Воскресенье, 26 сентября 2021

Дарога да храма. Выхаванцы сацыяльна-педагагічнага цэнтра наведалі Жыровіцкі манастыр

1 586

Сонца зазірала ў вокны спальні, дзе яшчэ сонныя дзеці збіраліся ў вандроўку. З хваляваннем чакалі яны экскурсію, таму што паездка мелася быць незвычайнай. Ля варот прытулку дзяцей чакала «Газель» з утульнымі дзіцячымі крэсламі. Усю дарогу малыя разглядалі пейзажы за акенцамі, раз-пораз гучала пытанне: «А ці хутка прыедзем?»

І вось удалечыні паказаліся купалы Жыровіцкага манастыра. Дзеці з цікавасцю і захапленнем разглядалі велічныя будынкі. З малітвай ступілі на тэрыторыю святыні. Семінарыст Кірыл сустрэў нас цікавым аповедам пра манастыр. Дзеці ўважліва слухалі гісторыю пра велізарны звон, падораны да 500-годдзя манастыра. Ад Яўленской царквы перайшлі да Крыжаўзвіжанскай, у якой, паднімаючыся па прыступках, па традыцыі, імкнуліся на кожнай прамаўляць: «Госпадзі, памілуй!»

Вялікую цікавасць выклікалі старажытныя абразы. Затым мы падыйшлі да пахаваных за царквой ушанаваных старцаў. Схілілі галовы ля магілы Мітрапаліта Філарэта. Не хацелася ні размаўляць, ні пытаць. Моўчкі ўшанавалі памяць тых, хто сваё жыццё прысвяціў служэнню Богу і людзям. З хваляваннем дзеці ставілі свечкі да Жыровіцкага абраза Божай Маці. Стоячы на каленях, кожны маліўся, як мог. У кожнага з гэтых дзяцей свой сардэчны боль, свая трывога і… падзяка Богу. Пасля акунання ў святую крыніцу, здавалася, палова праблем знікла, узняўся настрой — і мы працягнулі шлях.

Царква Свята-Зосіма-Савацьеўскага манастыра велічна і ганарліва сустрэла дзяцей. Малыя шырока раскрытымі вачыма глядзелі на магутныя сцены манастыра шырынёй з метр і асцярожна ішлі па выбрукаваных каменем сцяжынках. Смачным аказаўся манастырскі пачастунак: травяны чай, выпечаны рукамі манахаў хлеб і, падарунак ад іх пчолак — мёд.

Дарога назад ужо здалася кароткай, бо дзеці дзяліліся сваімі ўражаннямі.

Апякун прытулку ў пасёлку Сонечны айцец Вячаслаў Левы заўсёды надае шмат увагі і часу выхаванцам, імкнецца чымсьці здзівіць дзяцей. Вось і на гэты раз дапамог выхаванцам прасякнуцца светлымі пачуццямі, дакрануцца да праваслаўных святынь. Хочацца верыць, што вандраванне запомніцца дзецям надоўга, што кожны з іх знойдзе (ці ўжо знайшоў) сваю дарогу да храма!

Таццяна Ерафеева, Людміла Шустал, выхавальнікі прытулку