Пятница, 21 сентября 2018

В Беларуси только 4% отработанного масла регенерируется экологически безопасным способом

1 257

Год назад я купіла машыну. Нядаўна надышоў час замены масла, і знаёмы параіў не звяртацца па дапамогу да спецыялістаў станцый аўтасервісу, а ўсё зрабіць самастойна.

Працэдура, сапраўды, аказалася нескладанай. Але пасля яе правядзення ўзнікла новая праблема: а куды дзяваць «адпрацоўку»? Зноў параілі: зліць у каністру і паставіць у куток гаража.

А ці правільна гэта? Калі назбіраецца некалькі такіх каністраў, то куды іх дзяваць? Нехта падказвае:  выкінуць на сметнік. Але адпрацаванае масла, на маю думку, можа нанесці шкоду навакольнаму асяроддзю…

Святлана, г.Пружаны.

Калі мы правялі невялікае апытанне сярод аўта-аматараў, то прыйшлі да такой жа высновы: што рабіць з адпрацаваным маслам? І пабачылі сваімі вачамі: у нашым райцэнтры ў кожным гаражным масіве можна знайсці нямала масляных плям.

Даказаць, што  гаспадар выліў побач са сваім гаражом «адпрацоўку», немагчыма: у машыне можа здарыцца ўцечка яшчэ «рабочага» змазачнага саставу.

Заклікаць да сумлення ва-дзіцеля смешна, бо кожны робіць так, як яму зручна. Як нам расказалі, некаторыя аўтаўладальнікі выліваюць «адпрацоўку» на дах гаражу: маўляў, яна абараняе жалезнае пакрыццё ад карозіі, а дажджом змываецца, не пакідаючы плямаў. Нехта збірае адпрацаванае масла для таго, каб у будучым апрацоўваць драўляныя канструкцыі. Гэта мае рацыю, бо сумесь знішчае ўсе мікраарганізмы і насякомых, а дрэва потым праслужыць працяглы тэрмін. Нехта спальвае «адпрацоўку» ў печы: лічыцца, што яна гарыць не горш за мазуту.

Аднак падобная «ўтылізацыя» падыходзіць не ўсім, а некаторыя «рэцэпты» яшчэ і небяспечны для экалогіі. Што ж тады рабіць?

А як абыходзяцца з тэхнічнымі масламі станцыі тэхабслугоўвання і аўтапрадпрыемствы?

Спачатку напалохаем..

Як сцвярджаюць практычна ўсе санітарныя спецыялісты, адпрацаванае масла, у залежнасці ад мадыфікацыі, можа ўтрымліваць як простыя вуглевадародныя злучэнні (напрыклад, бензін), так і складаныя араматычныя злучэнні (дыфенілы, трыфенілы), якія з’яўляюцца канцэрагеннымі рэчывамі, правакуючымі ракавыя захворванні, і ўяўляюць вялікую небяспеку для здароўя людзей і навакольнага асяроддзя. У ім могуць быць таксама вуглевадародныя злучэнні, у якія ўвахо-дзяць фтор, хлор, бром, ёд.

Сінтэтычныя адпрацаваныя маслы ўтрымліваюць злучэнні фосфару, серы, нітра-злучэнні вуглевадародаў, сіліконавыя маслы. Гэтыя рэчывы з’яўляюцца атрутай для чалавека. Найбольш вядомыя з іх – поліхлараваныя дыфенілы, тэтрахлорбензілталуол і эфіры фосфарнай кіслаты. Небяспеку, напрыклад, апошняга хімічнага рэчыва можна параўнаць з фунгіцыднымі прэпаратамі для абароны раслін. Яны шкодна ўздзейнічаюць на нервовую сістэму чалавека пры ўдыханні і траплянні ў страўнік. Менавіта з-за гэтага «адпрацоўка»— атрутныя гаручыя рэчывы, якія маюць трэці, найвышэйшы, клас небяспекі.

Адпрацаванае масла аказвае атрутнае і раздражняльнае ўздзеянне на скуру, вочы, слізістую абалонку і дыхальныя шляхі.

У некаторых мадыфікацыях, што шырока выкарыстоўваюцца аўтааматарамі, ёсць цяжкія металы, самыя вядомыя з якіх – свінец, ртуць і кадмій.

