Ніколі не забуду і той момант, калі мяне перавозілі з рэанімацыі ў палату: урач-рэаніматолаг Раман Васільевіч (шкада, прозвішча не ведаю, але абавязкова даведаюся) на развітанне ўсміхнуўся мне і паціснуў руку, сказаўшы, што ўсё будзе добра…

Але, прызнацца, я была яшчэ вельмі слабая, не магла нават самастойна падняцца з ложка. Вялікі дзякуй адміністрацыі і ўрачам бальніцы, якія вырашылі нават гэтую праблему. Яны дазволілі застацца побач са мной майму мужу, які таксама перанёс каранавірус, але да таго моманту быў ужо выпісаны з бальніцы.

Ніхто не ведае, што нас чакае ў будучыні, як будзе паводзіць сябе гэта інфекцыя. Але ўжо цяпер мне зразумела, што яна вельмі небяспечная сваёй непрадказальнасцю і ўскладненнямі. Я зараз дома, але паказчыкі сатурацыі не ўздымаюцца вышэй за 97, моцная слабасць. Усё яшчэ цяжка дыхаць, таму па рэкамендацыі медыкаў раблю спецыяльную дыхальную гімнастыку.

Звяртаючыся да чытачоў “раёнкі”, хачу сказаць: людзі, беражыце сябе і сваіх блізкіх. Не грэбуйце рэкамендацыямі ўрачоў, насіце маскі, вытрымлівайце сацыяльную дыстанцыю, пазбягайце месцаў збору людзей.

А калі ўжо захварэлі і пераносіце кавід у лёгкай форме, то майце сумленне: аддаляйцеся ад людзей, адыходзьце ўбок. Не ўтойвайце таго, што вы інфіцыраваны. Не бярыце грэх на душу: вам можа быць лёгка, а хтосьці з-за вас загіне…

І заўсёды дзякуйце нашым медыцынскім работнікам. Іх праца яшчэ не ацэнена па заслугах. Калі быць сумленным, то гэта яны, перш за ўсё, а не мы сапраўдная група рызыкі. Кожны дзень, адчуваючы неверагодную вірусную нагрузку, медыкі рызыкуюць. Пакідаюць родных, каб ратаваць чужых лю-дзей, а потым вяртаюцца дадому без сіл. Даруйце ім усе слабасці. Падумаеш, дзесьці не так паглядзелі, не так адказалі, не аказалі належнай, як вам здаецца, увагі. Проста прабачце гэтым анёлам-ахоўнікам… Ім яшчэ столькі давядзецца зрабіць.

Падрыхтавала Алена Зялевіч. Фота аўтара