Воскресенье, 26 сентября 2021

Абласныя «Дажынкі-2021» у Лагішыне. Пружанскія аграрыі — сярод лепшых у рэгіёне!

1 228

«Гонар хлебаробам Брэстчыны!». Такія словы шчыра адрасаваў галоўным героям фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2021” старшыня абласнога выканаўчага камітэта Ю.В. Шулейка. Іх прамаўлялі вядучыя і з радасцю паўтаралі ўсе прысутныя.

І менавіта гэтыя словы сталі лейтматывам галоўнага абласнога свята працаўнікоў вёскі, якое ў мінулыя выхадныя прайшло ў Лагішыне, што на Піншчыне.

Гаспадары свята зрабілі ўсё магчымае, каб як след сустрэць і парадаваць гасцей з усіх рэгіёнаў Брэстчыны. Такую гасціннасць дэлегацыя Пружанскага раёна, якую ўзначаліў старшыня райвыканкама Юрый Юр’евіч Бісун, адчула адразу на мяжы Пінскага раёна. Менавіта там са словамі прывітання каравай з мукі новага ўраджаю ўручылі кіраўніку нашага раёна. Варта адзначыць, што сардэчнасць прыёму на пінскай зямлі адчувалася на працягу ўсяго свята: і на святочным кірмашы, і ў горадзе майстроў, і падчас шэсця да галоўнай сцэны гарадскога пасёлка Лагішын, дзе і адбылося ўрачыстае адкрыццё абласнога фестывалю-кірмашу.

Адкрываючы свята хлебаробаў, старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Ю.В.Шулейка ад душы вітаў удзельнікаў і гасцей свята. Самыя шчырыя словы падзякі адрасаваў Юрый Вітольдавіч людзям сельскагаспадарчай працы Брэстчыны, хто ўнёс годны ўклад у абласны каравай. Ён не ўтойваў свайго захаплення шчырымі працаўнікамі вобласці, якімі, як гучна заявіў, ганарыцца.

Губернатар адзначыў, што Брэсцкая вобласць першай завяршыла ўборку хлеба. У караваі рэгіёна больш за 1 мільён 177 тысяч тон збожжа. У сярэднім з кожнага гектара хлебаробы Брэстчыны атрымалі 35 цэнтнераў. І хоць надвор’е дыктавала свае ўмовы, вынік ёсць: Брэстчына стала другой у рэспубліцы па валавым намалоце збожжавых і трэцяй па ўраджайнасці. І дзеля гэтага, па словах старшыні аблвыканкама, сумленна працавалі шматлікія калектывы сельскіх працаўнікоў, сярод якіх толькі камбайнераў налічвалася 2200.

— Я ўдзячны ўсім за работу, — сказаў Ю.В.Шулейка, — і асабліва тым, хто здолеў забяспечыць самыя высокія вынікі і заслужана стаў пераможцам абласнога спаборніцтва.

Салідарнымі са старшынёй аблвыканкама былі і ганаровыя госці. Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Брэсцкай вобласці В.П.Вакульчык і кіраўнік спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, упаўнаважаны прадстаўнік Кіраўніка дзяржавы па Брэсцкай вобласці В.М.Іваноў шчыра віталі сельскіх працаўнікоў Брэстчыны і дзякавалі ім за працу.

Сярод раёнаў, якія забяспечылі самыя высокія паказчыкі тэмпаў росту валавога збору збожжа, пераможцамі сёлета сталі Камянецкі, Жабінкаўскі і Брэсцкі. І хоць нашаму раёну сёлета не ўдалося стаць пераможцам, мы ў ліку раёнаў-лідараў (Баранавіцкі, Камянецкі, Пружанскі), якія намалацілі па 100 тысяч тон збожжа. Каравай Пружаншчыны заважыў больш за 106 тысяч тон пры ўраджайнасці 35,2 цэнтнера з гектара.

Адметна, што сярод пераможцаў абласнога спаборніцтва сярод сельскагаспадарчых арганізацый і ААТ “Велікасельскае Агра”. Гэтае сельгаставарыства (дырэктар В.Л.Севасцьянчык) заняло трэцяе месца ў спаборніцтве па вытворчасці збожжа сярод арганізацый з плошчай сельгасугоддзяў звыш 5 тысяч гектараў.

Па заслужаную ўзнагароду падымаліся на сцэну дырэктар ААТ “Мурава” П.М.Білецкі (сельгаспрадпрыемства, якое ён узначальвае, было адзначана за найвышэйшую ўраджайнасць збожжавых), а таксама дырэктар ААТ “Ружаны-Агра” А.М.Бурдук (сельгаспрадпрыемства з уборачнай плошчай звыш 5 тысяч гектараў, якім ён кіруе, атрымала найвышэйшы валавы збор збожжа).

Высокую ўзнагароду – Падзяку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за сумленную працу калектыву ААТ “Агра-Калядзічы” прымаў дырэктар сельгаспрадпрыемства А.І.Пішч. Адметна, што на трактары “Беларус-1221.3”, які “Агра-Калядзічы” прыняло ў падарунак, там ужо працуюць.

Адметна, што сёлета сярод пераможцаў і прызёраў абласнога спаборніцтва было шмат іншых нашых землякоў. Заслужаную ўзнагароду атрымаў галоўны аграном ААТ “Агра-Калядзічы” Л.У.Чарняк. Таксама за плённую працу былі адзначаны майстар вытворчага навучання Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа А.В.Ніканчук і выкладчык Ю.А.Шабуня, а таксама навучэнцы каледжа Алег Субота, Ілья Ліцкевіч, Арцемій Анаційчук, Дзмітрый Гілеціч.

Ушанавалі на свяце экіпаж збожжаўборачнага камбайна ў складзе бацькі з сынам Пятра і Дзяніса Мартынюкоў з ААТ “Айчына” і старшага камбайнера ААТ “Агра-Калядзічы” В.А.Чэрніка. Падзякай міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь быў адзначаны галоўны аграном ААТ “Радзіма” М.К.Калагрыў. За добрасумленнае партнёрства па выкарыстанні лізінгавай тэхнікі дыпломам быў узнагароджаны дырэктар ААТ “Жураўлінае” Д.М.Якутчык.

Адразу пасля ўрачыстага ўзнагароджання пераможцаў для ўдзельнікаў “Дажынак” быў дадзены цудоўны канцэрт. Працавалі гандлёвыя рады і дзіцячыя пляцоўкі. Ажно да вечара ў Лагішыне гучала музыка, спявалі і танцавалі людзі. Героі свята, якія завяршылі асноўныя сельгасработы, нарэшце змаглі адпачыць, каб набрацца сілы і зноў прыступіць да высакароднай справы – хлеб расціць. А якім будзе наступны ўраджай, даведаемся падчас “Дажынак-2022”, якія прыме гарадскі пасёлак Целяханы Івацэвіцкага раёна.

Галіна Каляда. Фота Кацярыны Масік

Яшчэ больш здымкаў тут: https://ok.ru/budni/album/927131263624