Калі былое ў спажыванні маторнае масла трапляе ў глебу або ў  ваду, расліны і жывёлы назапашваюць у сабе цяжкія металы, якія, у выніку, затым спажывае чалавек. Акрамя таго, машынныя маслы ўтрымліваюць вялікую колькасць нафтапрадуктаў. Ачыстка глебы і вады, забруджаных нафтапрадуктамі – працэс вельмі дарагі і доўгі. Найбольшая рызыка для чалавека ўзнікае, калі нафтапрадукты трапляюць у грунтовыя воды, а адтуль – у пітную ваду. Толькі ўявіце, што літр адпрацаванага маторнага масла, вылітага на зямлю, робіць непрыдатнымі ад 100 да 1000 тон грунтовых вод. Па ацэнках эколагаў, больш 40% паверхні вады ў свеце пакрыта ўжо плёнкай адпрацаваных аўтамабільных і авіяцыйных маслаў. І гэта толькі за 100 гадоў аўтамабільнага прагрэсу чалавецтва. Яшчэ праз стагоддзе мы будзем думаць, як ачышчаць ад яго пітную ваду.

Гэтыя адходы жыццядзейнасці чалавека небяспечныя яшчэ і тым, што прырода не можа самастойна справіцца з атрутай. Адпрацаванае масла, калі трапляе ў навакольнае асяроддзе, толькі часткова выдаляецца або абясшкоджваецца ў выніку прыродных працэсаў. Асноўная ж яго частка, назапашваючыся, прыводзіць да парушэння ўзнаўлення птушак, рыб і жывёлы, аказвае шкоднае ўздзеянне на чалавека.

Паводле патрабаванняў прыродаахоўнага заканадаўства нашай краіны, першасны збор такіх адходаў павінен ажыццяўляцца асобна ад іншых у спецыяльна прызначаныя ёмістасці.

А праблема ж сусветная!

Штогод у свеце спажываецца каля 50 мільёнаў тон маторных маслаў. Як гэта ні сумна, але толькі чвэрць з іх выкарыстоўваецца паўторна, падвяргаецца ўтылізацыі або спальваецца. Астатняе зліваецца ў вадаёмы, глебу, каналізацыю, распыляецца ў атмасферы. Гэта велізарная экалагічная праблема, яна датычыцца кожнага з нас.

Толькі ў Беларусі спажыванне розных машынных маслаў складае каля паўмільёна тон у год. Аднак, па падліках эколагаў, толькі 4% ад гэтай колькасці перапрацоўваецца і рэгенеруецца экалагічна бяспечным спосабам. Астатняе ў лепшым выпадку спальваецца, у горшым – проста выліваецца ў навакольнае асяроддзе. Утылізацыя ад-працаваных мінеральных і сінтэтычных маслаў – вялікая праблема. Тое ж тычыцца і нашага райцэнтра. Кожны аўтааматар адзін-два разы на год мяняе масла ў сваёй машыне. У выніку збіраецца не менш пяці літраў «адпрацоўкі», а ў глабальных маштабах, зыходзячы з колькасці аўтатранспарту ў нашым раёне, — то гэта больш за 100 тон.

Як вырашаюць гэту праблему ў Еўропе? На сённяшні дзень працэс збору і перапрацоўкі адпрацаванага масла ў Еўрасаюзе кантралюецца асобнай дырэктывай па ўтылізацыі такіх адходаў і складаецца са збору, транспарціроўкі, перапрацоўкі, у тым ліку рэгенерацыі і захавання «адпрацоўкі». У гэтым дакуменце маслы разглядаюцца як прадукты, якія могуць быць выкарыстаны паўторна. Пры гэтым да нядаўняга часу вялікая частка сабранага адпрацаванага масла ў ЕС выкарыстоўвалася ў якасці паліва. Пасля ўвядзення дадатковых мер па падтрыманні прадпрыемстваў па рэгенерацыі —субсідыі, аблегчанае падаткаабкладанне і іншых — у такіх краінах, як Германія, Бельгія і Італія, больш паловы адпрацаванага масла ад аб’ёмаў збору стала перапрацоўвацца з мэтай атрымання рэгенераваных базавых маслаў.

Устаноўлена, што рэгенерацыя дазваляе на выхадзе атрымліваць змазачнае рэчыва са спажывецкімі ўласцівасцямі, ідэнтычнымі зыходнаму прадукту, у аб’ёме ад 80 да 90 працэнтаў ад першапачатковых вартасцей.

Чым мы горшыя за Еўропу?

