Воскресенье, 26 сентября 2021

Спартыўны дух і ўзнагарода ад самога канцлера. «Кубак Ружанскага замка» выйграў ФК «Альберцін» са Слоніма

1 818

Спартыўныя турніры, у якіх нейкая арганізацыя разыгрывае свой кубак, даволі распаўсюджаныя ў свеце. Але каб за спартыўны трафей прапаноўваў пазмагацца замкавы комплекс і, больш за тое, сам канцлер Леў Сапега? Такога чуць не даводзілася.

З арыгінальнай ідэяй выступіла Асацыяцыя «Беларуская федэрацыя футбола». У мінулую суботу на стадыёне непадалёк ад палацавага комплексу роду Сапегаў прайшоў футбольны турнір «Кубак Ружанскага замка».

Падзея стала сапраўдным святам для жыхароў і гасцей пасёлка. Спаборніцтвы – частка праекта «Футбольнае падарожжа па Беларусі», які федэрацыя арганізавала з нагоды 110-годдзя беларускага футбола. Мэта пачынання грандыёзная: не проста прыцягненне ўвагі да гульні, але і папулярызацыя культурна-гістарычных каштоўнасцей Беларусі. Таму ўдвая прыемна, што менавіта «Кубак Ружанскага замка» — першы турнір у рамках гэтага праекта. Правесці яго ў гарадскім пасёлку, як аказалася, прапанаваў Ігар Шамяцюк, спецыяліст АБФФ, які нарадзіўся ў Ружанах.

Удзельнікаў турніру гас-цінна вітаў сам гаспадар палаца, канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега. Да сустрэчы гасцей ён падрыхтаваўся старанна: на тэрыторыі комплексу арганізавалі гульнёвыя зоны, можна было набыць марожанае і піражкі і… сустрэць легендарнага цёзку канцлера варатара Льва Яшына, прычым залатога. Зразумела, у гэтым вобразе быў аніматар. А яго калега прадстаўляў робата-трансформера — гусара Рэчы Паспалітай!

На тэрыторыі палаца Сапегаў адбылося ўрачыстае адкрыццё, удзел у якім прыняў старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец. А далей дзейства перамясцілася на стадыён побач. Удзельнікамі першага «Кубка Ружанскага замка» стала восем каманд, якія падзялілі на два дывізіёна. У першым пад назвай «Канцлер» змагаліся клубы «Чэстар» з Ружан, «Дыпламат» са сталіцы, «Альберцін» са Слоніма і «Леганэс» з Пружан. Другі дывізіён меў назву «Гетман» і аб’яднаў таксама чатыры каманды: «Ваўкавыск», «Ружаны», «Мухавец» (г.Пружаны) і «Селявічы» (Слонімскі раён).

У выніку напружаных паядынкаў, якія праходзілі на працягу ўсяго дня, мацнейшымі аказаліся ФК «Альберцін» і «Леганэс». У фінальным паядынку слонімскія футбалісты разграмілі пружанцаў з лікам 2:0. Яны ж і атрымалі кубак турніру з рук сям‘і Сапегаў. Трэцяе месца таксама ў пружанскай каманды – ФК «Мухавец».

Арганізатарамі турніру ў Ружанах выступілі АБФФ і Пружанскі райвыканкам. У сваю чаргу, федэрацыя плануе не спыняцца, і абяцае, што хутка варта чакаць навін пра новыя «замкавыя» турніры.

Вікторыя Шаманава, дырэктар РФСК «Мухавец».

Фота аўтара і з групы ФК «Пружаны».