Воскресенье, 26 сентября 2021

А вы былі ў лагеры «Дубок»? Паглядзіце, як весела тут адпачывалі школьнікі раёна

1 788

Лета! Як доўга чакаюць яго і дзеці, і сталыя людзі. А яно пралятае, як пух з дзьмухаўца пад лёгкім подыхам ветрыка. Галоўнае ўлетку — набрацца сіл, загарэць, папоўніць арганізм вітамінамі, прачытаць кнігу, на якую бракавала часу раней, пазнаць нешта новае і зрабіць свае маленькія адкрыцці. Добра ўдвая, калі побач ёсць сябры.

Недалёка ад Пружан размясціўся дзіцячы аздараўленчы лагер «Дубок». Там адпачывалі і ўмацоўвалі здароўе мае дзеці. Доўга сумнявалася, ці варта адпраўляць сыноў: яны ж яшчэ ніколі самі без бацькоў нікуды не выязджалі. Але мы ўлічылі іх пажаданні — і ў выніку перажывалі, тэлефанавалі па некалькі разоў на дзень, хваляваліся і, нарэшце, у выхадны дзень паехалі наведаць дзяцей.

Вароты лагера аказаліся сапраўднымі варотамі ў казку. Так і здавалася, што зараз выйдзе бабуля-казачніца і скажа: «Праходзьце, госці дарагія!»

Прыгожыя, утульныя карпусы, падобныя на казачныя церамкі, дагледжаная тэрыторыя, вялікая спартыўная пляцоўка (каб казачныя рыцары падтрымлівалі форму), дом творчасці, асобна — дошка з інфармацыяй пра мерапрыемствы і дасягненні кожнага атрада… Аказалася, што ў «Дубку» створаны ўсе ўмовы для паўнавартаснага дзіцячага адпачынку. А калі пагутарылі з выхаваль-ніцай, зразумелі, што з нашымі дзецьмі працуюць таленавітыя, творчыя, крэатыўныя, клапатлівыя педагогі.

Малыя некалькі дзён прывыкалі да распарадку жыцця лагера, крыху нудзіліся, але вельмі хутка тэлефонныя паведамленні сталі лаканічнымі: «Не перажывай, усё добра», «Выбачай, у нас мерапрыемства»…

Конкурсы, спаборніцтвы, дыскатэкі – дзятва кожны дзень спазнавала штосьці новае, праяўляла свае таленты, набывала навыкі самастойнасці, адказнасці, вучылася адчуваць плячо сябра і падстаўляць сваё, калі трэба. А колькі з‘явілася новых сяброў!

Жнівень дабягае да фінішу. На старце — верасень. Хутка школьны званок пакліча хлопчыкаў і дзяўчынак у краіну ведаў. Але час, праведзены ў лагеры, як і іншыя ўспаміны лета, застанецца ў памяці надоўга.

Кацярына Масік. Фота аўтара