Сапраўды, нічым. А значыць, і для нас адпрацаванае машыннае масла можа быць крыніцай папаўнення імпартуемых энерганосьбітаў. Гэтак жа, як другасная сыравіна, металалом або макулатура. Такім чынам, праблема збору і ўтылізацыі адпрацаваных нафтапрадуктаў з’яўляецца для нашай рэспублікі актуальнай. А як сведчаць эканамісты, больш таго, рэнтабельнай і навукаёмістай галіной, бо пры правільнай арганізацыі працэсу рэгенерацыі кошт адноўленых маслаў на 40-70% ніжэй цэн новавырабленых прадуктаў пры практычна аднолькавай якасці.

Буйное аўтатранспартнае прадпрыемства «Аўтапарк №11» збірае адпрацаваную змазачную вадкасць у спецыяльныя падземныя рэзервуары. Калі назапашваецца аб’ём, дастатковы для напаўнення бензавоза, рыхтуецца спецмашына, якая адвозіць «адпрацоўку» на прадпрыемства «Кобрыннафтапрадукт». Такім чынам за год адвозіцца 5-6 тон масла. За што, як гаворыць галоўны інжынер аўтапарка А.С.Бельскі, яшчэ і плацяць. Іншыя ўмовы партнёрства заключылі Пружанскія электрасеткі і мінская фірма ТДА «Акса». Як расказвае намеснік па камерцыйных пытаннях Ю.Т.Русецкі, штогод на шэрагу агрэгатаў даводзіцца рабіць замену спецыяльнага масла. Яго збіраецца таксама каля пяці тон. Па дамоўленасці партнёры прадастаўляюць спецыяльныя ёмістасці для збору «адпрацоўкі» і забіраюць сабранае сваім транспартам. І таксама плацяць грошы.

Але гэты тычыцца толькі буйных прадпрыемстваў. Пэўная частка «аматарскіх» маслаў збіраецца на станцыях аўтасэрвісу. Знаёмы прадпрымальнік расказаў «па сакрэту», што робяць з «адпрацоўкай» на яго СТА. Паводле патрабаванняў прыродаахоўнага заканадаўства, ён павінен збіраць адпрацаванае масла і таксама адвозіць у Кобрын. Але за год на станцыі назапашваецца максімум 50 літраў. І дзеля іх ехаць за 50 км? Зразумела, што так ніхто не робіць. Захоўваць вадкасць на станцыі экалагічная інспекцыя забараняе і штрафуе парушальнікаў.

— Таму мы бясплатна аддаем усім жадаючым: каму апрацаваць дошкі для падлогі, каму плот або металічныя вароты абараніць ад карозіі,— расказвае ўладальнік СТА.

Хаця ў беларускім сегменце інтэрнэта шмат прапаноў наконт закупу змазачных сродкаў, якія ўжо былі ў спажыванні. І ў нас можна было б арганізаваць такі збор. Як расказвае дырэктар ТДА «Акса» Г.І.Шыкаловіч, гэта справа даволі рэнтабельная. Нягледзячы на адлегласць да сталіцы, дзе знаходзіцца база таварыства, іх транспарт пастаянна прыязджае на Брэстчыну: тут заключаны дамовы на закуп «адпрацоўкі» з «Брэстгазаапаратам» і іншымі буйнымі прамысловымі прадпрыемствамі. Для чаго ў арганізацыі ёсць свой транспарт.

— І калі ў вашым райцэнтры здолелі б арганізаваць такі збор, то абавязкова прыехалі і да вас,— паведамляе Георгій Ільіч.— Для нас рэнтабельна, калі трэба забіраць ад тоны і больш.

Такая паслуга была б запатрабавана і ў станцый тэхабслугоўвання. Як зазначыў мой знаёмы, прадпрымальнікі з ахвотай здавалі б «адпрацоўку» нават бясплатна, за спецыяльную адзнаку для экалагічнай інспекцыі.

Другі лёс адпрацаванага машыннага масла мае шмат варыянтаў: яно можа ўжывацца ў якасці пячнога паліва або для выпуску жалезабетонных вырабаў і канструкцый. Можа «адпрацоўка» выкарыстоўвацца пасля папярэдняй ачысткі і для змазвання розных вузлоў і агрэгатаў, для кансервавання вырабаў з металу, пры правядзенні гідраізаляцыйных работ і рамонце дарожнага палатна, дзе нярэдка патрэбна сумесь бітуму з адпрацаваным маслам.

Напрыклад, у Турцыі ёсць печкі, якімі абаграваюць вытворчыя памяшканні — звычайныя «буржуйкі»— якія распальваюць з дапамогай адпрацаванага масла.

Відавочна, што спосабаў шмат і некаторыя з іх актыўна прымяняюцца ў нашай краіне. Вось толькі Пружаны чамусьці адстаюць ад прагрэсу…

Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *