Четверг, 20 января 2022

Цэнтр, у якім жыве творчасць. Расказваем, якія гурткі прапануе ЦТДМ юным пружанцам у новым навучальным годзе і як на іх запісацца

649

Навучальны год пачаўся не толькі ў агульнаадукацыйных школах. Ідуць ужо заняткі ў музычных, мастацкіх, харэаграфічных класах, запрацавалі розныя гурткі.

Расчыніў гасцінна свае дзверы і цэнтр творчасці дзяцей і моладзі г.Пружаны. Тут шмат цікавага знойдуць для сябе і школьнікі ў пазаўрочны час, і малыя, што толькі мараць навучыцца чытаць і пісаць. Для будучых першакласнікаў ёсць добры памочнік — школа ранняга развіцця, якая зараз вядзе набор новых слухачоў.

Адметна, што ў ЦТДМ займаюцца рознабаковай падрыхтоўкай да школы. У праграму, акрамя стандартных матэматыкі і чытання, уключаны, у прыватнасці, такі цікавы ўрок, як «Гулялачка-развівалачка». На ім вучняў чакаюць рухавыя, ролевыя, пальчыкавыя гульні, а таксама інсцэніроўкі, тэатралізаваныя казкі, галаваломкі і загадкі.

Творчая мінутка.

Яшчэ адна праграма пад назвай «БрытаніНка» дазволіць малым асвоіць асновы англійскай мовы і, безумоўна, выкліча цікавасць да моўнай і культурнай разнастайнасці свету.

Акрамя таго, слухачоў школы ранняга развіцця навучаць прыгожа маляваць, спяваць і наогул усім разам пазнаваць навакольны свет… І дзеці, і іх бацькі атрымаюць магчымасць пасябраваць з жывёламі, якія жывуць у «Жывым кутку» ЦТДМ. А таксама будуць актыўна ўключаны ў творчую дзейнасць і навучацца рабіць падарункі сваімі рукамі.

Зрэшты, паслухайце, што кажуць пра школу ранняга развіцця яе выхаванцы і іх бацькі.

Вольга Магільная і яе сыны Барыс і Косця:
«Гэта наша першая маленькая школа, у якую мы хадзілі з вялікім задавальненнем. Наша настаўніца Алена Аляксееўна Зубко — самая добрая, разумная, уважлівая! Яна ўмее размаўляць з дзецьмі так, што дзіця разумее: я — асоба, мяне чуюць і паважаюць.

Для сыноў заняткі ў школе — сапраўднае свята, своеасаблівы «ласунак для розуму». У іх выпрацавалася ўменне даводзіць пачатую справу да канца, з’явілася жаданне разумовай дзейнасці.

Да кожнага дзіцяці тут знаходзяць індывідуальны падыход, ды і мы, дарослыя, адкрылі для сябе шмат новага і цікавага. А колькі вырабаў за гэты год зрабілі разам! Дзякуй вялікі настаўнікам! Дзякуй ЦТДМ!»

Настаўніца Алена Зубко са сваімі «школьнікамі».

Алена Князева і яе дачка Адэліна:
«Атмасфера ў школе выдатная, мы з вялікім задавальненнем прыязджалі на заняткі. Больш за ўсё нам падабалася, што ў школе падтрымлівалі імкненне да самавыяўлення. Ніхто не прымушаў выканаць заданне па-іншаму.

Я, вядома, не ведаю, якая мая дачка была б без гэтых заняткаў, але многія адзначаюць, што яна не па гадах кемлівая і шмат чаму можа даць тлумачэнне. Я перакананая, што маленькім дзецям карысна наведваць школу ранняга развіцця. Тут яны паступова, па кропельцы, у форме гульні атрымліваюць розныя веды, а значыць, хутчэй адаптуюцца ў сапраўднай школе».

Надзея Мялкоўская і яе сын Андрэй:
«Гэтая школа дазволіла зразумець, што ў майго сына ёсць матэматычныя здольнасці. Настаўніца Іна Паўлаўна Хмялеўская рабіла ўсё магчымае, каб сустрэчы дзяцей з навукамі праходзілі ў неардынарнай форме. Яна не проста навучае чытанню і матэматыцы, але і імкнецца развіваць мысленне, вучыць лагічна думаць. Цяпер Андрэй з цікавасцю рашае нестандартныя задачы, свабодна аперыруе лічбамі. Ён стаў больш уважлівым і назіральным, з задавальненнем «робіць урокі», любіць весці канструктыўныя дыялогі».

Спяшайцеся запісаць сваіх дзетак, не пашкадуеце!

Запіс па тэл. 9-33-50, г.Пружаны, вул. Камсамольская, 1

А 11 верасня, у суботу, цэнтр творчасці дзяцей і моладзі г. Пружаны запрашае на Дзень адчыненых дзвярэй.

Алена Зялевіч